65 исполнителей из 11 районов области пели песни наших отцов в агрогородке Никитиха

Актуалии Культура Молодёжь Общество

Спяваем песні нашых бацькоў

Выступает кватрет из Шумилино

Лаўжанскі сельскі Цэнтр культуры і вольнага часу атрымаў статус мадэльнай установы. Гэта вельмі пачэсна, але разам з тым ускладае на ўстанову вялікую адказнасць, трэба ўсямерна адпавядаць высокаму ўзроўню арганізацыі як раённых, так і абласных мерапрыемстваў. І думаецца, што гэта атрымліваецца. У аўторак тут на высокім узроўні прайшоў занальны тур абласнога конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў”. Дарэчы, занальны тур абласнога конкурсу наш раён прымаў упершыню.
Да нас у госці прыехалі 65 асобных выканаўцаў і груп з 11 раёнаў вобласці, а таксама з Віцебска і Оршы. Абласны конкурс “Песні юнацтва нашых бацькоў” – адзін з найбольш папулярных на Віцебшчыне. Перамога на гэтым конкурсе – вялікае дасягненне ў творчасці артыста. Журы было прадстаўнічае, у складзе яго працавалі салістка абласной філармоніі  А. А. Новікава, пераможца рэспубліканскага конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю” Дзяніс Ліс, дацэнт кафедры музыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта В. А. Дамарацкі.
На ўрачыстым адкрыцці фэсту старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая ўзначальвала журы, адзначыла: “Сімвалічна, што занальны тур праходзіць 15 лютага, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. І гэта накладвае асаблівы гонар і адказнасць на канкурсантаў”. Ірына Мікалаеўна выказала ўпэўненасць, што на конкурсе атрымаюць перамогу яе вялікасць Песня і Творчасць.
“Песні юнацтва нашых бацькоў” – конкурс з амаль дваццацігадовай гісторыяй, —  адзначыў начальнік аддзела па справах моладзі аблвыканкама В. В. Кунашка. Ён выказаў упэўненасць, што конкурс стане для некаторых трамплінам да прафесійнай сцэны”.
І вось конкурс пачаўся. Сапраўдная музычная феерыя, калейдаскоп песень. Розныя манеры выканання і розныя жанры. На сцэне ў гэты дзень гучала і папулярная музыка, і класічны рок, і джаз, і блюз, і рамантычныя рокавыя балады… І кожная песня знаёмая, хітовая. Знайшлося месца ў рэпертуары канкурсантаў і беларускамоўным кампазіцыям: неаднойчы гучалі са сцэны “Слуцкія ткачыхі” і “Жураўлі на Палессе ляцяць”.
Прыемна адзначыць, што годна глядзеліся канкурсанты з нашага раёна. Парадаваў сваім майстэрствам квартэт у складзе Валерыя Дарзнека, Яўгена Казлова, Андрэя Краўцова і Аляксея Шчарбакова (мастацкі кіраўнік Н. В. Філіпава), яны акапэльна выканалі патрыятычную песню “Кожны чацвёрты”.
Багата сабраў апладысментаў саліст з Мікіціхі Сяргей Караткевіч (мастацкі кіраўнік С. А. Усава), яго “Волагду” спявалі ўсёй залай. Добра выступілі Ірына Салаўёва (мастацкі кіраўнік Л. В. Паўлаў) і Маргарыта Шарстнёва (мастацкі кіраўнік А. М. Сініцкая).
Вялікі шанс прыняць удзел у фінале конкурсу, які пройдзе ў пачатку сакавіка ў Оршы, у нашага квартэта і Сяргея Караткевіча.
“Занальны тур прайшоў на высокім узроўні, арганізацыя мерапрыемства, можна сказаць, бездакорная, — падсумавала начальнік аддзела культуры і мастацтва ўпраўлення культуры аблвыканкама Г. Ф. Баркевіч. – Ды і канкурсантам спадабалася тут выступаць, бо і сцэна сучасная, і гледачы зацікаўленыя”. А яшчэ Галіна Фёдараўна папрасіла на старонках раённай газеты падзякаваць за работу на мерапрыемстве гукааператарам Юрыю Раманаву і Леаніду Паўлаву.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №13 ад 18.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *