В Суровнях открыли церковь

Грамадства Духоўнае

Сёння тут свая царква
У вёсцы Сураўні адкрылі царкву. Падзея? Вядома. Падзея нават і тады, калі адкрылі не царкву ў звыклым сэнсе, а проста малельны дом. Не царкву з купаламі і сусальнай пазалотай, а прыстасавалі пад службу звычайную сялянскую хату, якую перадаў у дар сваім землякам Мікалай Волкаў.
Зараз ён у Мінску, а родам адсюль, з вёскі Сураўні. Бацькоў не стала, і ён доўгі час не адважваўся прадаваць дом. Але дачу мець – не пад рукой (лічы, трыста кіламетраў да Мінска), а тут Валянціна Рудзякова і Надзея Кузьмічова завялі неяк з ім гаворку пра сваю цэркаўку,  прызналіся, што  ўсцешыў бы ён землякоў, калі б…
Мікалай зразумеў намёк.
А было гэта глыбокай восенню мінулага года, той парой, калі яшчэ на зімовыя халады не паказвала. Мужчыны агледзелі дом, калі папраўдзе, засталіся не ў захапленні: адна сцяна дома была прагнілай, давялося мяняць падрубу, выкладваць блокамі, абшываць шыферам, давялося перакладаць і частку падлогі. Хапала клопатаў і жанчынам.
Яны, жанчыны, і кінулі кліч збіраць ахвяраванні на царкву. Самі пайшлі па хатах. Пераконваць нікога не давялося, уcе  разумелі: святая справа. У вёсцы Сураўні, у людзей вакольных вёсак сабралі 6,9 мільёна рублёў. Грошы не ахці якія, аднак на набыццё будаўнічых матэрыялаў хапіла. Самі ж працавалі   бясплатна. Пасля работы, па суботах. У кастрычніку, калі браліся за рамонт, цямнее рана, а святла ў хату не правялі (яго няма і да гэтага часу), і працавалі пры ліхтарах.
І словам божым, і парадамі дапамагаў у рабоце іерэй Аляксандр Фурсаў з Шумілінскага благачыння. З разуменнем падышоў да клопатаў землякоў ляснічы Уладзімір Мазейка, “знайшоў” трохі лесу, а Аляксандр Галабурда распілаваў яго на дошкі, змайстраваў “царскія вароты”, адштукаваў для царквы прыгожае, плеценае пад венскае крэсла. Знайшліся і печнікі, якія пераклалі, давялі да ладу печку. Зараз, у лютыя маразы, яна вельмі дарэчы. Жанчыны  вёскі Сураўні набылі за ахвяраваныя грошы каля сарака іконак…
Тры месяцы  кіпела работа. Нарэшце на Ражаство айцец Аляксандр правёў тут першую службу…
– Чаму ўзнікла думка пра царкву? – перапытвае мяне Надзея Кузьмічова. – Больш за дзесяць гадоў, з таго часу, як аднялі ў нас саўгас, а пасля ліквідавалі сельсавет, было крыўдна: забытымі мы тады  адчувалі сябе і Богам, і людзьмі. Не хачу сказаць, раённыя ўлады нас падтрымлівалі, ды ўсё роўна абышліся тады з многімі спецыялістамі тутэйшай гаспадаркі не па-людску. Вось я, былы галоўны заатэхнік, вось Валянціна Рудзякова, яшчэ шмат хто засталіся, як кажуць, з носам…
Сёння, цягам адзінаццаці гадоў, боль аціх. Між тым жыццё працягваецца і жыць аднымі ўспамінамі, адным негатывам не трэба. Пакінем мінулае для гісторыкаў. Хаця для тых, хто застаўся тут, не выехаў, і  руіны, якія засталіся пасля зносу лазнева-пральнага камбіната ды сталовай, і мясціна побач з бярозавым гаем, дзе некалі месціўся гожы будынак дзіцячага садка (сёння яго няма, таксама знеслі), і тое, што школа, не так даўно сярэдняя, сёння пачатковая і дыхае на ладан, – усё, што вяртала ўспаміны пра колішнія даброты, “замешана” на горычы. Аднак, паўторымся ж, боль прытупіўся, важна жыць днём сённяшнім. І многія, хто не згубіў прысутнасць духу, летам абношваюцца ягадамі, грыбамі, за выручаныя грошы купляюць пральныя машыны і тэлевізары, халадзільнікі і мабільныя тэлефоны. Словам, яны аптымісты, яны не скардзяцца на свой лёс. Той жа Аляксандр Галабурда (былы ветурач былога саўгаса) трымае салідную гаспадарку, і многія тут так робяць. Шкада, што на Казьяншчыне, дзе ў 90-х гадах вельмі ахвотна браліся за фермерства, сёння фермераў няма…
Сёння ў Сураўнях ёсць свая царква. Яна прасілася даўно, можа, з часоў вайны, калі  была спалена. Праўда, яна стаяла не ў Сураўнях, а за тры кіламетры адсюль, у вёсцы Казьяны.
Няхай жа  будзе так, каб царква вярнула да казьянцаў веру, каб адратавала людзей ад розных прыкрых спакусаў і ганебных учынкаў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №9 ад 04.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *