Пройти по следам императрицы

Край шумілінскі

“Кацярынінскі тракт” ці Па слядах імператрыцы
(Заканчэнне. Пачатак у № 7).
Праехаць па маршруце Кацярыны II – вельмі цікавае падарожжа для аматараў турызму. Тым больш, што імператрыцы прапаноўвалі для наведвання цікавыя прыродныя, гістарычныя, архітэктурныя дзівосы, “святыя мясціны”. Поўны маршрут магчыма пераадолець толькі на аўтамабілі, прычым на ўседарожніку, калі прытрымлівацца маршруту дакладна. Тым больш, што ў “царскім маршруце” сапраўдныя турыстычныя “перлы”: Санкт-Пецярбург і Пушкін (Царскае Сяло), Нарва і Івангорад, Пскоў і Полацк, Магілёў і Смаленск, Старая Руса і Вялікі Ноўгарад.
Для пешых ці веласіпедных паходаў уяўляюць цікавасць асобныя ўчасткі “кацярынінскага шляху”.  Спынімся на тым, што пачынаецца ў Полацкім і праходзіць па Шумілінскім раёне. Дарэчы, нават у гэтым выпадку трэба ўлічыць неабходнасць пераправы праз раку Обаль, ці трэба пачынаць (завяршаць) паход на яе левым беразе. Таксама трэба ведаць, што на меліяраваных землях тракт знішчаны, а на значнай частцы захаваўся ў выглядзе палявых ці лясных дарог.
Пачынаем паход з вёскі Новыя Гараны Полацкага раёна, пойдзем па вуліцы, што вядзе ў вёску Баравыя. На ўскрайку вёскі захаваўся фрагмент тракту, які вядзе да ракі Обаль – тут калісьці была пераправа (на старых картах паказаны мост ці паром). На левым баку тракт разараны, палявыя дарогі вядуць да Рэчыцы, ад якой дарога захавалася добра. Яна ідзе праз лес уздоўж Дзвіны да былой вёсцы Немаразль (не існуе). Да былой станцыі Астраўляны,  дзе Кацярына спынялася на сняданак, існуе толькі лясная сцежка. Ад Астраўлян дарога вядзе да вёскі Шашы і пачынае аддаляцца ад Заходняй Дзвіны. Ад Шашоў праз лес тракт вядзе да былой вёскі Корнае (Корна), дзе перасякаецца з сучаснай дарогай Обаль-Убоіна.  Тут знаходзіцца мемарыяльны комплекс у гонар зараджэння партызанскага руху на Шуміліншчыне.
Далей да Забор’я можна прайсці праз лес, а потым выбраць маршрут па існуючых меліярацыйных дарогах, ці паспрабаваць пашукаць сцяжынкі, што вядуць нацянькі па былым тракце  да Кардона. Гэтая вёска, магчыма, і з’явілася ў канцы XVIII стагоддзя, як прыгранічнае пасяленне. У Кардоне ёсць брацкія могілкі і помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ад аграгардка Кардон пачынаецца самы лепшы кавалак “кацярынінскага шляху”. У вёсцы Мікалаёва ёсць крыж на месцы расстрэлу вязняў НКУС, а на перакрыжаванні дарог – помнік загінуўшым землякам.  Тут можна заехаць у былое мястэчка Ула: паглядзець царкву, кацёл, за касцёлам – замчышча Івана IV часоў Лівонскай вайны. Захаваліся фрагменты брукаваных схілаў замка на беразе Дзвіны, рэшткі равоў і валоў. У мясцовым ліцэі ёсць музей Героя Савецкага Саюза Льва Даватара.
Ад Мікалаёва дарога ідзе праз Андрэева, Слабаду (былая паштовая станцыя Дубовікі, дзе адбыўся абед імператрыцы), Забар’е ў Мішкавічы. У Мішкавічах была пабудавана першая калгасная электрастанцыя ў Беларусі, на рэчцы Сечна можна ўбачыць месца, дзе яна была.
Далей дарога вядзе да вёскі Клімава і зноў ператвараецца ў палявую. Раней яна вяла да вёскі Любічы напрасткі. Пасля правядзення меліярацыі да Любіч можна дабрацца па дарозе, што пабудавана меліяратарамі. Любічы, як і шэраг іншых вёсак, размешчаны на цікавым прыродным утварэнні – озавай градзе. Озы пакінуў нам ледавік – гэта адклады з пяску і гравію, якія ўтварыліся патокамі талай вады ўнутры ледавіка.
Вёска Любічы ўзнікла ў другой палове XIX стагоддзя, на перакрыжаванні старога тракту з дарогай ад Бешанковіч да чыгуначнай станцыі Сіроціна (цяпер Шуміліна). Сюды быў перанесены цэнтр Міхайлаўшчынскай воласці. Дарэчы, людзі тут жылі здаўна, магчыма, было паселішча бронзавага веку, бо непадалёк ад вёскі, на озавых гарах  знаходзяць каменныя сякеры таго перыяду. Непадалёк, у вёсцы Горкі, знаходзіцца помнік прыроды – Вялікі камень – самы вялікі валун у Беларусі.
Ад Любіч “кацярынінскі тракт” ідзе да ўрочышча Цешлавічы. Цяпер дарогай не карыстаюцца нават у гаспадарчых мэтах, яна зарасла пустазеллем у чалавечы рост. Як расказвалі мясцовыя жыхары, калісьці ў Цешлавічах былі фальваркі з вялікімі садамі, была нават вёска Падсаддзе. Захаваліся старажытная могілкі, непадалёк ад якіх можна знайсці рэшткі фундаментаў ці падвалаў, выкладзеных валунамі.
Ад могілак “кацярынінскі тракт” браў накірунак да вёскі Курылаўшчына. Ад Куралаўшчыны дарога ішла на Полцева (захаваліся гаспадарчыя пабудовы былога фальварка) і Цербяшова да Старога Сяла і далей на Віцебск.
У Курылаўшчыне яшчэ некалькі гадоў таму стаяў драўляны будынак паштовай станцыі, на якой адбылася сустрэча імператрыцы з віцебскім кіраўніцтвам, быў абед. Але цяпер ён разабраны. Ад станцыі адыходзіла дарога на Міткавічы (цяпер Крывое Сяло), Бешанковічы і Лепель. Далей царыца праехала дарогай, якая зараз захавалася часткова. Праз Лісвякі, Кулякі (Каўлякі), Улазавічы да берага Дзвіны (цяпер вёска Духравічы), тут і адбылася пераправа на левы бераг.  У раёне вёсак Каўлякі-Бокішава ёсць памятны знак на месцы пераправы праз Дзвіну і злучэння савецкіх войскаў, якія замкнулі “Віцебскі кацёл” у 1944 годзе.
Вось такі маршрут. На веласіпедах ці пешшу яго можна пераадолець за два-тры дні. Вы ўбачыце цудоўныя маляўнічыя куткі Шуміліншчыны, дакранецеся да тых падзей, што звязваюць нас з далёкай мінуўшчынай. Поспехаў вам, хто збярэцца прайсці па слядах імператрыцы, даведацца пра іншыя старонкі нашай гісторыі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №9 ад 04.02.2014 г.



1 комментарий по теме “Пройти по следам императрицы

  1. Спасибо. Всё никак не добирался детально описать этот маршрут.
    Кордонами в войну 1812-го года называли крестьянские отряды самообороны от фуражиров и мародёров, возможно это связано с названием деревни.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *