Работники «Шумилинского лесхоза» провели районную отраслевую спартакиаду

Новости Спорт, туризм

На старце – леснікі
У суботу на гарадскім стадыёне ў Шуміліне прайшла галіновая раённая спартакіяда сярод структурных падраздзяленняў “Шумілінскага лясгасу”. За перамогу змагаліся шэсць каманд з лясніцтваў раёна і каманда адміністрацыі лясгасу. Арганізавалі фэст адміністрацыя і прафкам “Шумілінскага лясгасу”, а таксама ФСК “Здароўе” і райкам ГА БРСМ.
На ўрачыстым адкрыцці спартакіяды дырэктар “Шумілінскага лясгасу” І. Я. Папок адзначыў, што прадпрыемства ўпершыню арганізоўвае раённую спартакіяду, хаця шумілінская каманда не першы год годна выступае на абласной і рэспубліканскай спартакіядах. “Хочацца, каб у нас было як мага болей аматараў актыўнага адпачынку, – падкрэсліў кіраўнік прадпрыемства. – Зразумела, што сённяшняя спартакіяда – гэта найперш свята. Хаця яна і прадугледжвае адбор лепшых нашых спартсменаў на абласную спартакіяду”. Ігар Яўгенавіч пажадаў удзельнікам спартыўных перамог і бескампраміснай барацьбы.
Адкрыла спартакіяду лёгкаатлетычная эстафета. Відовішча атрымалася яркае. Чаго-чаго, а жадання перамагчы ў спартсменаў было хоць адбаўляй. Гэта і надавала непрадказальную інтрыгу кожнаму з забегаў. Лепшы час паказалі лёгкаатлеты з Міхіціхінскага лясніцтва.
А далей каманды “дэлегавалі” сваіх спартсменаў на розныя віды спорту. А выбраць, сапраўды, было з чаго, бо спартакіяда праходзіла па васьмі відах спорту.
У спаборніцтвах па дартсу перамог Дзмітрый Раманенка (Мішневіцкае лясніцтва), па шашках – Аляксандр Сяргееў (каманда адміністрацыі лясгасу), у гіравым спорце – Іван Барсукоў (Міхіціхінскае лясніцтва), у армрэслінгу – Вячаслаў Сыройкін (Мішневіцкае лясніцтва).
Любяць у лясгасе настольны тэніс. Пацвярджэнне гэтаму – спаборніцтвы на спартакіядзе. Амаль кожная сустрэча ішла ачко ў ачко. Дарэчы, тут быў заяўлены і кіраўнік Ігар Папок. Многія партыі суправаджаліся гучнымі апладысментамі балельшчыкаў. Пытанне пра пераможцу стаяла да апошняй падачы. Перамогу святкаваў Валянцін Чарткоў з
Мікіціхінскага лясніцтва, дырэктар лясгасу Ігар Папок стаў трэцім.
Бескампрамісна прайшоў турнір па міні-футболе, у якім бралі ўдзел актывісты лясгасаўскай пярвічкі БРСМ. У фінальным паядынку перамогу з лікам 1:0 вырвала  каманда адміністрацыі лясгасу, прычым рашаючы гол забіў Ігар Папок.
Завяршалі спартакіяду спаборніцтвы па перацягванні каната. Гэта, відаць, былі самыя прынцыповыя спаборніцтвы, бо лясгасаўскія канатчыкі доўгі час з’яўляюцца лідарамі ва ўсіх раённых стартах, амаль не маюць канкурэнтаў у вобласці. Прызавая тройка наступная: першае месца – Шумілінскае лясніцтва, другое – Мікіціхінскае, трэцяе – адміністрацыя лясгасу.
На закрыцці спартакіяды кожны пераможца і прызёр асабістых спаборніцтваў атрымаў медаль, дыплом і грашовую прэмію. Таксама такія прызы атрымалі лепшыя ў камандных спаборніцтвах. У камандным заліку месцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца – Мішневіцкае, другое – Міхіціхінскае, трэцяе – Мікалаёўскае лясніцтвы.
Алесь САКАЛОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *