Как нас обслуживают… в «Фортуне»

Актуалии Общество Экономика

У “Фартуне” разлічваюць на сябе, а не на ўдачу
Кожная жанчына, якой даводзілася рыхтаваць святочны стол, ведае колькі клопату дастаўляе падрыхтоўка такіх мерапрыемстваў. Таму ўсё часцей звяртаюцца гаспадыні за паслугай да прафесіяналаў.
Штомесяц з дзесятак мерапрыемстваў ладзяць для сваіх заказчыкаў у раённай установе грамадскага харчавання “Бар “Фартуна”. Асноўная нагрузка прыпадае на падрыхтоўку шлюбных і юбілейных сталоў, дзе трэба абслужыць ад 60 да 100 гасцей. Прычым, і разнастайнасць страў (практычна на кожным такім мерапрыемстве) складае ад 15 да 30 найменняў, а іх жа яшчэ неабходна прывабліва аформіць. Некаму б было цяжка, толькі не прафесіяналам з “Фартуны”.
Трэба адзначыць, што маленькі, усяго з трох чалавек, калектыў, акрамя абслугоўвання закрытых мерапрыемстваў, спраўляецца штодзень накарміць смачнымі абедамі сотню работнікаў з прадпрыемства “Вітконпрадукт”,  вырабіць на продаж розных паўфабрыкатаў, выпечкі. Да прыкладу, за дзевяць месяцаў бягучага года тут выпрацавалі амаль сем тон прадукцыі асабістай вытворчасці больш як на 230 мільёнаў рублёў.
“Абсталяваная кухня і арганізаваная сістэма пастаўкі прадуктаў дапамагаюць справе, – дзеліцца сакрэтамі поспеху майстар-повар М. Я. Лебедзева (на здымку справа). – Да таго ж працуем дружна, зладжана, не лічымся з асабістым часам”. Хваліць Марыя Ягораўна сваіх памочніц: повара 3-га разраду Марыю Іванову (на здымку злева) і рабочую кухні Алену Скірман, адзначае іх адказнасць і працавітасць. Дзяўчаты, у сваю чаргу, прызнаюцца, што вучацца майстэрству у Марыі Ягораўны. Яна вопытны настаўнік, прызнаны майстар, сваім прыкладам паказвае маладзейшым калегам, што смачна прыгатаваная ежа – гэта не асобная ўдача, а ўкладзенае ў страву старанне, добрыя веды, творчасць таго, хто гатуе, што прыгожа накрыты стол, ветлівае абслугоўванне таксама патрабуюць і самааддачы, і жадання стварыць прыемную атмасферу для сваіх гасцей.
Гэтыя прынцыпы і закладзены ў аснову работы калектыву. Таму і не дзіва, што “Фартуна” вельмі папулярная ў заказчыкаў, і банкетная зала бара пастаянна запатрабаваная.
Немалаважным момантам у папулярызацыі ўстановы стала распрацоўка фірменных страў, якія гатуюць толькі ў бары “Фартуна”. І кожны, хто святкаваў тут якую падзею, абавязкова адзначае руку майстра ў своеасабліва прыгатаваных салаце “Закаханыя”, блінчыках “Пастушья сумка”, страве са свініны “Мешочек изобилия”, з рыбы – “Карп в камышах”.
Слова “фартуна” азначае ўдачу, але калектыў на яе не разлічвае, напра-цоўвае аўтарытэт сваім стараннем і прафесіяналізмам. А вось госці “Фартуны” адзначаюць, што для іх асабіста ўдачным стала рашэнне правесці ўрачыстасць у гэтым бары.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №89 ад 16.11.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *