25 января — Татьянин день

Общество

Дык вось, яе завуць Таццяна…
Таццяна. Гэтае імя нязменна выклікае ў падсвядомасці вобраз лірычны, рамантычны, нават узвышаны. Тут, канешне, А. С. Пушкін пастараўся, падарыўшы свету вобраз Таццяны Ларынай. Варта прызнаць, што ў сучасных бацькоў гэтае імя не карыстаецца асаблівай папулярнасцю, але яшчэ зусім нядаўна свая Таццяна была амаль у кожным класе. 25 студзеня адзначаецца Таццянін дзень, таму мы вырашылі высветліць, якія яны, Таццяны, пра што думаюць, аб чым мараць. Так склалася, што ўсе нашы чароўныя госці аказаліся да таго ж яшчэ і Таццянамі Пятроўнамі.

Т. П. Русакова, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа:
– Навошта ствараць сям’ю?
– А як без гэтага? Сям’я, дзеці, унукі, клопат адно аб адным – гэта такія натуральныя чалавечыя каштоўнасці, над неабходнасцю якіх нават і не задумваешся. Гэта само сабой павінна быць. А інакш не будзе шчасця. Жанчына абавязкова павінна быць запатрабаванай, што б там ні казалі.
– Вы згодны з выразам: “Раўнуе – значыць, любіць”?
– Ні ў якім разе. Прабачце, але гэта – дурасць. Больш таго, я ўпэўнена, што ўсё якраз наадварот: раўнівец не проста не паважае жанчыну, якая побач, а і не любіць яе.
– А Таццянін дзень адзначаеце?
– Заўжды абавязкова адзначаю гэты дзень разам з сяброўкай. Ведаеце, у нашым родзе шмат Таццян у кожным пакаленні. Я ж, расказвалі, калі нарадзілася, то мама мяне тыдні два Зояй называла. Потым сабраўся сямейны савет (а ў маёй бабулі было пяцёра сясцёр, і ўсе жылі ў адной вёсцы), і пастанавіў: ну, што за імя такое – Зоя, няхай будзе Таняй. Так я Таняй і засталася і вельмі гэтаму рада.

Т. П. Прэснякова, начальнік райаддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва:
– Што такое жаночая мудрасць?
– Жаночая мудрасць у тым, каб слухаць мужчыну, але рабіць усё па-свойму. Як у народзе кажуць: жанчына – шыя, а мужчына – галава. Але прыходзіць гэта мудрасць толькі з узростам.
–А што адчуваеш, калі закахаешся?
– Гэта самыя неверагодныя адчуванні. Ты проста пачынаеш дыхаць адным дыханнем з тым, каго кахаеш. І закахацца можна ў любым узросце, але пачуццё ўжо будзе праяўляцца па-рознаму. І гэта выдатна.
– Вы будзеце добрай свякроўю?
– Ва ўсялякім разе я буду вельмі старацца. Тут галоўнае – не жыць разам з маладой сям’ёй і не ўмешвацца ў іх узаемаадносіны.

Т. П. Дзіковіч, намеснік дырэктара СШ №2 Шуміліна:
– Якой павінна быць жанчына?
– Прыгожай. Канешне, усе мы розныя, у кожнай свае ўяўленні на гэты конт, але калі ўжо нарадзілася жанчынай, то ты проста абавязана рабіць свет  прыгажэйшым, лепшым і больш гарманічным. Думаю, гэта ўнутраная патрэба кожнай прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.
– Вы пра што-небудзь марыце перад сном?
– Канешне, як, думаю, і кожная жанчына. Але гэта асабістае, жаноцкае, пра што не хочацца гаварыць.
–  Што можа выклікаць у вас слёзы?
– Многае можа. Бывае плачаш і ад радасці, ад замілавання. Гэта адно, гэта добрыя пачуцці. Самае горкае – слёзы ад крыўды, несправядлівасці.

Т. П. Каласкова, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дзяцей і моладзі:
– Што для вас самае галоўнае ў жыцці?
– Не ведаю нават, што вызначыць. Напэўна, усё ж – добрыя адносіны паміж людзьмі, чалавечнасць, узаемаразуменне. На гэтым фундаменце можна што захочаш пабудаваць.
– А што значыць – быць жанчынай?
– Кахаць, і каб цябе кахалі – усё проста. У такой сітуацыі жанчына абавязкова будзе шчаслівай і зможа ашчаслівіць тых, хто побач.
– А што вас натхняе?
– Дзеці мяне натхняюць. І свае, і тыя, што прыходзяць да мяне на аб’яднанне – усе. Калі бачыш іхныя цікаўныя вочы, адчуваеш тую неверагодную энергетыку, якая ад іх ідзе, – можна горы звярнуць.
Надрукаваныя ў №6 ад 24.01.2014 г.

Ці можна заводзіць свіней?
У сувязі з пагрозай афрыканскай чумы многія гаспадары вымушаны былі пазбавіцца ад свіней на ўласным падворку. Гэта было сапраўднай трагедыяй. І сёння яны цікавяцца, калі ж можна будзе зноў заводзіць свіней?
Пытанне мы адрасавалі галоўнаму ветурачу раёна І. У. Галузу.
“Рашэнне аб зняцці каранціну ў раёне яшчэ не прынята, – кажа Іван Уладзіміравіч. – Па ўсяму бачна, яно будзе не раней лета, бо наш раён знаходзіцца ў першай небяспечнай зоне. Таму рэкамендуем усім жыхарам раёна пакуль утрымацца ад пакупкі парасят. Асабліва асцярожнымі трэба быць тым, хто жыве ў пяцікіламетровай зоне ад свінагадоўчага комплексу – жыхарам Добрына, Залужжа, Бываліна, Сіроціна, Зямцоў, Ласвіцкіх, Юрава і Крыцкіх”.
Па словах вядучага ўрача-эпізаатолага райветстанцыі Д. У. Даніловіча, у раёне летась не было зарэгістравана класічных выпадкаў афрыканскай чумы. Але ж яна ёсць у суседніх раёнах, таму на Шуміліншчыне праводзіцца шмат прафілактычных мерапрыемстваў. Сярод такіх – адстрэл дзікоў.           Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукаваныя ў №6 ад 24.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *