Про табачный дым и окурки в подъездах

Общество

Пра тытунёвы дым і акуркі ў пад’ездах
Пра тое, што курэнне шкодная звычка, ведаюць усе. І што курцы атручваюць не толькі сябе. Пасіўныя курцы – тыя, хто міжволі ўдыхае цыгарэтны дым, таксама атрымліваюць дозу нікаціну і іншых шкодных рэчываў. Таму з курэннем вядзецца непрымірымая барацьба. У Беларусі прымаюцца нарматыўныя акты, якія забараняюць курэнне ў грамадскіх месцах, забаронена курэнне ва ўсіх цягніках. І кола забаронаў для аматараў тытуню ўвесь час пашыраецца.
Днямі аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, УП ЖКГ правялі рэйд па інтэрнатах і жылых дамах райцэнтра. Неабходнасць такога рэйду была выклікана яшчэ і тым, што ў інтэрнатах пастаянна спрацоўвае супрацьпажарная сігналізацыя, але калі выратавальнікі прыязджаюць па сігналу, то бачаць толькі слуп тытунёвага дыму ў калідоры ці на лес-вічнай пляцоўцы ды пажарны апавяшчальнік, які спрацаваў на гэты дым. УП ЖКГ прыходзіцца аплачваць такія выклікі са сваіх сродкаў.
Удзельнікі рэйду наведалі інтэрнаты на вуліцах Кароткіна і Луначарскага.  Дзе-нідзе трапляліся на падлозе акуркі, кінутыя спаленыя запалкі. Правяраючыя  прайшліся па тых, пакоях, у якіх, па інфармацыі каменданта інтэрнатаў, жывуць аматары цыгарэт, правялі з імі гутарку, папярэдзілі пра адміністрацыйную адказнасць за парушэнне антытытунёвага заканадаўства (штраф да 10 БВ, што зараз складае 1,3 мільёна рублёў).
Пасля гэтага накіраваліся па жылых шматпавярховых дамах Шуміліна, у якіх аматары тытуню любяць пасмаліць на лесвічных пляцоўках, бо ў кватэрах ім не дазваляюць псаваць паветра члены сямей. Адразу заўважу, што ў большасці правераных пад’ездаў было адносна чыста, валяліся, праўда, асобныя акуркі, якія кідаюць, напэўна, бескультурныя жыхары, ды дзе-нідзе стаялі на падаконніках бляшанкі ды сподачкі, прыстасаваныя пад попельніцы. З жыхарамі кватэр на такіх пляцоўках таксама былі праведзены прафілактычныя гутаркі.
Але адзін пад’езд у доме па вуліцы Юбілейнай, 27а  непрыемна ўразіў: адразу з уваходу ў пралёце лесвічнай клеткі – груда акуркаў, такая ж карціна і на лесвічнай пляцоўцы – поўная “бычкоў” бляшанка, акуркі ўпіхнутыя ў лесвічныя пярэнчы. Прыйшлося папярэдзіць жыхароў кватэр аб адказнасці за парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі.
Варта адзначыць, што такія рэйды стануць рэгулярнымі. Парушальнікі будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці.
Дарэчы, у развітых краінах курэнне выходзіць з моды. На курцоў наваліліся ўсім грамадствам: прымаюцца агульнадзяржаўныя і муніцыпальныя законы, якія забараняюць курэнне на вуліцы, у парках, у грамадскіх месцах, нават на балконе ўласнай кватэры. Забаронена курэнне ў цягніках і самалётах. Курэнне дазволена толькі ў спецыяльна ўстаноўленых месцах і асобных кафэ. Курцоў не бяруць на дзяржаўную службу, ў паліцыю. Страхавыя кампаніі павялічваюць ўзносы для курцоў па медыцынскіх страхоўках. За курэнне ў грамадскіх месцах устаноўлены  вялізныя штрафы. А ў Сінгапуры за кінуты на зямлю акурак штраф складае 500 долараў, за курэнне ў забароненых месцах – 1000 долараў. І такая палітыка пачала даваць станоўчыя плады: колькасць курцоў у развітых краінах скарачаецца.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
надрукавана ў №13 ад 18.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *