Мишневичи давно не собирали такое количество зрителей и болельщиков

Молодёжь Сельское хозяйство Спорт, туризм

Свята па-мішневіцку
Адметным стаў вечар пятніцы ў аграгарадку Мішневічы: тут ладзілася спартыўнае свята “Лета – пара спартыўная”. Трэба было бачыць, як адзін за адным ішлі на школьны стадыён мясцовыя жыхары, сярод якіх багата было маладых сямей і дзяцей. Наогул, такой вялікай колькасці гледачоў даўно не збіралі спартыўныя мерапрыемствы.
Адкрыла спартыўнае свята старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Галіна Зязюлька, якая пажадала ўдзельнікам яркіх выступленняў, а гледачам – пазітыўных эмоцый.
У спартыўным свяце бралі ўдзел мясцовая каманда, яе гучна падтрымлівалі мішневіцкія заўзятары, сярод якіх быў і дырэктар Мішневіцкай школы Пётр Спірыдонаў, каманда з аграгарадка Слабада – удзельнікі папярэдняга спартыўнага свята “Лета – пара спартыўная”,  якія з задавальненнем прынялі прапанову паспаборнічаць у Мішневічах, і шумілінская каманда. Судзілі спаборніцтвы старшыня ФСК “Здароўе” Інэса Прасветава і настаўнік фізкультуры Мішневіцкай СШ Браніслаў Ільясевіч.
Адкрылі спартыўную праграму скачкі ў даўжыню. Як сказалі пасля скачкоў удзельнікі, прыемна выступаць, калі цябе падтрымлівае столькі заўзятараў. Падцягванне, кіданне мабільнага тэлефона, эстафета на хадулях – усё прайшло відовішчна.  Спартсмены-ўдзельнікі змаглі зарадзіць спартыўным настроем усіх прысутных: і вось ужо адны кідаюць тэлефон, другія  спрабуюць хадзіць на хадулях, а дзетвара паказвае свае ўменні на перакладзіне.
Шмат інтарэсу выклікала і гульнявая частка свята. Дырэктар КУСГП “Мішневічы” Міхаіл Цікавенка як мог падтрымліваў сваіх футбалістаў, здавалася, што яшчэ крыху і ён сам  выйдзе на поле. Толькі вось дырэктарская дапамога не спатрэбілася мішневіцкім хлопцам, якія атрымалі перамогі ва ўсіх матчах. Бескампрамісна прайшоў стрытбол.
Завяршала спартыўнае свята валейбольная сустрэча “Мішневічы” – “Шуміліна”. Мішневіцкая каманда гатова была даць сур’ёзны бой шумілінцам, але ж як было супрацьстаяць Антону Сушынскаму і Антону Сіліну, Уладзіславу Шэкіну і Андрэю Іванову, Мікіту Паўлікаву і Ільі Шніпаву – валейбалістам, якія неаднаразова перамагалі ў рэспубліканскіх і абласных спаборніцтвах. Затое за шчасце было малым пагуляць у адной камандзе з такімі валейбалістамі.
Тры гадзіны праляцелі як адно імгненне, шумілінская і слабадская каманды выязджалі дадому, а мішневіцкая каманда і балельшчыкі яшчэ доўга не разыходзіліся са стадыёна, абмяркоўвалі свае выступленні і сцвярджалі, што да наступнай сустрэчы яшчэ больш падрыхтуюцца. А каб гэтага дамагчыся, абяцалі, больш часу праводзіць на стадыёне.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №62 ад 09.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *