Доска почёта Шумилинского района: Сергей Баранов

Актуалии Общество Экономика

Служыць  зямлі  – і  гэта  ганарова
Прозвішча галоўнага агранома КУСГП “Ульскі” Сяргея Станіслававіча Баранава занесена на раённую Дошку гонару.

На сённяшні дзень ён адзіны галоўны аграном у раёне, за плячыма якога 36 гадоў работы на адным і тым жа прадпрыемстве. Да Сяргея Баранава звяртаюцца за парадай калегі, прыслухоўваюцца да меркавання прафесіянала.
Сяргей Станіслававіч не вельмі гаваркі, а калі справа ідзе пра яго асобу і біяграфію, дык і зусім маўклівы. Маўляў, знайшлі героя. Каб напісаць пра Сяргея Станіслававіча, прыйшлося перагаварыць з паловай калектыву КУСГП “Ульскі”. Усе адзінагалосна ахарактарызавалі Сяргея Баранава як талковага, энергічнага, разважлівага чалавека, спецыяліста, які заўсёды ведае, што, дзе і калі трэба сеяць ці ўбіраць, які адстойвае свой пункт гледжання, калі дакладна ведае, што ён правільны”.
Родам з Мікалаева, Сяргей Баранаў нарадзіўся ў сям’і будаўніка, маці працавала бібліятэкарам. Хлопца з дзяцінства ціка-віла земляробства. Напэўна таму, што сам вырас у вёсцы, а бацькі ўсё жыццё апрацоўвалі агарод. А як на ім атрымаць лепшы ўраджай – на гэтае пытанне спрабаваў адказаць Сяргей. Адказаў. Але толькі тады, калі вывучыўся ў Вялікалуцкім сельскагаспадарчым інстытуце на агранома. У 1983 годзе, калі прыехаў на радзіму на адпрацоўку, яго адразу прызначылі галоўным аграномам КУСГП “Ульскі”. Тут і працуе без перапынку.
Вясной, летам і восенню ў галоўнага агранома ні хвіліны пакою. Працоўны дзень пачынаецца а шостай гадзіне раніцы. На машынным двары  збіраюцца ўсе спецыялісты. Вызначаюцца аб’ём і маштаб работ з улікам надвор’я, размяркоўваецца тэхніка, выпісваюцца пуцёўкі.  Галоўнаму аграному трэба арганізаваць работу так, каб працэс ішоў, як кажуць, без сучка і задзірынкі. Неабходна кожнаму растлумачыць тэхналогію, а потым і пракантраляваць. З поля аграном вяртаецца ў ліку апошніх. А ў галаве ўжо прыкідвае, што будзе рабіць заўтра. І так – з сакавіка па кастрычнік, пакуль з палеткаў не звязуць апошні ўраджай.
Пра сялянскую работу кажуць: “Восень – работ восем”. І з гэтым Сяргей Станіслававіч поўнасцю згодны.  Нядаўна закончылася ўборка зернебабовых, цяпер трэба салому прыбіраць, на палетках працуюць трактары з плугамі і сеялкамі –  пачалася сяўба азімых зерневых. Для агранома што ні ёсць гарачы час. Плюс працягваецца нарыхтоўка кармоў, а наперадзе чакае ўборка кукурузы. І якасць работы, і яе тэмпы ў многім залежаць ад разваротлівасці агранома, яго вопыту, згуртаванасці з калектывам. Гэтага якраз у Сяргея Станіслававіча не бракуе. Ён выдатна ведае механізатараў, здольнасці кожнага. У сваю чаргу механізатары прывыклі да патрабаванняў свайго агранома, строгага і справядлівага, які ніколі і нікому не дае хібіць у рабоце.
Зараз у КУСГП “Ульскі” Сяргей Баранаў адзіны аграном: і галоўны, і насеннявод, і аграхімік. На сельскагаспадарчых палетках ён і гаспадар, і стратэг, і творца. Вядома, працаваць цяжка. Але Сяргей Станіслававіч умее планаваць сваю работу, ставіць задачы перад механізатарамі, вызначаць мэты. Бачна, што любіць сваю прафесію.  І гэта зразумела: служыць зямлі –  ці ёсць што больш ганарова?
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2019 г.