В закупке молока от населения лидирует Николаевский сельсовет

Актуалии Сельское хозяйство

У лідарах – гаспадары Мікалаёўшчыны
Па аб’ёмах закупленага малака з прыватных падворкаў за мінулы год нязменным лідарам застаецца Мікалаёўскі сельсавет. Адсюль, па падліках інспектара па нарыхтоўках райсельгасхарчу Алены Загацкай, здадзена дзяржаве   373,4 тоны малака.
Вясковыя гаспадары Мікалаёўшчыны трымаюць на сваіх падворках каля сотні кароў.  “67 з іх на падворках гаспадароў, якія  пражываюць на тэрыторыі КУСГП “Ульскі”, – кажа старшыня Мікалаёўскага сельвыканкама У. А. Сядлоўскі. – А ў Кардоне трымаюць 33 каровы. Тут нямала і маладых сем’яў, якія трымаюць падсобную гаспадарку”.
Сярод лепшых малаказдатчыкаў  у бухгалтэрыі КУСГП “Ульскі” нам назвалі Галіну Арлюкевіч і Асю Храмцову з Лявонава, Валянціну Ігнаценкаву з Кардона. І ў іншых вёсках Мікалаёўшчыны ёсць гаспадарлівыя сем’і, якія трымаюць па некалькі кароў. Напрыклад,  Уладзімір Лінкевіч з Мікалаёва і Пётр Гушча з Дубравы трымаюць па дзесяць кароў, Валянціна Сініцкая з Макракоў – дзевяць, Ала Асмалоўская з Андрэева – пяць. Па дзве каровы на падворках Веранікі Шуняковай з Дубравы,  Сяргея Дубко з Андрэева, Марыны Кралько з Мікалаёва, Галіны Бужынскай з Тарасёнкаў, Уладзіміра Шнітко з Камачына і іншых.
Амаль тры гады запар збіраў малако на Мікалаёўшчыне прадпрымальнік Уладзімір Бужынскі. “Трэба аддаць яму належнае – прывучыў людзей да парадку, – лічыць У. А. Сядлоўскі. – І ў апошні час ніхто з вяскоўцаў не хітраваў, не спрабаваў разбавіць малако вадой. Таму і тлустасць добрая: 3,6 – 4,2. Гэтую планку стараемся трымаць і цяпер, калі у нас цэнтравываз малака. Пакуль усё атрымліваецца. Да нас прыязджае і лабарант, які на месцы правярае якасць малака”.
Кіраўнікі КУСГП “Ульскі” і СФГ “Раднік” заўсёды ідуць насустрач  вяскоўцам, калі, скажам, тыя хочуць купіць у гаспадарцы цялушку ці карову, дапамагаюць з сенам. Але жадаючых нямнога.
У СФГ “Раднік” прадалі ў мінулым годзе сваім работнікам дзве каровы, прычым, у растэрміноўку. “Гаспадарка прывозіць сена не толькі на падворкі малаказдатчыкаў, – кажа намеснік кіраўніка СФГ “Раднік” А. Э. Драп. –  Мы не забываемся і пра тых, хто трымае авечак ці коз”.
Атрымліваюць дапамогу і тыя, хто пайшоў на заслужаны адпачынак. “Пенсіянеры аддалі калгасу большую частку свайго жыцця – кажа в. а. дырэктара КУСГП “Ульскі” В. У. Лабейка. – Мы з задавальненнем ідзём насустрач нашым ветэранам працы, якія хочуць купіць карову ці абмяняць яе”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №5 ад 21.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *