Шумилино чествовало лучших работников и лучшие трудовые коллективы

Главное Общество Экономика

Дзякуй за працу, стараннасцьі мэтанакіраванасць

У мінулую суботу прайшло раённае свята – форум перадавікоў «Гордасць Шуміліншчыны», на якім адбылася цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў звання «Чалавек года Шуміліншчыны», а таксама ўшанаванне лепшых работнікаў і калектываў многіх сфер дзейнасці рэгіёна, якія дабіліся найлепшых вынікаў у рабоце за 2020 год.


Урачыстасці ладзіліся ў Лаўжанскім сельскім цэнтры культуры і вольнага часу, дзе сабраліся кіраўніцтва раёна, госці, ветэраны працы, дэлегацыі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый раёна. На форум перадавікоў прыехала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова.

«За званнем «Гордасць Шуміліншчыны» – не імгненны трыумф, а аўтарытэт, які назапашваўся гадамі, у ім адлюстраваліся прафесійнае майстэрства, упартасць, перадавыя падыходы, – падкрэсліў у сваім выступленні, адкрываючы свята, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў. – Няма сумненняў у тым, што вы робіце намнога больш, чым расказваюць пра вас узнагародныя лісты і прадстаўленні. Ваша добрасумленная праца і мэтанакіраванасць умацоўваюць імідж нашага раёна.
Па выніках работы за 2020 год двое прадстаўнікоў нашага раёна – трактарыст унітарнага прадпрыемства жыллёва–камунальнай гаспадаркі Павел Барысоўскі і дэпутат раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава – удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны». Шчыра дзякуем ім за работу і віншуем з атрыманнем высокага звання.
Сёння мы прымаем эстафету ўшаноўвання лепшых працаўнікоў раёна па выніках работы за мінулы год. Так і павінна быць: лепшых людзей павінны ведаць усе, раўняцца на іх і браць прыклад. Асабліва наша падрастаючае пакаленне».
Кіраўнік раёна адзначыў, што нягледзячы на ўсе складанасці мінулага года, у раёне забяспечана стабільная сацыяльна-палітычная абстаноўка, назіраецца станоўчая дынаміка ў эканамічным развіцці. Удалося забяспечыць бесперабойную работу прадпрыемстваў, захаваць працоўныя калектывы.
Мінулы год стаў вельмі сур’ёзным экзаменам на трываласць для ўсіх работнікаў аховы здароўя. Калектыў прадэманстраваў здольнасць працаваць у экстрэмальных умовах пандэміі.
Так, урач-тэрапеўт Шумілінскай ЦРБ Алена Георгіеўна Віеру, не лічачыся з часам, узяла на сябе ролю каардынатара пры размеркаванні патоку пацыентаў «чырвонай» і «зялёнай» зон, распрацоўвала сістэму ўліку пацыентаў з кавід-інфекцыяй і кантактаў першага ўзроўню. Але самай складанай і адказнай была работа калектыву аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі бальніцы, які таксама заслужыў слоў удзячнасці і пашаны. Пры падтрымцы раённага кіраўніцтва, прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў, нераўнадушных грамадзян са сваімі задачамі шумілінскія медыкі справіліся годна.
Дзякуючы плённай і самаадданай працы механізатараў і жывёлаводаў, такіх, як механізатар з «Прыазёрнага міру» Аляксандр Раманятаў, цялятніца з фермы Паратоўка «Шумілінскага райаграсэрвісу» Ірына Уробушкіна, удалося дабіцца станоўчай дынамікі ў сельскагаспадарчай галіне.
Важкі ўклад у развіццё раёна забяспечаны будаўнічай галіной і прамысловасцю. Летась былі пабудаваны станцыі абезжалезвання ў Амбросавічах і Крывым Сяле, вядуцца работы ў Пабедзе, пабудаваны 40-кватэрны жылы дом у райцэнтры, распачата будаўніцтва яшчэ аднаго. Працягвае рэалізацыю другога этапа мадэрнізацыі вытворчасці Обальскі керамічны завод. Закуплена абсталяванне для рэканструкцыі тунэльнай печкі ў цэху №2. Рэалізацыя многіх паказчыкаў і задач была б немагчымая без зладжанай работы калектываў, такіх як брыгада сантэхнікаў «Шумілінскай ПМК-70» на чале са старшым майстрам Сяргеем Філімовічам, аддзел па камерцыйнай рабоце ОКЗ на чале з начальнікам аддзела Антонам Барташам, цэх «Вітконпрадукта» пад кіраўніцтвам Паўла Шустрова.
Віктар Сяргеевіч знайшоў адметныя і асаблівыя словы для кожнага лаўрэата звання «Чалавек года Шуміліншчыны», лепшых калектываў і работнікаў, падкрэсліўшы тым самым, што людзі, сапраўды, сваёй шчырай, нястомнай і плённай працай уносяць неацэнны ўклад у развіццё раёна, заслужылі прызнанне грамадства.
«Селета ў Шуміліне пройдуць абласныя «Дажынкі», гэта дасць нам магчымасць удасканаліць работу аб’ектаў гандлю, сувязі, умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту, добраўпарадкаваць многія аб’екты. У Год народнага адзінства нас аб’яднаюць агульныя мэты і памкненні зрабіць нашу родную зямлю больш прыгожай. У многім гэта будзе залежыць ад праяўлення ініцыятывы кожнага з нас. Не думаю, што нехта захоча застацца ў баку», – адзначыў Віктар Сяргеевіч Гутараў.
Кіраўнік раёна павіншаваў усіх з працоўнымі дасягненнямі і ўручыў узнагароды. Дыпломы лаўрэатаў звання «Чалавек года Шуміліншчыны» па выніках работы за 2020 год атрымалі Віеру Алена Георгіеўна, урач-тэрапеўт Шумілінскай ЦРБ; Гаралевіч Мікалай Уладзіміравіч, начальнік аддзялення ДАІ аддзела ўнутраных спраў; Логінаў Мікалай Пятровіч, ва-дзіцель пагрузчыка Шумілінскага ДРБУ №204; Раманятаў Аляксандр Леанідавіч, інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка ААТ «Прыазёрны мір»; Філімовіч Сяргей Віктаравіч, старшы майстар «Шумілінскай ПМК–70»; Уробушкіна Ірына Міхайлаўна, жывёлавод фермы Паратоўка «Шумілінскага райаграсэрвісу»; Шустроў Павел Мікалаевіч, начальнік цэха забоя птушкі «Шуміліна» ТАА «Вітконпрадукт».
Ганаровымі граматамі райвыканкама і грашовымі прэміямі былі адзначаны пераможцы раённых спаборніцтваў сярод сельскагаспадарчых арганізацый, асобных работнікаў, якія дасягнулі лепшых вынікаў у развіцці аграпрамысловага комплексу ў 2020 годзе.
Дыпломы пераможцаў спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна былі ўручаны кіраўнікам 14 прадпрыемстваў і падраздзяленняў арганізацый раёна. Калектывы ААТ «Ляжні» (дырэктар А. Папіна), аддзела па камерцыйнай рабоце ОКЗ (начальнік аддзела А. Барташ), аддзялення анестэзіялогіі і рэані-мацыі ЦРБ (загадчыца А. Трубачова), УП «Славянскі прадукт» (дырэктар Я. Салдатаў) атрымалі Пераходныя сцягі пераможцы.
Павіншавала з ганаровымі званнямі лаўрэатаў і пераможцаў спаборніцтваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова, пажадала моцнага здароўя, аптымізму, шчырасці, актыўнасці і руплівасці.
Яркую і разнастайную канцэртную праграму падрыхтавалі раённыя артысты мастацкай самадзейнасці.
У фае клуба работнікі раённай бібліятэкі аформілі вялікую выставу пра вядомых і славутых людзей Шуміліншчыны, якія ў розныя часы праслаўлялі раён сваёй працай і актыўнай жыццёвай пазіцыяй і якія сёлета з’яўляюцца юбілярамі.
Так, Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей прадаставіў матэрыялы пра Героя Сацыялістычнай Працы Соф’ю Пальвінскую (100 год) і вядомага мастака Уладзіміра Белавусава (100 год), бібліятэка – пра ўраджэнца в. В. Ляжні, вядомага савецкага гісторыка медыцыны, прафесара Феадосія Барадуліна (125 год) і паэта Алега Салтука (75 год). Обальская СШ, Шумілінская СШ №1 і Мікіціхінская СШ прэзентавалі матэрыялы пра Герояў Савецкага Саюза Зінаіду Партнову (95 год), Дзмітрыя Мінчугова (110 год) і Мікалая Ласкунова (110 год). Кардонская СШ – пра загінуўшых афганцаў Пятра Чуркіна (75 год) і Анатоля Скобава (70 год), рэдакцыя газеты – пра былога рэдактара Эдуарда Дамарацкага, якому сёлета магло б споўніцца 85. Дом рамёстваў прадставіў «жывую выставу» ў асобе юбіляра-майстра ганчарных вырабаў Аляксандра Любімава (50 год).
Падмацавацца, выпіць чаю ці кавы, паласавацца пірожнымі і тортамі дала магчымасць выязное кафэ «У Алены» ІП Васіля Мацуганава.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №16 ад 02.03.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *