Камітэт дзяржкантролю: Фармалізм і раўнадушша ў сферы аховы здароўя

Вестник Комитета госконтроля

Фармалізм і раўнадушша ў сферы аховы здароўя
Сталаму чалавеку цяжкавата вырашаць свае праблемы, якіх з узростам  становіцца больш, а калі гэты чалавек з’яўляецца інвалідам, сітуацыя пераходзіць у крытычную і патрабуе больш спагадлівых адносін. Аднак часта грамадзяне, якія звярнуліся за дапамогай да работнікаў, што абслугоўваюць сферу аховы здароўя, сутыкаюцца з раўнадушшам і фармалізмам.
На “гарачую лінію” КДК вобласці ў сакавіку патэлефанавала шмат грамадзян сталага ўзросту, якія маюць хранічныя праблемы са здароўем і не атрымалі неабходную дапамогу, звярнуўшыся ў пярвічныя інстанцыі.
Так, пенсіянеру з г. Дзісна Міёрскага раёна, які мае дыягназ “цукровы дыябет”, па яго звароце ў медыцынскую ўстанову была прадастаўлена магчымасць атрымліваць неабходныя прэпараты толькі ў раённым цэнтры – Міёрах, у выніку чаго сталаму чалавеку даводзілася за кошт уласных сродкаў выязджаць за лекамі, пераадольваючы маршрут у 90 км. Па прапанове КДК вобласці УП “Фармацыя” прадаставіла магчымасць атрымліваць пацыенту патрэбныя лекі ў аптэцы, размешчанай у Дзісне.
Шасцідзесяцігадовай жанчыне з Глыбокага з поўнай адсутнасцю зроку на адным воку і крайне слабым зрокам на другім у мясцовым магазіне “Медтэхніка” адмовілі ў забеспячэнні лінзамі і прапанавалі самастойна з’ездзіць у Мінск за акулярамі. Толькі пасля звароту на “гарачую лінію” КДК кіраўніцтва Глыбоцкай раённай бальніцы вырашыла пытанне аб набыцці пацыенткай лінз праз мясцовы магазін.
Аналагічна пасля ўмяшання Камітэта вобласці адміністрацыяй Пастаўскай бальніцы забяспечана накіраванне на дадатковае абследаванне ў Віцебск 55-гадовага мясцовага жыхара, які мае стэнакардыю, для вырашэння пытання аб атрыманні ім групы інваліднасці.
КДК вобласці ў адрас галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама накіраваў прапановы аб прыняцці адпаведных мер рэагавання ў адносінах да ўсіх грамадзян, што звярнуліся на “гарачую лінію”, і прыцягненні да строгай адказнасці службовых асоб, якія фармальна адносяцца да выканання службовых абавязкаў.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №34 ад 30.04.2019 г.