Да 70-годдзя паэта-земляка Алега Салтука

Актуалии Край шумілінскі Культура

З натоўпу вылучаў яго спелы жнівень
З Алегам Салтуком упершыню пазнаёміўся, калі той узначальваў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. На двары стаялі 80-ыя гады, ён быў на піку славы, ён гарэў ужо агнём беззапаветнай любові да слова, якое даўно прыручыў, да беларускага слова, чыстага, крышталёва-некранутага, гарэў любоўю да Бацькаўшчыны, да тых жа Рыжэнькаў, што на Шуміліншчыне, якім прысвяціў, будучы знакамітым паэтам, нямала прачулых радкоў. Кажу наўмысна  пра гэтую вёсачку (а не пра вёску Якаўкі, што ва Ушацкім раёне, адкуль паехаў у Магілёў вучыцца), дзе Алег нара-дзіўся і дзе прайшло яго басаногае дзяцінства і адкуль павёз на Ушаччыну і першае сваё каханне (“Праз поле бегаў і праз лес, не баючыся ночы, да той, што ў белы-белы бэз свае хавала вочы” – верш “Школа”), і павагу да запаветаў продкаў. Тут прабілася і шырылася з часам любоў да  маляўнічых мясцін, да любых сэрцу вяскоўцаў.
Помню, запрасіў Алег Уладзіміравіч на літаратурныя вандроўкі па вобласці і мяне. На той час я пісаў мала, але нехта падказаў паэту пра мяне, пра маю схільнасць і любоў да мастацкага слова, і я паехаў. Былі мы на Расоншчыне, я чуў, як захоплена слухалі, лавілі кожнае ягонае слова сяльчане, як цікавіліся яго светлай паэзіяй. Седзячы ў зале, я бачыў расчулены твар Алега, бачыў, як кранаюць яго душу, западаюць у сэрца  чалавечая шчырасць і падзяка за тое, што ён робіць. Пазней ён напіша: “Чужых паэтаў трэба ведаць, Сваіх – яшчэ і шанаваць”.
Яго шанавалі. Праўда, не ўсе і не заўсёды. Той-сёй дамагаўся прынізіць яго як творцу, некаторыя высоўвалі на першае месца, падкрэслівалі сваё “я”, грукалі ў грудзі, лічачы сябе геніямі, хаця ў іх было, як блох, і апломбу, і зайздрасці. Алег гэтым не хварэў, наадварот, яшчэ працуючы ў абласной газеце, і не толькі тады, заўсёды стараўся адкрыць чытачу новыё імёны, даваў дарогу талентам. Ён помніў мудрую думку: памагай таленавітаму чалавеку, а бяздарнасці, графаманы праб’юць сабе дарогу самі.
*   *   *
Не хачу збівацца на патэтыку, на  пафасныя разважанні з нагоды юбілею паэта, якога добра ведаў. Узнёслага пра яго было сказана нямала, сказалі і настаўнікі ў школе, і выкладчыкі ВНУ, і літаратурныя крытыкі. Не застаўся ў баку і ваш пакорны слуга. Праўда, дэталёвага аналізу ягонай творчасці не рабіў, бо не ставіў  на мэце. Для мяне важна было паказаць, якім ён быў, што любіў і чаго арганічна не прымаў. Трэба сказаць, быў ён чалавекам сардэчным, але не добранькім, ён не любіў прыстасаванцаў і падлізнікаў, хамаў і крывадушнікаў, людзей, у каго ў жылах цякла рыбіна кроў. Не любіў, аддаваў ім не адзін фунт пагарды, і змагаўся за  тое, каб абараніць чалавечае ў чалавеку.
Любіў кампаніі, не цураўся бяседы, па нейкім часе, больш калі быў малады, можа, і грашыў на лішні келіх гарэлкі. Але скажыце: якога творцу не заманьвае ў свой нерат гэты злашчасны, гэты вечна спакуслівы Бахус?!..
Ягоныя вершы мне падабаюцца і лёгка кладуцца на сэрца. Хаця і не ўсе, некаторыя вершы шукаю ў зборнічках і перачытваю толькі пад настрой. Ёсць тыя, што ніколі не згубяць сваёй  вагі, не абясцэняцца з гадамі, не прычыніцца з імі ні “ўтруска”, ні “ўсушка”.  Адзін з іх – “Натоўп”, змешчаны ў зборніку “На вейцы веку”. Натоўп вірыць, яму не баліць ад таго, што табе балюча, яму, даруйце, да ружовага ліхтара, “у горы ты ці ў бядзе”. А паэт ідзе, ідзе адзін, яшчэ не да канца ўсведамляючы, што сам з натоўпу, “яшчэ з часоў старога Ноя” і “што з натоўпам трэба жыць і памяркоўна, і сардэчна”, бо натоўп – вечны, а чалавек памірае.
Верш мае філасофскі падтэкст. Натоўп –  не сяброўская грамада са сваім суладдзем і стасункамі. Натоўп – гэта дзікая сіла, якая ломіць, нявечыць чулую і кволую душу творцы. Не падпарадкуешся натоўпу – акажашся пад яго   жорнамі. Гэта Малох, бязлітасны і хцівы. І верш – як боль Алега Салтука, ягоны адказ на дзікую сілу, з якой саўладаць цяжка. Нават яму, хто вынес на сваіх плячах нямала, хто шмат перажыў і перадумаў.
Алег Салтук верны сваім вытокам. А вытокі – гэта вёска Рыжэнькі, недалёка ад Мішкавіч, на Шуміліншчыне, рачулка Нярэшня, якая бруілася некалі побач, а з часам зарасла і знікла. Гэта вёска Якаўкі, што на Ушаччыне, і там жа рэчкі Дабрэйка і Вулянка, якую ён пачціва называе “шляхцянкай”.  Вытокі даюць яму жыццёвую сілу, прагу жыць і змагацца за тое, каб родны край з гадамі прыгажэў і квітнеў. Паэт не раз вяртаецца ў думках да гэтых мясцін, і заўсёды нараджаюцца ў сэрцы прачулыя вершаваныя радкі.
Кранаюць вершаваныя пасланні да бацькоў, сясцёр, брата Стася, да сына, не можа нікога пакінуць раўнадушным верш “Ангеліна”, прысвечаны ўнучцы. Паэта ўзрушвае сонечны зайчык на цёплай ўнуччынай шчацэ, ён бачыць усмешку на вуснах дачкі і ў сэрца прылятае і жыве “з нябёсаў анёл-светлячок – Ангеліна”. Чатыры, а мо і больш разоў ён пасылае свой запавет сыну, бо на яго надзея, на тое, што ён будзе маліцца Скарыне “за слова, што жыве, святкуе і сумуе”, што калі запытаюць яго, чый ён сын, той абавязкова адкажа: “Беларус я”. А самы, на маю думку, усцешаны, першы, з кніжкі “Працяг” – “Вузельчык на памяць”. Ён просіць сына Ігара, умольна просіць: “Сынок-пестунок, не згубі вузялок – Табе яшчэ крочыць далёка!” Вузялок – як напамін пра тое, каб не згубіў дарагі чалавек свой гонар і годнасць беларуса.
Паэт  заклапочаны лёсам сваіх землякоў, сваёй вёскі. Аддае сваю адвечную любоў шчырым і сардэчным людзям, не прымае тых, хто ганьбіць свой род, не паважае тое, што пакінулі ім у спадчыну далёкія продкі. Ён любіць старых аднавяскоўцаў, любіць слухаць іх гаману, з любоўю падае словы старэйшай кабеты: “Тры косткі толькі, а жыву!”  А ў вершы “Мая зямля” клятвенна запэўнівае:
Тут мая Няпрадва, тут мой Дон,
Тут маё і поле Кулікова.
Умела і да месца карыстаецца паэт паэтычнымі тропамі. Багата метафар ды алітэрацый (згадзіцеся, прыгожа: “Снег пушысты асеў роем сонным пчаліным”, “Хлебазорам зарніцу завуць, Пад якой збажына налівае…”), шмат рэфрэнаў (“Над Ушаччынай гусі ляцяць”), аднак уражваюць і простыя, здавалася б, зусім празаічныя рэчы. Побач з флейтай жаўрука і валторнай івалгі, кастаньетамі бацяна і кларнетам кнігаўкі (вось падгледжана ды падслухана!) у творцы дзесьці бацька сена на калёсы грузіць і на неба глядзіць або ўскалыхнуцца жытнёвыя хвалі і жанчыны дадому ідуць, і гараць, не згараючы, далі. І шмат такіх мясцін – простых,  цікавых, няхітрых, але такіх блізкіх сэрцу вяскоўца.
Ён да апошніх дзён заставаўся з вёскай, хаця і пражыў доўгі час у  Віцебску. Ён жыў сваёй вёскай, ён ніколі не пакідаў яе ў думках, часта прыязджаў, калі быў маладзейшы, да землякоў, да тых, каго ведаў, каму верыў і каму прысвячаў душэўныя радкі. І вельмі перажываў, да болю, да скрыгату зубоў, калі бачыў, як той, каго любіў, хто хінуўся да чыстага і светлага, раптам па-хамелеонаўску мяняў свае погляды, сваю жыццёвую пазіцыю. Ён да апошняга не прызнаваў камп’ютара, вершы па-ранейшаму “клацаў” на пішучай машынцы. І не паднімаецца рука дакараць яго за гэта. Ён пісаў пранікнёна, пісаў пераканаўча, а на паперы ці на бяросце, на машынцы ці на звышмодным ноўтбуку – гэта дзясятая ці сотая справа.
У тлуме.
Пошасці,
Аблудзе,
У гэтым або тым жыцці
Я быў, я ёсць і яшчэ буду,
Каб з бруду словам прарасці.
(“Мяне няма і не было”).
Памяць пра яго застаецца. І застанецца. Паэт сваёй паэзіяй адмываў ад духоўнага бруду і распусты, ад усяго выпадковага і нягожага ў нашым жыцці. І няхай рабіў гэта, магчыма, з пазіцыі сілы, а не мастацкага вобраза, затое рабіў шчыра, па-сыноўняму набалела. Ён вылучаўся з натоўпу сваім спелым, крамяным жніўнем (нарадзіўся 25 жніўня 1946-га) , ён ніколі не мог змірыцца з тым, каб застацца на другарадных ролях на пісьменніцкім небасхіле. Ён заўсёды хацеў быць першым, быць лідарам. Не фармальным, не выбраным кімсьці, а самым што ні ёсць сапраўдным. Не любіў, не прымаў бруднага, брыдкага наносу на высокім беразе, імя якому Паэзія. Ён прыляцеў на сваім Пегасе
з далёкіх шумілінскіх Рыжэнек на той славуты бераг, ён жыў там годна і сумленна ажно пяцьдзясят гадоў з пражытых амаль 69 на свеце. І меў права сказаць услед за Аляксандрам Галічам: “Я і мёртвы вярнуся!..” Няхай словы гэтыя былі сказаны рускім паэтам і драматургам зусім па іншай, вельмі сумнай і трагічнай нагодзе, усё адно Алег Салтук вернецца. Вернецца чысцінёй сваіх вершаў, сваёй бязмежнай і па-юнацку чыстай любоўю да роднай старонкі, да Беларусі.
Мікалай МАРОЗ.
Захаваць ураджай ад крадзяжу
Жніво – гарачы час не толькі для сельгаспрадпрыемстваў, але і для супрацоўнікаў райаддзела ўнутраных спраў, якія працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Мэта міліцыі  – захаваць ураджай ад крадзяжу, матэрыяльныя каштоўнасці – ад нямэтавага выкарыстання, пракантраляваць умовы працы і вытворчую дысцыпліну работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Кожны дзень супрацоўнікі РАУС правяраюць мехдвары, зернесушылкі і склады. За кожным сельгаспрадпрыемствам замацаваны супрацоўнікі міліцыі, якія праводзяць не толькі праверкі, але і прафілактычныя гутаркі аб недапушчэнні крадзяжоў дзяржаўнай маёмасці. Каб папярэдзіць крадзяжы і безгаспадарчасць, рэйды праводзяць нават ноччу. У іх удзельнічаюць і ўчастковыя інспектары, і супрацоўнікі ДАІ. Па словах старшага інспектара прафілактыкі аддзялення аховы правапарадку і пра-філактыкі РАУС Сяргея Кузняцова, такія мерапрыемствы з’яўляюцца добрым стымулам для многіх работнікаў зернесушылак і складоў сумленна адносіцца да сваіх абавязкаў. Тым не менш, парушэнняў хапае. Напрыклад, а адзінаццатай гадзіне ночы пры праверцы вартаўнік ААТ “Ляжні” быў нецвярозы. У КУСГП “Сіроцінскі” тэрыторыя мехдвара ў начны час не асветлена. На зернетаку КУСГП “Мішневічы” адсутнічае журнал праверкі вартаўніковай аховы.
На мінулым тыдні па сельгаспрадпрыемствах раёна правялі рэйд супрацоўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. “Было выяўлена нямала парушэнняў, – расказаў Сяргей Аляксандравіч. – Напрыклад, у ААТ “Лаўжанскае” не вядзецца журнал перадрэйсавага медагляду. Мехдвор у Слабадзе (КУСГП “Сіроцінскі”) з боку кустоў не абгароджаны. На мехдвары ў Пабедзе (УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”) у ангары, дзе захоўваецца тэхніка, адсутнічаюць вароты”. Па ўсіх выяўленых недахопах адпраўлены прадпісанні ў сельгасарганізацыі. Хочацца верыць, што яны будуць выпраўлены.
Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *