В Комитете госконтроля

Вестник Комитета госконтроля

ДЮСШ і фармальныя паўнамоцтвы
У Шумілінскай ДЮСШ навучацца бясплатна можна па трох відах спорту: валейболе, грэка-рымскай барацьбе і лёгкай атлетыцы.
Для  развіцця спорту ў школе зроблена нямала. Маецца на ўвазе ўмацаванне матэрыяльнай базы, наяўнасць прафесійных спецыялістаў-трэнераў. Аднак, як паказала праверка,  праведзеная супрацоўнікамі Камітэта дзяржкантролю, пры дрэнным кіраванні школай і бескантрольнасці з боку дзяржаўных органаў у ДЮСШ маёмасці стане значна менш. Справа ў тым, што маёмасцю распараджаўся не дырэктар школы (рабіў ён гэта чыста фармальна), а былы начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і былы галоўны бухгалтар. Таму, напэўна, шмат гадоў у школе не праводзілася інвентарызацыя, матэрыяльна адказнымі асобамі значыліся даўно звольненыя работнікі. У выніку на момант праверкі  часткі маёмасці недалічыліся, а нейкая яе частка аказалася лішняй (у ходзе праверкі апрыходаваны 31 прадмет – ад судзейскай вышкі да мяча).
Кожны год ДЮСШ аказвалася бясплатная дапамога, выдзяляліся сродкі на набыццё спартыўнага абсталявання і інвентару, аднак іх размеркаваннем паміж аддзяленнямі займаўся былы начальнік аддзела, а не дырэктар школы. У выніку 4 трэнажоры былі адпраўлены ў аграгарадкі ў трэнажорныя залы агульнаадукацыйных школ. Там займаліся бясплатна, хаця дзе-нідзе і бралася плата за паслугу. Аднак спартыўная школа ад гэтага не мела ні капейкі. Калі ў школе закрылі аддзяленне біятлона, знік  дарагі трэнажор з электрамішэнню. Яго вярнулі пасля праверкі работнікамі Камітэта. Незаконна спісваліся і іншыя спартыўныя прылады. Атрымалі бясплатна абутак для барацьбы, валейбольныя мячы, сеткі і праз два тыдні спісалі іх.
За кошт сродкаў, выдзеленых установе,  аплачваліся расходы, не звязаныя з дзейнасцю школы.  Устаноўлена незаконнае атрыманне бюджэтных сродкаў на суму 21,3 мільёна рублёў, нямэтавае іх расходаванне – 1,3 мільёна, неэфектыўнае – 3,6 мільёна рублёў. Былы галоўны бухгалтар не змагла вызначыцца з  коштам будынка школы, стадыёна, аўтамабіля. На працягу года іх кошт па дакументах зменшыўся ажно ў 10 разоў.
У адносінах вінаватых службовых асоб Камітэтам дзяржкантролю разглядаецца пытанне аб прыцягненні іх да адміністрацыйнай адказнасці.
Якасць тавару – патрэба дня
За 2013 год у 152 гандлёвых аб’ектах праведзены кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы і ва ўсіх выяўлены розныя парушэнні патрабаванняў заканадаўства ў сферы гандлю і бытавога абслугоўвання. Трывожна, што пераважная большасць парушэнняў датычацца захавання якасці рэалізуемых тавараў (работнікамі Камітэта забаронена рэалізацыя тавараў на суму 40,4 мільёна рублёў), а таксама ігнаравання патрэбнага пераліку асартыменту тавараў.
У магазіне КГУП “Орша-Сэрвіс” было дапушчана ў продаж 18 найменняў тавараў з прайшоўшым тэрмінам прыгоднасці на суму 450 тысяч рублёў. Такое ж парушэнне выяўлена ў 4 аб’ектах Гарадоцкага райпо, у іншых райспажыўтаварыствах. Не заўсёды захоўваюцца належныя ўмовы рэалізацыі мясапрадуктаў, рыбы. Іх часта можна ўбачыць побач з паўфабрыкатамі і таварамі, гатовымі да продажу.
Усяго па матэрыялах праверак за 2013 год у сферы гандлю і бытавога абслугоўвання  да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 292 правапарушальнікі з накладаннем штрафаў на суму 97,3 мільёна рублёў, да дысцыплінарнай адказнасці –253 чалавекі, у тым ліку 7 чалавек звольнены.
Падрыхтаваў Мікалай БАРЫСАЎ.
надрукавана ў №13 ад 18.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *