«К 11 классу до буквы «Я» дойдём»

Общество

Пра жаніцьбу і журавіны ў цукры
Ёсць меркаванне, што ў дзяцей да пэўнага ўзросту адсутнічае лагічнае мысленне. Але, слухаючы тое, што яны часам выдаюць, пачынаеш у гэтым сумнявацца.
Гаворыць Ягор, 6 год:
– Сынок, у цябе ледзяныя рукі. Ідзі пагрэйся ля батарэі, – кажа мама.
– І што, вось на гэта я буду траціць сваё жыццё? – адказвае ён абсалютна сур’ёзна.
***
– Я, напэўна, ніколі не жанюся, – паведаміў неяк аб сваім рашэнні Ягор.
– Чаму, – пытаюцца бацькі.
– Проста я не хачу жыць з чужымі людзьмі.
***
– Я не змагу ні з кім у загсе ажаніцца, – зноў і зноў успамінае пра гэты “дарослы абавязак” Ягор.
– Чаму? – пытаюцца бацькі.
– Там распісвацца трэба, а я не ведаю, як, што і дзе пісаць. Як жа я ажанюся?
***
Ягор расказвае пра школу:
– Мы ўжо вывучылі літары А, Б, В. А ў 11-ым класе, напэўна, ужо і да літары Я дойдзем.
– Не, сынок, вы ўжо ў 1-ым класе ўсе літары вывучыце, – адказвае мама.
– Дык чым жа мы тады  будзем усе астатнія 10 год займацца? – задае лагічнае пытанне сын.
Гаворыць Ілья, 4 гады:
Мама купіла яму ласунак свайго дзяцінства – журавіны ў цукры. Ён пакаштаваў і застаўся не ў захапленні. А ўжо ўвечары на пытанне маці “Ці любіш ты мяне, сынок?”, крыху падумаўшы, адказаў: “Так, люблю, калі ты не будзеш больш купляць мне такія цукеркі”.
***
– Я больш ніколі не буду есці, – кажа бацькам Ілья.
– Чаму?
– Ну, як жа. Калі будзеш есці, вырасцеш, потым састарэеш, а потым памрэш. Так што есці я больш не буду – я жыць хачу.
***
– Мама, а хто машыны рамантуе – машыннік?
***
– Не магу зразумець, навошта машыны прыдумалі? Мы ж і так усе хадзіць умеем.
Гаворыць Уладзік, 4 гады:
У дзень нараджэння мамы.
– Мама, а куды тата пайшоў? – пытаецца хлопчык.
– Напэўна, купляць мне падарунак, – адказвае мама.
– Мама, патэлефануй тату хутчэй, няхай ён табе канструктар купіць, – праяўляе “клопат” пра маці сынок.
Запісала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
надрукавана ў №13 ад 18.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *