Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні, якія адбыліся за тыдзень на тэрыторыі нашага раёна, расказаў першы намеснік начальніка РАУС Ігар Аляксандравіч Шаціла.

Крадзеж раскрыты
Раскрыты крадзеж, якія адбыўся ў мінулым годзе. Супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў знайшлі злодзеяў, якія абрабавалі магазін № 20 райспажыўтаварыства, што ў Обалі. Злодзеямі аказаліся двое жыхароў Обалі і адзін – з вёскі Шашы. Супраць іх узбуджана крымінальная справа.

Абмежаванне волі

Была ўзбуджана крымінальная справа супраць жыхара райцэнтра за парушэнне ўмоў пакарання. Мужчына ў лютым мінулага года быў асуджаны за крадзеж да двух гадоў абмежавання волі без адпраўлення ва ўстанову адкрытага тыпу. Цяпер яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.

Са зводак ДАІ
Дыстанцыя

На перакрыжаванні вуліц Сіпко-Юбілейная адбылося ДТЗ. Жыхар в. Прыазёрная, які ехаў на “Міцубісі”, не выбраў бяспечную дыстанцыю да аўтамабіля, што рухаўся наперадзе. У выніку машыны сутыкнуліся, абедзвюм патрабуецца рамонт. На жыхара Прыазёрнай складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф ад 1 да 5  базавых велічынь.

У тумане

Вадзіцель ПМК-70, які ехаў на аўтобусе па аўтадарозе Р-20,  пры недастатковай бачнасці на дарозе (быў туман)  абагнаў аўтамабіль, што забараняецца Правіламі дарожнага руху. Вадзіцелю пагражае штраф ад 2 да 10 БВ з пазбаўленнем вадзіцельскіх правоў на адзін год або без пазбаўлення.

Не расчысцілі ад снегу
На мінулым тыдні супрацоўнікамі ДАІ быў складзены адміністрацыйны пратакол на службовую асобу Віцебскай дыстанцыі пуці, якая ў адказе за бяспеку чыгуначнага пераезда на вуліцы Сіпко ў Шуміліне. Пешаходная дарожка ля пераезда не была расчышчана ад снегу, за гэта службовай асобе пагражае штраф ад 4 да 20 БВ.

На чырвонае святло
А дванаццатай гадзіне ночы жыхарка Шуміліна пераходзіла перакрыжаванне вуліц Юбілейная-Сіпко на чырвонае святло святлафора. Дзяржаўтаінспектары, якія дзяжурылі на аўтадарозе Р-20, на жанчыну склалі адміністрацыйны пратакол. Ёй прыйдзецца заплаціць 210 тысяч рублёў штрафу.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №7 ад 26.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *