Конкурс «Учитель года-2014» прошёл в Шумилинском районе

Актуалии Новости Образование

Пераможцаў чакае абласны этап
На працягу навучальнага года школьнікі не толькі вучацца, а педагогі не толькі вучаць. Яны яшчэ і спаборнічаюць. Толькі завяршыўся абласны этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды для школьнікаў, як у спаборніцтва ўступілі педагогі. На мінулым тыдні прайшоў II (раённы) этап конкурсу “Настаўнік года”. Сёлета рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў упершыню праходзіць па новых правілах. Калі раней вызначаўся толькі адзін пераможца, незалежна ад прадмету, які ён выкладае, то сёлета кола канкурсантаў істотна пашырылася – конкурс праводзіцца ў сямі намінацыях.
У кастрычніку прайшоў першы (школьны) этап, па выніках якога ў спаборніцтва на раённым узроўні ўступілі 25 педагогаў з 15 устаноў адукацыі Шуміліншчыны. Конкурс праводзіўся ў два туры: на першы (завочны) педагогі прадставілі на суд журы свае напрацоўкі. 18 педагогаў былі дапушчаны да другога туру. Адкрытыя ўрокі праводзіліся ў СШ №1, конкурснай пляцоўкай для выхавальнікаў стаў  дзіцячы сад №1. Настаўнікі школ і выхавальнікі дзіцячых  садоў праводзілі заняткі, дэманстравалі сваё майстэрства. Спаборніцтвы былі гарачыя, бо ў некаторых намінацыях пераможцаў аддзялялі ад іншых удзельнікаў усяго толькі 2-3 балы.
У журы ўваходзілі вопытныя педагогі раёна, былыя ўдзельнікі і пераможцы конкурсу “Настаўнік года”. Члены журы, якія выступалі падчас узнагароджання пераможцаў, адзначалі, што атрымалі сапраўднае задавальненне ад прафесіяналізму ўсіх удзельнікаў конкурсу.
У намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка і інфарматыка” перамог настаўнік інфарматыкі Шумілінскай СШ №1 Андрэй Мікалаевіч Савасцьянаў.
У намінацыі “Замежная мова” лепшай стала Наталля Іванаўна Брайзер, настаўніца англійскай мовы з гімназіі.
У намінацыі “Беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура” перамагла Наталля Віктараўна Баранава, настаўніца рускай мовы з Обальскай СШ.
У намінацыі “Пачатковыя класы” была найбольшая колькасць удзельнікаў, ва ўпартай барацьбе перамогу заваявала Галіна Аляксандраўна Траццякова са Слабадской д/с-СШ.
У намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка” пераможцай стала настаўніца музыкі Шумілінскай СШ №1 Наталля Віктараўна Філіпава.
У намінацыі “Гісторыя, грамада-знаўства, геаграфія, хімія і біялогія” перамагла Вольга Аляксандраўна Церашчук, настаўніца хіміі Шумілінскай СШ №1.
У намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” перамогу заваявала выхавальнік Шумілінскага дзіцячага сада №2 Таццяна Віктараўна Карпенка.
У актавай зале СШ №1, дзе адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу “Настаўнік 2014 года Шумілінскага раёна”, усе яны прадставілі свае сістэмы педагагічнай дзейнасці “Навучаючы, я выхоўваю…”. Т. В. Карпенка гаварыла пра фарміраванне здаровага ладу жыцця  ў дашкольнікаў,  Н. В. Філіпава расказала пра ўплыў музыкі на эстэтычнае выхаванне і агульнае развіццё дзяцей, Г. А. Траццякова падзялілася выкарыстаннем нетрадыцыйных урокаў і гульнявых прыёмаў у навучанні, Н. В. Баранава павяла гаворку пра метад педагагічнай драматургіі і выхаванне чалавека духоўнага, маральнага, Н. І. Брайзер расказала пра камунікатыўную дзейнасць на ўроках замежнай мовы, фарміраванне праз гэта асобы.  Падзяліліся сакрэтамі сваёй педагагічнай дзейнасці В. А. Церашчук і ўдзельніца конкурсу з Навікоўскай БШ С. А. Шумкова.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту  і турызму райвыканкама П. У. Спірыдонаў пачаў сваё выступленне з заўвагі, што ў раёне ёсць педагогі, якія могуць годна прадставіць Шуміліншчыну на абласным і рэспубліканскім ўзроўнях па ўсіх прадметах. Але не ўсе школы і садкі прынялі ўдзел у конкурсе. І гэта недахоп у рабоце кіраўнікоў устаноў адукацыі, якім трэба больш цесна працаваць з педагогамі, бо многія з іх сарамлівыя, многім неабходна дапамагчы паверыць у свае сілы, падтрымаць іх.
Пётр Уладзіміравіч выказаў шчырую падзяку пераможцам і ўдзельнікам раённага конкурсу, уручыў ім дыпломы і грашовыя прэміі, пажадаў поспехаў на абласным этапе.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №8 ад 31.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *