Результаты областной предметной олимпиады – 5 дипломов в копилку района привезли шумилинские школьники

Актуалии Образование

Ёсць вынікі, ёсць задзел на будучыню
Выступленні вучняў на прадметных алімпіядах – адзін з крытэрыяў ацэнкі работы школы. Падрыхтаваць вучня да высокага алімпіяднага ўзроўню – няпростая задача для настаўніка. Тым больш прыемна, калі твае вучні пастаянна выступаюць паспяхова. Гэта гонар і слава настаўніка, паказчык высокага ўзроўню ягонай работы. Ды і школьнікам паказаць свае веды, параўнаць свае магчымасці з лепшымі ў рэспубліцы вучнямі, паспаборнічаць з імі  — пачэсна. Да таго ж, магчымасцяў для гэтага сёлета стала больш.  Прадметныя алімпіяды на ўсіх ўзроўнях праходзяць па-новаму, яны больш працяглыя па часе, што дае магчымасць вучням выступіць па некалькіх прадметах.
На мінулым тыдні завяршыўся абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Шумілінская каманда прадоўжыла з 2007-2008 навучальнага года паспяховую серыю выступленняў. У раённую каманду ўваходзіла сёлета 20 вучняў, з якіх трое выступалі па двух прадметах. Яны заваявалі 5 дыпломаў: адзін другой ступені і чатыры – трэцяй.
Варта адзначыць поспех маладога настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Шумілінскай СШ №1 Сяргея Яўгенавіча Сахончыка. Тры дыпломы трэцяй ступені на рахунку ягоных вучняў: па гісторыі — Аляксея Бурлакова (10 клас), па грамадазнаўству — Таццяны Долгай (11 клас) і Андрэя Казараўца (10 клас).
Дыплом другой ступені па матэматыцы заваявала Дзіяна Байдакова (8 клас, СШ №1). Яе настаўніца, Ніна Уладзіміраўна Лузгіна, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і амаль штогод рыхтуе прызёраў раённага і абласнога ўзроўняў.
Дыплом трэцяй ступені па рускай мове і літаратуры на рахунку гімназісткі Анастасіі Сцепаненка (10 клас), якую падрыхтавала Вольга Мікалаеўна Бяляева.
Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Л. У. Маладзечкіна, барацьба была няпростая. Высокую планку прымусілі трымаць як вельмі складаныя заданні, так і высокі ўзровень сапернікаў з іншых раёнаў вобласці. Калі ў мінулыя гады дыплом атрымлівалі пры ўмове выканання 50—60% алімпіядных заданняў, то сёлета і 70-працэнтны ўзровень не стаў гарантыяй прызавога месца. Так, літаральна аднаго бала не хапіла да прызавога месца Цішурову Аляксею (10 клас, СШ №1, матэматыка), 66% алімпіяднага задання выканала Макоўская Марыя (10 клас, Обальская СШ, працоўнае навучанне). Па 56% на рахунку дзевяцікласніц (абе-дзьве па працоўным навучанні) Баранавай Ірыны (СШ №1) і Сідзяхінай Ула-дзіславы (Обальская СШ) і дзесяцікласніц з гімназіі  Каваленка Юліі (беларуская мова і літаратура), Сцепаненка Анастасіі (нямецкая мова). І гэта – сведчанне нядрэннага патэнцыялу шумілінскіх настаўнікаў і вучняў і залог поспеху ў будучым.
Пасля аналізу вынікаў абласнога этапу будзе сфарміравана каманда вобласці “на рэспубліку”. Пакуль невядома, ці трапяць ў яе нашы вучні. Пажадаем жа ім залічэння ў абласную каманду і поспеху на рэспубліканскім узроўні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №11 ад 11.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *