Шумилинские ветераны провели встречу с ветеранами из Витебска

Общество

І гасціннасць шумілінскай зямлі
На мінулым тыдні ў раённым Цэнтры культуры  адбылося мерапрыемства для ветэранаў “Вясёлыя сустрэчы”. На сустрэчу да нашых ветэранаў прыехалі члены ветэранскай арганізацыі з Першамайскага раёна г. Віцебска.
“Сімвалічна, што мы завіталі да вас у Год гасціннасці, – сказаў у сваёй прамове старшыня ветэранскага клуба “Сяброўства” Першамайскага раёна г. Віцебска А. У. Казлоў. – А гасцей сёння многа – толькі з Віцебска прыехалі семдзесят чалавек.  Мы бачым, што на шумілінскай зямлі жывуць адкрытыя творчыя людзі, якія любяць сустракаць гасцей”.
Ветэраны, у былым людзі розных прафесій, з’ехаліся ў Шуміліна не проста так. Кожны калектыў прыехаў з песнямі, танцамі, вершамі ці творамі ўласнага сачынення. І народная музыка, і класічная ўспрымалася гледачамі “на ўра”.  Па ўсяму было бачна, што такая сустрэча ўсім на карысць, бо часцей за ўсё людзям пажылога ўзросту не хапае ўзаемін, а некаторым няма з кім падзяліцца сваімі радасцямі і праблемамі. Падчас сустрэчы кожны меў магчымасць выгаварыцца, а галоўнае –  адчуць сябе патрэбным. Патрэбным іншым людзям, сваім сябрам, патрэбным шумілінскай сцэне, бо без выступлення кожнага канцэрт бы не атрымаўся такім яркім і запамінальным. Кожны з артыстаў – гэта нібыта самародак, які адкрываў свае грані таленту. Бачна было, што музыка, выставы сваіх вырабаў для ветэранаў Віцебска і Шуміліна – гэта спосаб самавыяўлення, імкнення рэалізаваць свае здольнасці праз творчасць. І гэта атрымалася.  Галоўнае, што гэта было ад душы, што ветэраны падарылі сабе свята і некалькі гадзін радаснага настрою.
Сустрэча ветэранаў прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. У арганізацыі канцэрта вельмі дапамаглі работнікі раённага Цэнтра культуры, якія падрыхтавалі цікавы сцэнарый.
Кожны з калектываў, што прыехаў на Шуміліншчыну, паказаў свае творчыя таленты.  Салісты клуба “Ветэран”,  вакальнай групы “Залаты ўзрост”, ветэранскага клуба  “Сяброўства” падарылі гледачам шмат лірычных задушэўных песень.   Народны фальклорны ансамбль “Жалейка” Цэнтра культуры  “Залатое кальцо” г. Віцебска радаваў музыкай на баяне, жалейцы, бубне і іншых інструментах. З шумілінскай сцэны гучала фартэпіянная класічная музыка, рамансы і  мелодыя сапраўдных гусляў – такі вось падарунак для ўсіх гасцей падрыхтаваў  ансамбль “Арыён” культурна-дзелавога Цэнтра “Першамайскі”.  Канцэрт быў рытмічным і вясёлым, многія нумары мастацкай самадзейнасці прымаліся на “біс”.
Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава падзякавала гасцям за добрыя песні і шчырыя пажаданні і падарыла ім сувеніры. Дарэчы, ідэя праводзіць вось такія сустрэчы прыйшла зусім нядаўна, калі Кацярына Фамінічна сустракалася ў абласным цэнтры з віцебскімі ветэранамі. “Такія сустрэчы – гэта нібы аддушына ад паўсядзённай жыццёвай мітусяніны,  – дадала кіраўнік народнага клуба “Ветэран” Г. М. Аляксеева. – Думаю, мы і надалей будзем сустракацца з віцебскімі ветэранамі.”
Напрыканцы свята ўсіх ветэранаў чакала дыскатэка. Падчас вясёлага вальса ветэраны змаглі яшчэ бліжэй пазнаёміцца, сказаць адзін аднаму дзякуй за цёплую сустрэчу, за добрыя музыку і песні. Шумілінскія і віцебскія ветэраны абмяняліся тэлефонамі і адрасамі, паабяцалі прыязджаць адзін да аднаго ў госці. Дарэчы, падчас свята спецыялісты раённага Цэнтра дзяцей і моладзі арганізавалі выставу “Традыцыі і сучаснасць”. Тут можна было ўбачыць творчыя работы па вышыўцы, саломапляценні, выцінанцы  ўдзельнікаў адукацыйнага цэнтра для дарослых.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №17 ад 04.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *