Районная Доска почёта

Актуалии Общество

Спяшацца на дапамогу – у характары
Наталля Мікалаеўна Антоненка, фельчар 1-ай катэгорыі выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі ўстановы аховы здароўя “Шумілінская цэнтральная раённая бальніца” за добрыя вынікі ў рабоце вылучана на раённую Дошку гонару
“Такая прыемная, уважлівая, добрая фельчар прыязджала на выклік. На першы погляд – зусім дзяўчына, а якая ўпэўненасць у дзеяннях, як шчыра яна спачувае хвораму і яго блізкім… Перадайце праз раённую газету падзяку ёй за добрае сэрца, за клопат, за дапамогу.”
Гэтыя радкі пра Наталлю Антоненка, фельчара 1-ай катэгорыі выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Шумілінскай ЦРБ, мы выбралі з дасланых нам у рэдакцыю лістоў.
Падзякі пацыентаў, ухвальныя словы кіраўніцтва і калег — абсалютна заслужанае прызнанне прафесійнага майстэрства гэтага медработніка. А інакш і не можа быць, бо, як сама Наталля прызнаецца, заўжды стараецца выконваць любую справу на выдатна. Да гэтага прывучыла з дзяцінства мама, якая імкнулася выхоўваць дачку адказнай і сумленнай. Надзеі бацькоў яна апраўдала: выдатніцай-медалісткай скончыла Мікіціхінскую СШ, чырвоны дыплом – вынік вучобы ў медвучылішчы. Дзе б ні працавала – хваляць, у сям’і – добрая гаспадыня, клапатлівая дачка, жонка і маці.
“Стараюся адносіцца да іншых, як бы хацела, каб адносіліся да мяне”, – дзеліцца Наталля Мікалаеўна, і адразу разумееш, што на “хуткай” гэты чалавек працуе невыпадкова, бо ў характары – заўжды першай спяшацца на дапамогу.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №89 ад 16.11.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *