День памяти жертв ДТП: за 4 года – 33 человека

Бяспека Происшествия

За чатыры гады – 33 чалавекі
У 1993 годзе ў Вялікабрытаніі пачалі адзначаць Дзень памяці ахвяраў дарожна-транспартных здарэнняў. А з 2005 года гэты дзень па ініцыятыве ААН аб’яўлены сусветным, ён праводзіцца ў кожную трэцюю нядзелю лістапада.
У сувязі з гэтым па ініцыятыве ўпраўлення ўнутраных спраў з 15 па 21 лістапада праводзіцца тыдзень, прысвечаны памяці ахвяр ДТЗ. На працягу тыдня вадзіцелям рэкамендавана рухацца ў дзённы час сутак з уключаным святлом фар.
На жаль, дарожна-транспартныя здарэнні не абыходзяць і наш раён. Асабліва часта здараюцца ДТЗ на аўтадарозе Віцебск-Полацк (асабліва на ўчастку паміж Мікіціхай і Шумілінам). Ёсць і ахвяры. Як расказаў старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы ДАІ РАУС Віктар Бурлакоў, за апошнія чатыры гады ў нашым раёне ў ДТЗ загінулі 33 чалавекі: у 2007 – 12 чалавек, у 2008 – 11, у мінулым – 9 чалавек. І сёлета у выніку ДТЗ адзін чалавек памёр ад атрыманых траўм.
Асноўныя прычыны гібелі – парушэнне пра-вілаў абгону і манеўравання, няправільны праезд перакрыжаванняў, рух на забараняючы сігнал святлафора.
А ўсяго за год ва ўсім свеце ў выніку ДТЗ развітваюцца з жыццём 1,2 мільёна чалавек.
Дзень памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў – нагода ўспомніць усіх тых, каго няма побач з намі. Нагода пераасэнсаваць свае паводзіны на дарозе і падумаць: чаму перабягаем дарогу на чырвонае святло, чаму ігнаруем пешаходны пераход, чаму імчым на вялікай хуткасці? І ўвогуле: куды спяшаемся?
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.

Зварот  да ўсіх удзельнікаў дарожнага руху
Паважаныя родзічы і сябры, калегі, суседзі загінуўшых і пацярпеўшых у дарожных аварыях! Усе, незалежна ад узросту, полу, прафесіі, сацыяльнага статусу, пасады, веравызначэння. Напэўна, у Дзень памяці ахвяр ДТЗ не варта высвятляць – хто правы, хто вінаваты. Трэба проста згадаць кожнага, хто стаў ахвярай дарожнага здарэння. А яшчэ – патэлефанаваць, зайсці, падтрымаць родных і блізкіх загінуўшых, якія засталіся адзін на адзін са сваім горам. Хто можа – дапамагчы, хто можа – памаліцца. Усім пакаяцца. Хаця б таму, што сярод загінуўшых і пацярпеўшых ёсць дзеці. Але нават, калі дзеці былі неасцярожнымі і па гэтай прычыне загінулі, то вінаваты ў гэтым мы – дарослыя. Не навучылі, не даглядзелі, падалі дрэнны прыклад… А яшчэ – перавысілі хуткасць, «вылецелі» на сустрэчную паласу, не выкарысталі  рамень бяспекі, не пасадзілі дзіця ў спецыяльнае крэсла, не звярнулі ўвагу на знакі «пешаходны пераход» або «дзеці»…
Давайце ў гэты і ва ўсе наступныя дні не рызыкаваць сабой і жыццямі іншых!
Дзяржаўтаінспекцыя Віцебскай вобласці.
Надрукавана ў №89 ад 16.11.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *