В Добейском сельсовете прошёл подворный обход

Президент Сельское хозяйство

Выяўляць праблемы
Падворны абход у Дабейскім сельсавеце праходзіў напярэдадні значнай палітычнай падзеі – выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. З 11 па 13 сакавіка групы райвыканкама абышлі ўсе населеныя пункты сельсавета, завіталі літаральна на кожны падворак. У складзе груп удзельнічалі дэпутаты Дабейскага сельскага Савета дэпутатаў, старэйшыны вёсак. Пад самым пільным кантролем дамы, дзе пражываюць адзінокія састарэлыя людзі, нядобранадзейныя сем’і.
Паднятыя вяскоўцамі ў ходзе абходу пытанні аператыўна вырашаліся старшынёй Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахавай, кіраўнікамі ААТ “Ляжні” В. В. Яцко і ААТ “Прыазёрны мір” А. М. Пытко.
Жыхары аграгарадка Амбросавічы прасілі адрэгуляваць вулічнае асвятленне па вуліцах Кааператыўная і Зялёная, у Дабеі – правесці грэйдзіраванне ці зрабіць падсыпку вуліц, а таксама навесці парадак у магазіне райспажыўтаварыства. Адрамантаваць дарогу прасілі жыхары вёскі Рускі.
Каб вырашыць некаторыя пытанні, патрэбны не толькі час, але, самае галоўнае, значныя фінансы. Так, жыхары вёскі Вялікія Ляжні скардзіліся на якасць вады з мясцовага водаправода. Праблема існуе не толькі ў Ляжнях, але і ў іншых вёсках, пра што добра ведаюць у райвыканкаме. Рашыць яе без замены старых водаправодных сетак на сучасныя, без стварэння станцый абезжалезвання немагчыма, а гэта патрабуе значных выдаткаў, якія для раённага бюджэту непасільныя. Патрабуецца дапамога з вобласці і рэспублікі.
У ходзе абходу члены груп засяроджвалі ўвагу вяскоўцаў на навядзенне парадку ля дамоў і на прысядзібных участках, на рамонце агароджы. Прыходзілася нагадваць гаспадарам і пра правілы ўтрымання сабак – на прывязі ці ў вальеры. А некаторым гаспадарам прыходзілася гаварыць і пра парадак у доме. Хтосьці, атрымаўшы дом ці кватэру, трымае жыллё ў парадку, робіць рамонт, а хтосьці давядзе, як кажуць, “да ручкі” адзін дом і ідзе патрабаваць ад кіраўніцтва гаспадаркі новы.
Мэта падворных абходаў – не толькі высветліць узнікаючыя пытанні, але і працаваць на апярэджанне, не дапускаць узнікнення праблемы. Рашаць такія пытанні можна і трэба сумеснымі намаганнямі – усіх службаў, з удзелам саміх вяскоўцаў.
***
Пасля падворнага абходу на Дабейшчыне засталося даволі прыемнае ўражанне. Асабліва гэта датычыцца в. Лялюгі. Тут практычна на кожным падворку жыве талковы гаспадар. “А ў нас усе стараюцца падтрымліваць парадак, – кажа старэйшына вёскі М. Ц. Лялюга. – Трэба ж, каб не сорамна было перад прыезджым чалавекам і перад самім сабой”. Пенсіянеры вёскі  былі задаволены жыццём, работай аўталаўкі і сувязістаў. Сказалі ўхвальнае слова пра старшыню сельвыканкама І. І. Шалахаву: дапамагае, не пакідае сам-насам з праблемамі. Гаспадынь цікавіла хіба адно: калі, нарэшце, дазволяць вяскоўцам трымаць свіней? Такое ж пытанне хвалявала і жыхароў вёскі Сосніна.
У Войлавічах вяскоўцы наракалі на адно: аджывае вёска. Разабралі будынак былога магазіна, сумнымі вачыма забітых дошкамі вокнаў глядзіць на свет  былы ФАП, у двухпавярховым цагляным доме даўно няма каму жыць.
Разам з тым жыхары выказвалі падзяку дырэктару ААТ “Прыазёрны мір” А. М. Пытко за ўважлівыя адносіны да чалавека, за дапамогу транспартам, калі трэба прывезці дроў. Дарэчы, у Лялюгах, Сосніне і Войлавічах той-сёй трымае кароў. Ім летам з мясцовай гаспадаркі прывезлі па некалькі рулонаў сена.
У Пісараве просяць адрамантаваць дарогу, бо калдобіна на калдобіне. Калі не падсыпаць шчэбенем, то хаця б прагрэйдзіраваць.
Вёска Дабея. Тут больш за сотню падворкаў, і праблем  і прэтэнзій тут было нямала. І  ўсе  – да камунальнай ці дарожнай службаў. Напрыклад, у шматпавярховым доме, што на вуліцы Садовай, патрабуецца рамонт швоў. З падвалам таксама праблема – стаіць вада. На гэтай жа вуліцы многім перашкаджае труба ацяплення, якая перагарадзіла дарогу да дзіцячага садка. Вяскоўцаў цікавіла, калі будзе рамонт у пад’ездах, калі адрамантуюць дарогу да грамадзянскіх могілак, да воінскага пахавання і да новых дамоў сядзібнага тыпу. Пытанне з “барадой” і па рамонце магазіна. Вяскоўцы просяць замест старога будынку з абвіслым дахам паставіць сучасны модуль. Жыхары вуліцы Цэнтральнай звярнуліся з просьбай дапамагчы вырашыць пытанне з затапленнем прыдамавой тэрыторыі ў час дажджоў. Гаспадары расказалі, што прачысціць трубу, дзе стаіць вада, самастойна не могуць.
Усе праблемы вяскоўцаў перададзены адказным службам раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ, Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *