В Комитете госконтроля

Вестник Комитета госконтроля

Па структуры ЖКГ
Па даручэнні старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь на Віцебшчыне з 12 лютага г. г. працуе абласная камісія па вывучэнні праблемных пытанняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Прааналізавана дзеючая структура ЖКГ. Адзначана, што ў сістэму  ўваходзіць 71 прадпрыемства (25 тысяч працуючых) з правам юрыдычнай асобы, з іх 6 прадпрыемстваў абласной формы ўласнасці, 25 – гарадской, 37 – раённай, 3 акцыянерныя таварыствы.
Шматпрофільнасць прадпрыемстваў, утрыманне на балансе неўласцівых галіне аб’ектаў і вытворчасцей (лазні, гасцініцы, рытуальнае абслугоўванне і інш.), стратных ці нізкарэнтабельных – усё гэта, на думку членаў камісіі, не робіць ЖКГ гібкай па зніжэнні сабекошту асноўных відаў паслуг. Выдзяляюцца грашовыя сродкі на ўтрыманне гэтых “дробных” відаў дзейнасці замест таго, каб сродкі ўкладваць у мадэрнізацыю. Напрыклад, у Лепельскім, Талачынскім і Чашніцкім раёнах створаны па два аналагічныя прадпрыемствы ЖКГ, а гэта – дадатковыя выдаткі па ўтрыманні апаратаў кіравання прадпрыемстваў, іншыя выдаткі.
Для ўдасканалення структуры ЖКГ камісія выйшла з прапановай выключыць з відаў дзейнасці прадпрыемстваў паслугі, якія не носяць жыллёва-камунальны характар. Акрамя гэтага, для кіравання  прадпрыемствамі водазабеспячэння і водаадвядзення мэтазгодна стварыць адзін абласны водаканал замест 4 –  у Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку, што дазволіць скараціць сабекошт паслуг у гэтым важным накірунку работы. Быў вынесены яшчэ шэраг прапаноў.
Запланавана праверыць 4 арганізацыі ЖКГ вобласці. Вынікі работы будуць абагульнены рэспубліканскай камісіяй, якая ўнясе на разгляд Кіраўніку дзяржавы праект адпаведнага ўказа.
Пра патэльню з нагарам, і не толькі
Праведзены кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы ў 6 гандлёвых аб’ектах г. Віцебска. У кожным выяўлены парушэнні.
У аб’ектах грамадскага харчавання ААТ “Вітміл” парушаліся санітарныя нормы і правілы, не было патрэбнага парадку ў складах і падсобных памяшканнях рэстарана “Зелена Гура” і кафэ “Маладзёжнае”. Тут, акрамя ўсяго, шафа для смажання, электрапатэльні, проціўні былі з налётам нагару, застарэлыя сляды ад акісленага тлушчу, іржа былі бачны на ракавінах і змяшальніках для вады. У рэстаране прадавалі   пратэрмінаваныя кулінарныя і кандытарскія вырабы.
Далёка не ўсё рабілася для насычэння таварамі, прадугледжанымі ў асартыментным пераліку, і на двух аб’ектах унітарнага прадпрыемства абласной камунальнай уласнасці “База адпачынку “Крупеніна”, размешчаных у Віцебску.
Па выніках праверак у студзені-лютым 2014 г. за дапушчаныя парушэнні ў сферы гандлю да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 31 чалавек, да дысцыплінарнай – 46.
Зноў заляжалае і гнілое?..
Праверка трох гандлёвых аб’ектаў  Верхнядзвінскага райпо  паказала, што ў арганізацыі не кантралююць захаванне Правілаў грамадскага гандлю. У правераных магазінах да рэалізацыі былі прапанаваны 26 найменняў тавараў (каўбасныя, кандытарскія, хлебабулачныя,  марожанае, сыр, віно, піва) з прайшоўшым тэрмінам прыгоднасці, не было парадку з афармленнем цэннікаў, з указаннем даты паступлення, краіны пастаўшчыка.
У адным з правераных магазінаў побач ляжалі гнілая цыбуля рэпчатая, сапсаваныя мандарыны, лімоны  і дабраякасныя апельсіны, мандарыны з лімонамі, капуста.
Праверылі супрацоўнікі Камітэта і ПКГУП “Полацкая ўніверсальная база”. Непрыемна здзівіла, што ў магазіне № 6 “Дысконт” у Полацку на дзень праверкі не было ў продажы ні смятаны, ні сыроў, ні мяса і мясных паўфабрыкатаў, ні вараных каўбас.
Па выніках праверак у Верхнядзвінскім раёне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты юрыдычная асоба і два работнікі на агульную суму 24,8 мільёна рублёў. Пакараны і работнікі Полацкай універсальнай базы.  Інфармацыі аб праверках накіраваны ў Верхнядзвінскі і Полацкі райвыканкамы для прыняцця мер рэагавання.
“Праблемныя” жылыя дамы
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь давёў Віцебскаму аблвыканкаму  заданне па ўводу ў 2013 годзе 600 тысяч кв. м агульнай плошчы жылых дамоў.
Заданне не выканана. Фактычна ўвод склаў 360,2 тысячы кв. м агульнай плошчы жылля, а гэта 60% да гадавога задання і 89,6% да 2012 года. Пры гэтым не захоўваўся графік уводу ў эксплуатацыю шматкватэрных жылых дамоў. Размова пра 4 дамы, тэрмін здачы якіх перанесены з 2013 на 2014 год. Са спазненнем, у студзені 2014 года, здалі два 48-кватэрныя жылыя дамы ў Наваполацку. У пералік жылых дамоў, якія будуюцца з парушэннем нарматыўных тэрмінаў, дадаткова ўключана 7 жылых дамоў, што павінны былі здаць для засялення ў кастрычніку і снежні 2013 года. У студзені 2014 г. пералік “праблемных” дамоў папоўніўся яшчэ 6 даўгабудамі: у Віцебску, Наваполацку, у Аршанскім раёне, у г. Паставы і Новалукомлі. На канец лютага 2014 г. да іх далучыліся яшчэ 7 шматкватэрных жылых дамоў.
Між тым, згодна з даручэннем Кіраўніка дзяржавы  ўказаныя дамы павінны быць здадзены да 1 ліпеня 2014 г. Захаванне тэрмінаў ўводу жылля – пад жорсткім кантролем у Камітэце дзяржкантролю.
Падрыхтаваў Мікалай БАРЫСАЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *