Кому мы доверяем свою жизнь?

Безопасность Происшествия

Каму мы давяраем сваё жыццё?
У зводках ДАІ нярэдка можна прачытаць пра парушэнні Правілаў дарожнага руху вадзіцелямі таксі. У апошні час машыны з жоўтымі шашачкамі (іх прыкладна з дзясятак) з’явіліся і на вуліцах нашага горада. І, як паказала жыццё, іх вадзіцелі не заўсёды прытрымліваюцца ўстаноўленых правілаў.
“За мінулы год зарэгістравана з паўтара дзясятка парушэнняў Правілаў дарожнага руху таксістамі. А за студзень гэтага года зарэгістравана ўжо сем парушэнняў, – кажа старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ РАУС Віктар Бурлакоў. – Зафіксаваны выпадкі, калі некаторыя выязджаюць на сустрэчную паласу руху, дзе стаіць забараняючы знак ці перавышаюць дапушчальную хуткасць”.
Вось і нядаўна супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы спынілі за рулём таксі нецвярозага вадзіцеля. Праўда, у гэты дзень вадзіцель быў на выхадным. Але ж гэта не апраўданне. Мужчына пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на тры гады і атрымаў штраф памерам 80 базавых велічынь (10 мільёнаў 400 тысяч рублёў).
Міжволі ўзнікае пытанне: каму мы давяраем сваё жыццё, калі садзімся ў таксі? І ўвогуле, ці ёсць якія асаблівыя патрабаванні да вадзіцеляў, якія ўладкоўваюцца таксістамі?
“Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 972 ад 30 чэрвеня 2008 года “Аб некаторых пытаннях аўтамабільных перавозак пасажыраў”  вадзіцель, які ўладкоўваецца таксістам, павінен прайсці спецыяльнае абучэнне, гэта значыць, з’ездзіць на курсы ў лагістычны цэнтр “Экспедытар”, што ў Віцебску,  – кажа начальнік ДАІ РАУС Мікалай Гаралевіч.– А яшчэ таксістам трэба мець медыцынскую даведку ўстаноўленага ўзору. Кожная машына таксі абавязкова павінна быць абсталявана  таксометрамі. Перад выездам на лінію спраўнасць аўтамабіля таксі правяраюць механік ці іншая адказная асоба. А вось медыцынскі агляд перад рабочым днём робіцца ў цэнтральнай раённай бальніцы”.
Акрамя таго, індывідуальны прадпрымальнік ці прадпрыемства, якое аказвае паслугі па перавозцы, павінны  застрахаваць пасажыраў. “Гэта абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі, – тлумачыць спецыяліст прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па Шумілінскім раёне Алена Кіташова. – У нашым раёне гэту страхоўку аформілі ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць паслугі па перавозцы людзей. У выпадку ДТЗ, калі пасажыру нанесены цялесныя пашкоджанні, яму выплачваецца грашовая кампенсацыя. Такіх выпадкаў у нашым раёне за мінулы год і сёлета, на шчасце, не было”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №9 ад 04.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *