На координационном совете подвели итоги работы по профилактике ВИЧ-инфекции

Здоровье Общество

Тэма пікантная і далікатная
Тэма, пра якую пойдзе гаворка, даволі пікантная і далікатная. Праўда, выключна такой яна была, хутчэй за ўсё, у тыя гады, калі пра секс, а тым больш пра  ВІЧ-інфекцыю  гаварылі мала і неахвотна. І нагоды вялікай не было, і замоўчвалі, бо такая была ідэалогія.
Сёння пра гэта не змаўчыш. Сёння пра гэта трэба крычаць нема, трэба біць у званы. Бо ад учарашняй бяскрыўднасці не засталося і следу. І што самае трывожнае: ВІЧ маладзее. Сёння 56% усіх заражаных на ВІЧ па Рэспубліцы Беларусь складае моладзь ад 15 да 29 гадоў. Менавіта з такой “арыфметыкі” і пачаў сваё выступленне на каардынацыйным савеце галоўны ўрач Шумілінскага РЦГЭ С. А. Конышаў, аналізуючы выкананне мерапрыемстваў па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі за 2013 год і акрэсліваючы задачы на год, які ідзе. У цэлым па Рэспубліцы Беларусь з разліку на 10 тысяч насельніцтва паказчык складае 16,2 выпадку заражэння – ажно на 25,6% больш, чым у 2012 годзе. А гэта насцярожвае, гэта  павінна занепакоіць, павінна ўстрывожыць кожнага з нас. І сям’ю, і школу, і грамадскасць. І тое, што сёння пераважае (85%) заражэнне менавіта палавым шляхам (раней быў іншы крэн – наркотыкі, прытоны, хаця і гэтыя “атрыбуты” важкія),  не дае ніколькі палёгкі. Не сакрэт: секс маладзее, сёння ён  стала перамясціўся ў школы. Напэўна,  даўно прыспеў час вучыць дзяцей засцерагацца ад ВІЧ і іншых хвароб, якія перадаюцца палавым шляхам. Вучыць карыстацца прэзерватывам. І нічога ў гэтым няма непрыстойнага ці ганебнага. Прэч  сарамлівасць, калі стала відавочнай праблема, калі яна агалілася.
На сённяшні дзень у раёне жыве 6 чалавек з ВІЧ. У 2014 годзе выяўлены  хворым на ВІЧ адно дзіця да 3-х гадоў.
Дапоўніла выступленне С. А. Конышава супрацоўніца РЦГЭ М. Ф. Аляксеенка, якая курыруе ў раёне прафілактыку ВІЧ/СНІД. Гаворка ішла пра ўзгодненасць у рабоце гэтага накірунку РЦГЭ і ўстаноў адукацыі. Не абмінулі ўвагай цыган, якія качуюць з раёна ў раён.  Ад іх вялікая бяда. Як вось прыйшла яна ў Лёзна, дзе  з ВІЧ проста “зашкальвае”.
Выслухалі па тэме выступленні намесніка дырэктара УП ЖКГ па ідэалагічнай рабоце Т. У. Лявонавай і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Ф. Мацвейчука. У камунгасе працуе амаль 17% моладзі, і менавіта яна патрабуе ў плане прафілактыкі ВІЧ   пільнай увагі. Не сядзелі склаўшы рукі работнікі культуры. А. Ф. Мацвяйчук прывёў шэраг цікавых і змястоўных мерапрыемстваў, праведзеных  па адзначанай тэме.
Не менш карыснай была гаворка пра прафілактыку іншых заразных хвароб, якія перадаюцца палавым шляхам. Раённы ўрач-дэрматолаг А. А. Карапузава згадала той час, калі па сіфілісу ў раёне лячылася за год да 30 чалавек. Сёння такога няма. Тым не менш праблема застаецца вострай. Як і па ганарэі, і па так званай мікраспарыі (хваробы ад бадзяжных катоў).
Наогул па катах і сабаках. Калі першыя могуць толькі разносіць хваробы, то сабакі – “народ” агрэсіўны. У УП ЖКГ ёсць брыгада па адлове ці ўсыпленні бадзяжных сабак. Відаць, работу брыгада адновіць. Але гэта, хутчэй за ўсё, паўмера. Шкада, што не стае грошай на тое, каб зрабіць вальеры і трымаць там адлоўленых сабак: а ці мала які гаспадар аб’явіцца? Дарэчы, пра гаспадароў. Колькі пісалі і гаварылі пра тое, каб не прыручалі, а пасля не выкідвалі на вуліцу сабак, але воз, як кажуць, і зараз там.  Пачынаць трэба з першапрычыны, з гаспадара, з яго адказнасці – матэрыяльнай у першую чаргу. Праўда, не ведаю, каб некага з нядбайных і бязлітасных гаспадароў аштрафавалі…
Мікалай МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *