Шумилинские мастера побывали на Купалье в Александрии

Актуалии Культура Общество

“Александрыя збірае сяброў”
Так называецца свята, якое ўжо чацвёрты год праводзіцца на Купалле ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Гэтае свята ператварылася ў падзею рэспубліканскага маштабу. Штогод на Купалле ў родную вёску прыязджае Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Гонарам паўдзельнічаць у святочным фэсце лічаць лепшыя фальклорныя калектывы Беларусі. На “Александрыйскі кірмаш” з’язджаюцца майстры народных рамёстваў з розных рэгіёнаў нашай краіны. Правесці купальскую ноч ў беларускай вёсцы прыязджаюць не толькі беларусы, але і шматлікія турысты з Расіі, Украіны, іншых краін. Сёлета ўдзельнікамі свята сталі больш за 62 тысячы чалавек.
Народныя калектывы і майстры з Шумілінскага раёна – абавязковыя ўдзельнікі Купалля ў Александрыі. Сёлета запрашэнне правесці купальскую ноч на беразе Дняпра атрымалі народны клуб беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” пад кіраўніцтвам Валянціны Навіцкай, майстры з шумілінскага Дома рамёстваў Наталля Сцержанкова, Вольга Загвоздава, Вера Кавалёнак, Яўгенія Болахава. Музычнае суправаджэнне забяспечваў Анатоль Міхееў.
“Гэтае свята пакідае незабыўныя ўражанні, — гаворыць В. Г. Навіцкая. – У Александрыі прадстаўлены практычна поўны зрэз рэгіянальнага фальклору і народных рамёстваў усёй Беларусі. Таму кожны майстар, кожны калектыў знаходзіць сваіх прыхільнікаў. Людзі імкнуцца да новага, да таго, што адрозніваецца ад звычнага. Таму, напрыклад, вырабы шумілінскіх майстроў карысталіся асаблівай папулярнасцю ў магіляўчан, жыхароў іншых рэгіёнаў нашай краіны, расійскіх турыстаў. Ганчарныя вырабы, вырабы з саломкі разышліся “на ўра”. Традыцыйнай любоўю карысталіся і нашы шумілінскія лялькі-грэлкі.
Па-за канкурэнцыяй быў і самапечаны хлеб, які “Разынка” прапаноўвае падчас выязных мерапрыемстваў – ён разляцеўся за першыя паўгадзіны. Незвычайны смак, выгляд прыцягваюць увагу, многія просяць падзяліцца старажытнымі рэцэптамі хлеба. Ёсць нават і пастаянныя аматары, якія падыходзяць да нас менавіта за гэтым прысмакам – дамашнім чорным хлебам”.
Завітаў да шумілінцаў і міністр культуры Беларусі Б. У. Святлоў (на здымку). Яму ўручылі шумілінскі каравай, частавалі рознымі прысмакамі.
Наогул, цікаўнасць да нацыянальнага, да таго, што ідзе з глыбінь вякоў – яна, напэўна захоўваецца ў крыві, на генетычным узроўні. Таму і цягне да свайго беларускага – ў адзенні, ежы, цацках, сувенірах.
Але адпачынак – гэта для турыстаў і гледачоў. “Для нас свята – гэта ў першую чаргу работа. 25 гадзін на нагах – 6 ліпеня з 14.00, усю ноч і дзень 7 ліпеня – забаўлялі ўдзельнікаў свята. Але мы не скардзімся, бо гэта для нас прывычна, ды і ўражанні застаюцца вельмі яркія і прыемныя,” – кажа  Валянціна Георгіеўна.
Гутарыў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №54 ад 12.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *