В Шумилино прошли мероприятия к Дню защитников Отечества и Вооруженных Сил Рэспублики Беларусь

Актуалии Новости

ХВІЛІНЫ МАЎЧАННЯ –  БЯСКОНЦАСЦЬ
21-23 лютага ў раёне праходзілі  мерапрыемствы з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Гэта іх свята. Свята ветэрана, які ссутуліўся пад цяжарам узнагарод і, здаецца, баявых успамінаў; маладога яшчэ бязвусага салдата, які ўпэўнены, што служыць – свяшчэнны абавязак кожнага мужчыны; трохгадовага карапуза, які нічога яшчэ і не думае, проста ведае, што 23 лютага – свята будучых мужчын, а значыць – яго свята. І ніхто з іх у гэтыя дні не застаўся без увагі. Бо якімі б моцнымі і эмансіпіраванымі ні былі сёння жанчыны, у цяжкую хвіліну яны спадзяюцца толькі на мужчын, на іх мужнасць, уменне прымаць рашэнні, дапамагаць і ратаваць.
21 лютага, 16 гадзін. На гарадской плошчы кіраўніцтва раёна, ветэраны, дзеці і моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў. У суправаджэнні аркестра калона рухаецца ў бок брацкіх могілак, дзе кожны год у гэты дзень гарыць вечны агонь.
“Першапачаткова ў  гэтым дні закладзены вялікі сэнс любіць, шанаваць і абараняць сваю Айчыну. Сыны Шуміліншчыны штогод папаўняюць рады Узброеных Сіл. Афіцэры і салдаты – нашы землякі, годна працягваюць слаўныя баявыя традыцыі сваіх прадзедаў, дзедаў і бацькоў”, – па-ваеннаму лаканічна і пранікнёна гаворыць ваенны камісар раёна падпалкоўнік А. Г. Чарняўскі. Слова на мітынгу бярэ і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава, і член райкама ГА БРСМ Алена Шчарбініна. Хвіліна маўчання. Да помніка нясуць вянкі і кветкі. Кіраўнік раёна У. П. Куранны разам са сваім намеснікам А. П. Быкавым ускладаюць да помніка вянок у знак ушанавання памяці вызваліцеляў Шуміліншчыны ад фашыстаў.
Святочныя мерапрыемствы працягваліся ў раённым Цэнтры культуры канцэртам, дзе выступалі артысты музычнай школы, эстрадныя і самадзейныя артысты, салісты.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №15 ад 25.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *