В первую субботу марта в Шумилино прошли масленичные гуляния и зимняя спартакиада сельских жителей

Общество

Дзе бліны, там і мы!
Усё. Адгулялі Масленіцу. Адгулялі гучна: з блінамі, песнямі, спартыўнымі забавамі і спальваннем чучала. А як па-іншаму: калі быць сціплым у святкаваннях Масленіцы, рызыкуеш увесь год правесці ў няшчасці. Ва ўсялякім разе, у гэтым былі ўпэўнены нашы продкі. Ну, і мы таксама не супраць правесці зіму і сустрэць вясну весела. І няважна, што сёлетняя зіма аказалася не вельмі пераканаўчай у сваёй ролі. Усякае бывае – не адмяняць жа свята.
Галоўны сімвал свята – бліны – смажыліся прама ў гарадскім парку, дзе і ладзіліся асноўныя гулянні. Народны клуб аматараў нацыянальнай кухні “Разынка” частаваў гарачымі блінамі прама з патэльні. Шмат ахвочых знайшлося і на іншыя прысмакі гаспадынь клуба. Купіць наздраватыя пухкія бліны можна было і ў лаўках райспажыўтаварыства. Як і заўжды, народ мацаваў сілы, а заадно і грэўся поліўкай, чарга за якой доўга не спадала. За 5 тысяч прадавалі малую порцыю, за 10 – вялікую. Многія “вопытныя” падыходзілі адразу са слоікамі. Калі працягваць гаворку пра “масленічны” гандаль, то нейкай маштабнасці ў гэтай справе не назіралася. Праўда, пры жаданні свята можна было пакінуць не без пакупак. Свае магчымасці дэманстравала ў асноўным райспажыўтаварыства. Прадавалі ялавічыну па 40 тысяч (а то і па 21), фарш па 53 і каўбаскі пальцам пханыя па 57 тысяч, галубцы можна было купіць, аддаўшы крыху больш за 30 тысяч. Тут можна было паласавацца смажаным шашлыком і каўбаскамі, было багата салодкіх  прысмакаў, ад пернікаў да пірожных. Гандлявалі і прамтаварамі, але ахвочых да гэтага дужа не было. Ды і наогул, у чарзе прыйшлося пастаяць толькі тым, хто хацеў поліўкі і пакатацца на поні. Каб пакінуць памяць пра свята, можна было набыць сувенір адмысловых майстроў Дома рамёстваў. Для дзяцей усялякую драбязу прадавалі прыватнікі.
Дзве гадзіны сцэна ў парку належала артыстам раённага Цэнтра культуры, самадзейным салістам. Яны жартавалі пра цешчу і зяця, сыпалі прымаўкамі і прыказкамі пра Масленіцу, пелі масленічныя песні. На сцэну выходзіла і Зіма: якая б ні была, а пазіцый сваіх здаваць не хацела. Народ удзельнічаў у забавах, некаторыя танцавалі. Цэнтр дзяцей і моладзі ўзяў на сябе задачу займаць спартыўнымі гульнямі дзетвару.
Кульмінацыя гулянняў – спальванне чучала Зімы, як сімвал надыходу вясны. А цяпер – сем тыдняў посту, аж да самага Вялікадня.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Масленіца спартыўная
А якая ж Масленіца без спартыўных баталій? На гарадскім стадыёне прайшла традыцыйная раённая зімовая спартакіяда  сельскіх жыхароў. Праўда, каманды выставілі толькі ААТ “Лаўжанскае”, ААТ “Прыазёрны мір”, УП  “Шумілінскі райаграсэрвіс” і  КУСГП“Сіроцінскі”. Тут жа была арганізавана традыцыйная масленічная забава – слуп. Галоўны прыз – певень – паехаў у Мікіціху.
Адкрывала спартакіяду лёгкаатлетычная эстафета. Гэты від спорту – новы для зімовай спартакіяды, уведзены з-за адсутнасці снегу. Лепшыя лёгкаатлеты ў “Сіроцінскім”, дапоўнілі прызавую тройку спартсмены з “Лаўжанскага” і “Райаграсэрвісу”.
Было што паглядзець на  спаборніцтвах па настольным тэнісе. Сабраўся цікавы склад удзельнікаў, як вынік – непрадказальныя гульні. Перамогу святкавалі аматары “малой ракеткі” з “Лаўжанскага”, другімі сталі тэнісісты “Райаграсэрвісу”, трэцімі – сіроцінцы.
А вось у стрытболе, можна сказаць, атрымалі нечаканыя вынікі. Неаднаразовыя пераможцы – каманда з “Лаўжанскага” – на гэты раз саступілі пальму першынства і сёлета сталі другімі. У няпростай барацьбе перамогу вырвалі баскетбалісты “Райаграсэрвісу”.
Прызавая тройка ў гіравым спорце наступная: першае месца – “Лаўжанскае”, другое – “Сіроцінскі”, трэцяе – “Райаграсэрвіс”.
Завяршалі спартакіяду канатчыкі. І зноў жа, па традыцыі, па-за канкурэнцыяй асілкі  з “Райаграсэрвісу”, якія “перацягнулі”  “Лаўжанскае” і “Сіроцінскі”.
Выніковая прызавая тройка зімовай спартакіяды: першае месца – ААТ “Лаўжанскае”, другое – УП  “Шумілінскі райаграсэрвіс”, трэцяе – КУСГП “Сіроцінскі”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №17 ад 04.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *