Интервью с новым руководителем ПМК-70 С. Б. Тюриным

Актуалии Экономика

“У будаўніцтве не навічок,  хаця прыйшоў у нялёгкі час…”
Сяргея Барысавіча Цюрына ў раёне ведаюць добра. У свой час ён працаваў прарабам у калгасе імя Леніна, вёў будаўніцтва ў райспажыўтаварыстве, апошнія пяць гадоў узначальваў фірму “Кансультант”. Перад прызначэннем на новую, больш адказную пасаду. Сёння  С. Б. Цюрын на чале ПМК-70, дзе  звыш 200 чалавек.
— Не вагаліся, калі паступіла такая прапанова?
— А што вагацца: не святыя ж гаршкі лепяць. Ды і вопыт: больш за 30 гадоў у будаўніцтве. Таму палічыў за гонар узначаліць такі буйны калектыў. Для мяне ПМК-70 — прадпрыемства не чужое: “Кансультант” вёў субпадрадныя работы па аддзелцы, а ПМК-70 было генпадрадчыкам.
— Якое ваша першае ўражанне ад сітуацыі на прадпрыемстве — эканамічнай, маральна-псіхалагічнай?
— А што ўражанне? Трэба працаваць. Прыйшоў, праўда, на пасаду ў нялёгкі час, аднак гэта не можа бянтэжыць. Нялёгка было і майму папярэд-ніку, Алегу Пятровічу Быкаву.
— Сяргей Барысавіч, раскажыце пра тое, як плануеце закончыць год 2011-ы.
— Пад дах падвялі жыллёвы кааператыў, што ў мікрараёне СШ № 2, будзем здаваць яго ў наступным годзе. Пад здачу рыхтуем кааператыў на 32 кватэры ў Обалі. Там працуе комплексная брыгада Валерыя Чарвянкова. Фарсіруем будаўніцтва, вядзём яго ў дзве змены. У хуткім часе, хутчэй за ўсё да пачатку стойлавага перыяду жывёлы намераны здаць у Амбросавічах ферму. Тут  актыўна вядзецца рэканструкцыя з дабудовай, людзі працуюць да сямі вечара. А ёсць выпрацоўка — будзе годная зарплата. Дарэчы, рабочыя так і просяць: толькі б быў фронт работ, была б забяспечанасць матэрыяламі. Каб не прастойваць. Акрамя гэтага, чакаюць здачы жылыя дамы ў вёсцы Сіроціна, у аграгарадках Крывое Сяло,  Амбросавічы. Каб пазбегнуць нечаканасцей, праводзім штодзённыя пасяджэнні штаба па здачы ў строй аб’ектаў.
— Якія ж праблемы ў арганізацыі працы будаўнікоў?
— Нялёгка з пастаўкамі. Асабліва з завода ЖБВ і з цэментам. Папярэдняя аплата — гэта закон. Але ж і пасля гэтага, напрыклад, вагоны цэменту трэба чакаць 10-12 дзён. Асабліва напружана з уцяпляльнікам. Застаўся адзін завод, у Гомелі, які выпускае такую прадукцыю. Праплацілі, а чакаць даводзіцца па 3-4 месяцы, пакуль прыйдзе наша чарга па выкананні заяўкі. Узгадняем планы, карэкціруем, звязваемся з праектантамі.
— Але ж па жалезабетонных вырабах, наколькі мне вядома, многае вы робіце самі…
— Так. Перамычкі, бардзюры, іншыя вырабы малых форм на прадпрыемстве выпускаем. Аднак у нас не дазваляюць тэхнічныя магчымасці вырабляць самім 6-мятровыя пліты.
— Ці адчуваеце кадравую “ліхаманку”?
— Не. Прафесіяналы застаюцца, ну а моладзь… Ёсць хлопцы перакаці-поле, а ёсць сур’ёзныя, для іх ПМК-70 — не пусты гук: тут працавалі іх бацькі. Такія застаюцца і працуюць, набіраюцца вопыту і майстэрства. Зарплата ў сярэднім па прадпрыемстве за ліпень перавысіла 1,5 мільёна рублёў, хаця яна на нейкі час “застыла”. Тарыфы засталіся, а калі выпрацоўка высокая, то і зарплата будзе саліднай.
— Ці рэнтабельнае прадпрыемства ПМК-70?
— За мінулы год было прыбытковым, ёсць прыбыткі і за шэсць месяцаў сёлета. Як закончым год — пакажа час. Ведаеце ж, што падаражання квадратнага метра жылля не будзе, а выдаткі (цэны ж на будматэрыялы растуць) лягуць цяжарам на  прадпрыемства. Разумеем, што Беларусь — сацыяльна арыентаваная краіна, а людзі жывуць беднавата. Больш таго, за выкананыя аб’ёмы работ на ўзвядзенні жылля на сяле нам запазычылі 497 мільёнаў рублёў. Тым не менш разлічваем на прымальныя здабыткі па выніках за 2011 год.
Мікалай МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *