Про экологию и православную этику

Общество

Пра экалогію і праваслаўную этыку
25 лістапада 2013 года райвыканкам прыняў рашэнне № 808 “Аб прымаемых мерах па недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы ў Шумілінскім раёне і аб’яўленні каранціну на тэрыторыі Шумілінскага раёна ў сувязі з узнікненнем заразнага захворвання дзікоў”. Згодна з пунктам 9 гэтага рашэння месцам для ўтылізацыі дзікоў было вызначана ўрочышча Казаногава Светласельскага сельсавета.
Але прыхаджане праваслаўнай царквы святога Афанасія Брэсцкага палічылі для сябе гэтае рашэнне абуральным, аб чым яны і паведамілі ў райвыканкам.
У лісце, які падпісалі 35 жыхароў г. п. Шуміліна, гаворыцца: “Мы глыбока абураныя дадзеным рашэннем і лічым гэта актам вандалізму мясцовых улад, бо ва ўрочышчы Казаногава знаходзіцца рэлігійная і народная Святыня “Пяценка”. Зараз там функцыянуе капліца і святая крыніца, з якой сотні веруючых бяруць ваду. Існуе пагроза заражэння людзей і наогул, з пункту гледжання праваслаўнага хрысціяніна, – гэта парушэнне праваслаўнай этыкі…”
Райвыканкам разгледзеў калектыўны зварот жыхароў г. п. Шуміліна і паведаміў В. В. Улюценку і іншым аўтарам наступнае:
“Зварот разгледжаны з удзелам начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Алюлінай З. Ф., в. а. начальніка ДЛВУ “Шумілінская райветстанцыя” Бяляева А. І., начальніка Шумілінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Кісялевіча Г. М., старшыні Светласельскага сельскага выканаўчага камітэта Шчарбакова В. В., галоўнага ўрача ДУ “Шумілінскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Конышава С. А. і ў вашай прысутнасці. У выніку ўстаноўлена, што рашэннем Шумілінскага райвыканкама ад 15 ліпеня 2013 года № 489 “Аб некаторых пытаннях зямельных праваадносінаў” пунктам 6 зацверджаны акты ад 10 ліпеня 2013 года выбару канкрэтных зямельных участкаў пад магільнікі для жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, у тым ліку ва ўрочышчы Крупчына Светласельскага сельсавета (1,1 км на паўночны ўсход ад в. Крупчына і 2,2 км ад рэлігійнай і народнай святыні “Пяценка”), што адпавядае санітарным нормам, правілам і гігіенічным нарматывам (“Гігіенічныя патрабаванні да арганізацыі санітарна-абаронных зон прадпрыемстваў, збудаванняў і іншых суб’ектаў, якія з’яўляюцца аб’ектамі ўздзеяння на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе” № 11 ад 10.02.2011 г.) і адмяняць рашэнне № 808 ад 25 лістапада 2013 года “Аб прымаемых мерах па недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней у Шумілінскім раёне і аб’яўленні каранціну на тэрыторыі Шумілінскага раёна ў сувязі з узнікненнем заразнага захворвання дзікоў” няма неабходнасці”.
Падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.
надрукавана ў №13 ад 18.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *