На заседании райисполкома

Актуалии Президент

Бяспека і правапарадак
24 студзеня прайшло чарговае пасяджэнне райвыканкама. Пасяджэнне правёў першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В. Ц. Мянькоў. Гаварылі пра рэалізацыю Дырэктывы Прэзідэнта Беларусі №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, у прыватнасці, аб захаванні пажарнай бяспекі на вытворчых аб’ектах, аб’ектах сацыяльнай сферы і жыллёвага фонду раёна.
За мінулы год, расказаў першы намеснік начальніка РАНС А. І. Сасновіч, у раёне здарылася 30 пажараў, загінулі 2 чалавекі (Каўлякоўскі і Светласельскі сельсаветы), што ў тры з паловай раза менш, чым у 2012 годзе. Матэрыяльны ўрон перавысіў 377 мільёнаў рублёў, агнём знішчана 14 пабудоў і тры адзінкі тэхнікі. РАНС удалося выратаваць 44 пабудовы, дзве адзінкі тэхнікі і матэрыяльных каштоўнасцяў больш як на 400 мільёнаў.
Спецыялісты аддзела па надзвычайных сітуацыях лічаць, што пажары на вытворчасці здараюцца з-за незахавання правілаў пажарнай бяспекі, адсутнасці належнага кантролю з боку кіраўнікоў прадпрыемстваў. У выніку праверак у мінулым годзе да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 230 чалавек (у два разы больш, чым летась),  з іх – 43 кіраўнікі. Такія меры дазволілі ў 2013 годзе пазбегнуць пажараў на аб’ектах сельскай гаспадаркі і сацыяльнай  сферы. Трывогу выклікае супрацьпажарны стан льнозавода. Андрэй Іванавіч агучыў канкрэтныя меры, якія неабходна правесці на гэтым прадпрыемстве. На тэрыторыі раёна размешчана 35 аб’ектаў з масавым і кругласутачным знаходжаннем людзей, 26 з якіх  неабходна абсталяваць пажарнай сігналізацыяй.
Асабліва востра стаіць праблема ўзнікнення пажараў і гібелі людзей у жылым фондзе, дзе летась адбылося 26 з 30 пажараў. Прычына – зняважлівае стаўленне людзей да ўласнай бяспекі, лічаць выратавальнікі. Гібель адбылася ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём, найперш курэння ў нецвярозым стане. Акрамя пажараў, выратавальнікі 83 разы выязджалі па выкліках з прычыны загарання смецця, ежы, пакінутай на пліце без нагляду, з іншай нагоды. У пытаннях прафілактыкі спецыялісты РАНС цесна супрацоўнічаюць з сельвыканкамамі. Пастаянна арганізуюць рэйды, наведваюць домаўладанні, праводзяць гутаркі з людзьмі. Асаблівая роля належыць назіральным камісіям сельвыканкамаў. Лепшымі па выніках раённага агляду супрацьпажарнага стану жылых дамоў былі прызнаны назіральныя камісіі Сіроцінскага і Мішневіцкага сельвыканкамаў.
Райвыканкам звярнуў увагу на тое, што РАНС на асабліва пільным кантролі трэба трымаць аб’екты жылога фонду, дзе патэнцыяльна можа здарыцца пажар, могуць загінуць людзі.
Таксама ішла гаворка аб выкананні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў на тэрыторыі Шумілінскага раёна”.  Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама В. В. Мядзвецкі адзначыў, што летась удалося не дапусціць рост агульнай злачыннасці, значна знізіць злачыннасць па лініі крымінальнага вышуку. У 2013 годзе было зарэгістравана 260 злачынстваў (136 злачынстваў на 10 тысяч насельніцтва). Раскрыццё  – 65,5%. Узрасла з 13 да 21 колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Як і ў 2012 годзе, у раёне здзейснены тры забойствы (Светласельскі (1) і Дабейскі (2) сельвыканкамы). З 4 да 6 павялічылася колькасць прычынення наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Узбуджана шэсць крымінальных спраў па незаконным абароце зброі і боепрыпасаў, учынены адзін крадзеж у буйным памеры, адно наўмыснае знішчэнне маёмасці (падпал павільёна “Прыдарожны”), адно асабліва злоснае хуліганства плюс тры ўгоны аўтатранспарта.
Вадзім Вадзімавіч  засяродзіў увагу на тым, што паўплываць на крымінальную сітуацыю ў раёне можа толькі зладжаная работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі – адна міліцыя ніколі не справіцца. Ён настойваў на тым, каб у магазінах райспажыўтаварыства былі ўстаноўлены камеры відэаназірання, каб ПМК-70 прадугледзела ахову сваіх будаўнічых аб’ектаў, каб кіраўнікі прадпрыемстваў пастаянна звярталі ўвагу работнікаў на неабходнасць больш клапаціцца пра захаванне сваёй маёмасці і бяспекі. Заклікаў праяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Самая вялікая праблема на сёння – недахоп участковых інспектараў, тое, што людзі ў пагонах на тэрыторыі сельскіх саветаў з’яўляюцца не так часта, як гэтага патрабуе жыццё. На гэта звяртала асаблівую ўвагу старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Магчымасць выказацца была прадастаўлена кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, старшыням сельскіх Саветаў, дзе ёсць праблемы па ўзнятых пытаннях.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *