В президиуме районного Совета депутатов: профилактике правонарушений — особое внимание

Актуалии Общество Президент

Важнае звяно ў ланцугу
Прафілактыка — працэс не аднаго дня і, хутчэй за ўсё, пакуль даможашся патрэбнага плёну, патраціш не адзін мільён нервовых клетак, спішаш не адзін стос паперы на папярэджанні, позвы і пратаколы. Усё адно тая сістэма прафілактычных мер, якая накіравана на выхаванне дэбашыра і п’яніцы, злодзея і абібокі, не заўсёды эфектыўная, і ў многім таму, што на мясцовыя органы ўлады перакладзены ў гэтым плане непасільны цяжар клопатаў. Аб тым, што гэта так, гаварыў у сваім дакладзе на пасяджэнні прэзідыума райсавета старшыня Светласельскага сельскага Савета дэпутатаў В. В. Шчарбакоў. Ён прывёў цікавую статыстыку: на тэрыторыі сельсавета патрабуюць прафілактычнай работы (угаворы, пераконванні, павучанні, пагрозы, штрафы) недзе 190 чалавек —  кожны дзесяты. А ў дадатак так званыя абавязаныя асобы. Адсюль прапанова Віктара Вікенцьевіча — перанесці цяжар гэтай работы на самі калектывы, дзе працуе той ці іншы “герой”.
Выступіў на пасяджэнні прэзідыума начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі. У тым, што менш стала ў раёне  цяжкіх злачынстваў, немалая заслуга прафілактыкі. Гэта тое звяно, за якое выцягваецца  ўвесь ланцуг па рабоце ў злачынным асяроддзі. Але прафілактыка павінна браць адлік адтуль, дзе чалавек працуе, дзе ёсць нямала выхаваўчых інстытутаў (прафкамы, жаночыя саветы, пярвічка БРСМ, савет прафілактыкі, таварыскія суды і інш.). Тут больш рэальна адкрыць Дошку ганьбы, вывешваць плакаты, шаржы, а прафілактычныя праборкі можна пераносіць на фермы і ў брыгады.
Збіраюць на савет прафілактыкі “герояў”, прызналася намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “АграБаравінка” П. З. Шалюта, але адзін раз на квартал. “Трэба штомесячна, — пераканана старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая вяла пасяджэнне прэзідыума, — інакш не будзе аператыўнасці.”
У выхаваўчай рабоце са “спецкантынгентам” у сельсавеце істотная роля адводзіцца ўчастковаму інспектару. На жаль, доўгі час застаецца вакантнай пасада ўчастковага ў Светласельскім сельсавеце. А ўвогуле “паўпрэд” ад РАУС на тэрыторыі пэўнага сельсавета павінен вытрымліваць, нягледзячы на ўсю загружанасць і іншыя прафесійныя абавязкі, графікі прыёму грамадзян па асабістых пытаннях.
Прэзідыум прыняў па азначанай тэме разгорнутае рашэнне.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №83 ад 28.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *