Пациенты молодого фельшера из Язвино благодарят своего медика за заботу

Здоровье Молодёжь Общество

І вочы пацыентаў свецяцца ўдзячнасцю
У рэдакцыю патэлефанавалі жыхары вёскі Язвіна, якія расказалі пра  ўважлівага і добразычлівага фельчара мясцовага ФАПа Наталлю Кухарэнка, прасілі напісаць пра яе ў раённую газету.  Кіраўніцтва райбальніцы таксама ацаніла маладога фельчара як стараннага работніка.
І вось мы адчыняем дзверы Язвінскага ФАПа. На прыёме ў фельчара – апошні пацыент. Пенсіянерка, якая выходзіць з кабінета, гучна кажа:
– Дзякуй, Наташачка. Буду лячыцца. А праз ты-дзень зноў прыйду.
– Выздараўлівайце, –  ветліва кажа ў адказ фельчар.
На сёння пацыенты (іх было ўсяго дзесяць) скончыліся. Цяпер засталося аформіць дакументацыю, а потым – на выклікі. Іх у гэты дзень было два: у Язвіне і ва Ужляціне.
Пытаюся, ці цяжка працаваць маладому спецыялісту на вёсцы. “Не, не вельмі. Думала, што цяжэй будзе, – усміхаецца дзяўчына. – Пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага каледжа  выбрала Язвіна: тут жывуць бацькі, тут я ўсіх ведаю і ведаюць мяне. Да таго ж, мне вельмі дапамагаюць старэйшыя калегі: участак курыруе ўчастковы тэрапеўт А. Г. Віеру, часта на ФАП прыязджае раённы педыятр Л. В. Суханава. Кожны аўторак езджу на медсавет у раённую бальніцу.  Мне як маладому спецыялісту заўсёды ідуць насустрач”.
Федьчарска-акушэрскі пункт на вёсцы – гэта як міні-паліклініка і міні-аптэка. Сюды ідуць на прыём, на розныя працэдуры, спяшаюцца, каб купіць неабходныя лякарствы ці заказаць іх фельчару, каб у наступны раз прывезла з райцэнтра. “Прызнацца, не думала раней, што фельчар – гэта не толькі доктар, але і псіхолаг, – усміхаецца Наталля. – Часта бабуля, якая выклікае на дом з-за вялікага ціску, просіць пагаварыць з ёй, абмеркаваць раённыя навіны. Выслухоўваю, падбадзёрваю, і вочы пацыентаў свецяцца ўдзячнасцю”.
Наталля Кухарэнка, якая працуе на ФАПе з паўгода, абслугоўвае чатыры вёскі: Язвіна, Ужляціна, Завяззе і Мазекі. На ўчастку налічваецца больш за чатырыста чалавек, амаль палова з іх – людзі сталага ўзросту.
Да аддаленых вёсак Наталля  дабіраецца на веласіпедзе. “Галоўны прынцып маёй работы, як і ў кожнага медыка, – “не нашкодзь”. Адчуваю сябе шчаслівым чалавекам, калі адыходжу з выкліку  з пачуццём, што дапамагла, заспакоіла, зняла боль, угаварыла лячыцца”.
Па падліках Наталлі, да вясковага фельчара часцей звяртаюцца пенсіянеры, а таксама дзеці. З тэмпературай ці шышкай на ілбе школьнікі часта прыбягаюць на ФАП. Ды і Наталля часта наведвае школу, якая знаходзіцца непадалёк, то з прафілактычнымі гутаркамі, то з прышчэпкамі.
Вядома, у маладога фельчара Наталлі Кухарэнкі няма яшчэ вялікага жыццёвага вопыту і медыцынскага стажу. Гэта будзе пазней. А сёння ёсць галоўнае: жаданне працаваць, папаўняць і ўдасканальваць свае веды , дапамагаць людзям.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №97 ад 16.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *