Как Екатерина II Шумилинщину посещала…

Край шумілінскі

Кацярына II у дарожным касцюме

“Кацярынінскі тракт”, ці па слядах імператрыцы
Расійская імператрыца Кацярына II пакінула ў гісторыі адметны след.  У часы яе праўлення праводзіліся многія рэформы і ператварэнні. Легендамі і міфамі ахутаны многія падзеі з яе жыцця і нават тое, што да самой імператрыцы не мае ніякага дачынення. Але мы будзем гаварыць пра дарогі.
Задума Пятра I арганізаваць сетку добраўпарадкаваных дарог і рэгулярную паштовую сувязь была здзейснена толькі ў часы Кацярыны II. Сама імператрыца таксама вяла даволі актыўнае жыццё  і шмат падарожнічала. За 34 гады праўлення яна зрабіла 7 вялікіх падарожжаў па Расійскай імперыі, не лічачы паездак у Маскву. Пры яе праўленні была створана сістэма дзяржаўных паштовых трактаў,  пабудаваны паштовыя станцыі, дзе можна было адпачыць, змяніць коней, адправіць пошту, наладжана рэгулярная паштовая сувязь. У народзе звязвалі такія дарогі з імем імператрыцы. Таму ў розных кутках былой Расійскай імперыі існуюць  “Кацярынінскія тракты”.
Ёсць “Кацярынінскі тракт” і ў Шумілінскім раёне. Цяпер гэтая дарога праходзіць па самых “мядзведжых кутах”. Здаецца, што кіраўніцу вялікай імперыі сюды нішто не магло занесці, а тыя паданні, што перадаюцца сярод мясцовых жыхароў, – гэта не больш чым паўзабытыя фантазіі і імкненне дакрануцца да вялікіх асоб. Але не ўсё так проста.
Дарога, што ішла ўздоўж Дзвіны ад Віцебска да Полацка, існуе на старажытных картах Вялікага княства Літоўскага, і яна з’яўлялася часткай міжнароднага шляху з Масквы да Рыгі з адгалінаваннем на Мінск і Варшаву. Гісторыкі лічаць, што існавала яна яшчэ ў часы Полацкага княства.
Пасля далучэння Усходняй Беларусі да Расіі паводле першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе дарога набыла новае жыццё. Была праведзена рэканструкцыя, па ўзбочынах дарогі пасаджаны бярозы і дубы, якія месцамі (па ўспамінах старажылаў) захаваліся да Вялікай Айчыннай вайны. Праз кожныя 20-30 вёрст былі пабудаваны паштовыя станцыі (у Сосніцы Полацкага раёна, Астраўлянах, Дубовіках, Курылаўшчыне і Старым Сяле Віцебскага раёна), наладжаны рэгулярны рух коннай пошты. Паштовая станцыя ў Курылаўшчыне стала вузлавой – ад яе адыхо-дзіла дарога на Бешанковічы і Лепель. Толькі будаўніцтва чыгункі, якая зрэзала пятлю Заходняй Дзвіны і злучыла на Віцебскі і Полацкі напрамкі, змясціла асноўныя транспартныя і паштовыя шляхі. Дарога згубіла сваё значэнне і паступова прыйшла ў заняпад.
А “кацярынінскім” гэты шлях стаў у канцы XVIII стагоддзя. У 1780 годзе Кацярына II вырашыла правесці інспекцыю нованабытых тэрыторый – Полацкага і Магілёўскага намесніцтваў. Захаваўся дзённік падарожжа, які вёў камер-фур’ер імператрыцы А. А. Безбародка.  Імператарская рэвізія прадугледжвала наведванне пяці губерняў (намесніцтваў) – Пскоўскай, Полацкай, Магілёўскай, Смаленскай і Наўгародскай. Падарожжа рыхтавалася вельмі старанна прыкладна за год. Як сказана ў «Дневной записке путешествия Ея Императорского Величества через Псков и Полоцк в Могилёв, а оттуда через Смоленск и Новгород», «…от господ генерал-губернаторов и правящих тут должностей заблаговременно учинены были надлежащие приготовления: поставления на каждой станции по четыреста пятьдесят лошадей, приведение в наилучшую исправность дорог и мостов, построения на станциях дворцов и назначение особ, от обществ дворянских выбранных, на каждую станцию, для достодолжного принятия Ея Величества…».

Дарожная карэта Кацярыны II

Мэтаў у падарожжа было некалькі. Па-першае, імператрыца хацела пазнаёміцца з набытымі тэрыторыямі і населенымі пунктамі, вывучыць стан кіравання, азнаёміцца з ходам адміністрацыйнай рэформы і генеральнага межавання.
Па-другое, гэта была дэманстрацыя мясцоваму насельніцтву манаршага бляску і міласці. У кожным горадзе праводзіліся ўрачыстыя (з царкоўнымі званамі, гарматнымі салютамі) сустрэчы і провады, феерверкі, царкоўныя службы, маскарады, балі, абеды. Кацярына сустракалася з мясцовым дваранствам, купецтвам, мяшчанамі, трымала справаздачу чыноўнікаў аб становішчы на падведамасных тэрыторыях. Яна наведвала ўсе славутыя мясціны, храмы, манастыры, шмат ахвяравала на школы, цэрквы, багадзельні.
Па трэцяе, Кацярына дэманстравала Рэчы Паспалітай і еўрапейскім дзяржавам, што набытыя землі канчаткова сталі расійскімі. А таксама ў Магілёве была запланавана сустрэча з графам Фалькенштайнам (аўстрыйскім імператарам Іосіфам II, які інкогніта наведаў Расію).
У суправаджэнні вялізнай світы, замежных паслоў, з вайсковым эскортам імператрыца выехала  з Царскага Сяла 9 мая. Праз Нарву і Гдоў імператрыца прыбыла ў Пскоў. 16 мая праз Остраў і Апочку выехалі ў Полацк. 18 мая на мяжы полацкага намесніцтва яе сустракаў Беларускі генерал-губернатар генерал-фельмаршал і граф З. Р. Чарнышоў, губернскі прадвадзіцель дваранства Корф, кіраўніцтва Себежскага павета. На паштовай станцыі Далосцы імператрыцу сустракаў полацкі намеснік І. М. Рэ-біндэр з губернскімі чыноўнікамі. 19 мая правіцельніца прыбыла ў Полацк, дзе правяла два дні. Кацярына II ахвяравала Багаяўленскаму манастыру 500 рублёў, 200 рублёў на гімназію, на 11 гарадскіх (павятовых) школ па 100 рублёў кожнай, 24 багадзельням па 50 рублёў, 160 жабракам па два рублі, манашкам (сёстрам міласэрнасці) – 200 рублёў, 2 праваслаўным манастырам па 200 рублёў і 23 праваслаўным цэрквам па 100 рублёў.
22 мая ў 8 гадзін раніцы імператрыца адправілася далей. Да бліжэйшай паштовай станцыі (Сосніца) яе суправаджала полацкае дваранства, далей картэж адправіўся ў звычайным складзе. Першы прыпынак быў на станцыі Астраўляне (не існуе, была каля вёскі Шашы), дзе прыпыніліся на сняданак. На станцыі Дубовікі (цяпер вёска Слабада Мікалаёўскага сельсавета) памянялі коней. На наступнай паштовай станцыі – Курылаўшчыне – адбыўся абед, тут жа імператрыцу чакалі прадстаўнікі віцебскага дваранства і кіраўніцтва Віцебска. Далей шлях ляжаў праз Кулякі (Каўлякі) і Улазавічы да пераправы праз Заходнюю Дзвіну ў Будзілаве.
Імператрыца развіталася з кіраўніцтвам Полацкага намесніцтва і на шлюпцы пераправілася на левы бераг, дзе яе чакалі магілёўскі намеснік генерал П. Б. Пасек і кіраўнікі Сенненскага павета. Пасля адпачынку ў Гняздзілавіцкім палацы (цяпер вёска Гняздзілава) царыца адбыла ў Сянно, далей праз Коханава і Шклоў – у Магілёў, дзе сустрэлася з Іосіфам II. Яны разам адправіліся праз Шклоў,  Оршу, Дуброўна і Краснае ў Смаленск. Са Смаленска імператрыца вярнулася ў сталіцу праз Ноўгарад, а аўстрыйскі імператар прадоўжыў падарожжа ў Маскву і потым ў Санкт-Пецярбург.
Імператарскае падарожжа – падзея велічная і для мясцовых жыхароў запа-мінальная. Для падарожжа будаваліся дарожныя палацы, наводзіліся пераправы, рамантаваліся дарогі. Само падарожжа: дзясяткі карэт і экіпажаў (адных коней для замены трымалі на паштовых станцыях па 450), вайсковае суправаджэнне, бліскучыя парадныя мундзіры ваенных і чыноўнікаў, феерверкі, парадныя абеды і іншае пакідалі ў памяці незабыўныя ўражанні. Падобнага відовішча ніхто не тое, што з сялян, але і з гараджан і нават дваранства, ніколі не бачыў у жыцці. Падзея была настолькі запамінальнай, што пра яе і праз два стагоддзі не забыліся, ператварылі ў паданні.
Так што “кацярынінскім” стары тракт завецца не дарма, па ім і сапраўды ступала нага расійскай самадзержыцы.
Гэтыя гістарычныя падзеі могуць стаць падставай для таго, каб прапанаваць цікавы турыстычны маршрут “Па слядах імператрыцы” – пешы, веласіпедны ці аўтамабільны. Тым больш, што з гэтымі мясцінамі звязаны і многія іншыя падзеі з гісторыі Беларусі і Шуміліншчыны.

Фрагмент карты Віцебскай губерніі з маршрутам падарожжа імператрыцы

(Працяг будзе).
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2014 г.



2 комментария по теме “Как Екатерина II Шумилинщину посещала…

  1. Станцию Куриловщина разобрали на дрова буквально недавно, «что имеем — не храним, потерявши — плачем…»

  2. Дзякуй! Шукала матэрыял пра кацярынінскі тракт, ваш артыкул мне вельмі дапамог!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *