Спорт как увлечение и профессия

Мир увлечений Молодёжь Спорт, туризм

“Каб галаву не адбілі, трэба галавой думаць”
У мінулым годзе студэнт другога курса факультэта фізічнага выхавання Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Алег Прыгун выйграў кубак Беларусі па кікбоксінгу, стаў прызёрам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па вавінам в’ет во дао, рукапашнаму бою, тайскаму боксу, ушу.
“Са школы палюбіў спорт, фізкультуру, — расказвае Алег. – Як толькі была вольная хвіліна, адразу  бег на стадыён ці ў спартыўную залу. Зразумела, што тут вялікая заслуга майго настаўніка фізкультуры Ю. М. Мясаедава. Юрый Мікалаевіч стаў для мяне першым трэнерам, менавіта ён заклаў асновы для далейшага спартыўнага росту”.
Праўда, Алег у школе не змог вызначыцца з відам спорту.  У нейкі час сур’ёзна  займаўся і біятлонам, дзе паказваў годныя вынікі. Але адчуваў, што гэта не яго, таму праз некалькі месяцаў кінуў біятлон. А вось футбол яму па душы, з 11 класа гуляе за ФК “Шуміліна”.
Свой від спорту Алег знайшоў, калі стаў студэнтам ВДУ. «Дома вельмі часта баксіраваў грушу, – успамінае хлопец. – Ва універсітэце прапанавалі займацца кікбоксінгам».
І хлопец захварэў на кікбоксінг. Штодзённыя трэніроўкі. Фізічная падрыхтоўка, вынослівасць, прага перамогі – тыя якасці, якімі падкупляе трэнераў Алег. Першыя вынікі прыйшлі даволі хутка: праз пару месяцаў трэніровак Прыгун стаў бронзавым прызёрам першынства вобласці па кікбоксінгу.
“Свой першы бой на рынгу добра памятаю, – узгадвае Алег. – Хваляваўся, а ў вушах стаялі словы трэнера:  “Каб галаву не адбілі, трэба галавой думаць”. Страх прайшоў адразу. Секунд пяць – і ты ў форме. Адчуваеш саперніка і робіш тое, чаму вучылі на трэніроўках”.
Турніраў па кікбоксінгу не так шмат. А спартыўнаму вопыту трэба набірацца, таму Алег выступае ў іншых кантактных відах спорту – ушу, тайскім боксе, вавінам в’ет во дао, рукапашным баі.
Зараз Алег Прыгун рыхтуецца да чэмпіянату Беларусі па кікбоксінгу, які пройдзе ў лютым. Рыхтуецца ўпарта і сур’ёзна, бо добра разумее, што перамога ў чэмпіянаце адкрые яму дарогу ў нацыянальную зборную Беларусі. Спарынг-партнёр у яго на трэніроўках  – бронзавы прызёр чэмпіянату свету па кікбоксінгу Яўген Гушчанка. Так што кожны трэніровачны бой у Алега становіцца сапраўднай школай вопыту. А гэта вельмі важна для  дасягнення выніку.
Надрукавана ў №5 ад 21.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *