На сессии районного Совета депутатов – вопросы благоустройства и порядка на земле

Актуалии Президент

Псіхалогія не ўтрыманца — гаспадара
Прыгожы і дагледжаны падворак, кветнікі, газоны, з густам, пад узровень абрэзаныя кусты, малыя архітэктурныя формы — гэта і многае іншае паціху, але настойліва ўваходзіць у наша паўсядзённае жыццё. Замест шэрасці, нядбайства і неахайнасці. Менавіта з такой думкі і пачала сваё выступленне на сесіі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава па той рабоце, якая праводзіцца ў раёне па добраўпарадкаванню. Усё больш гаспадароў з узорным парадкам на сваёй сядзібе, не чэзне  творчая фантазія, а галоўнае — мяняецца псіхалогія чалавека. Не ўтрыманца, а сапраўднага гаспадара.
Зацверджаны і плённа працуюць Праграмы “Азёры”, “Двары”, “Кветкі”, “Гаражы”, “Чыстыя палі”, наладжаны шэраг аглядаў-конкурсаў.
Трэба сказаць, што толькі ў 2010 годзе на добраўпарадкаванне накіравана ў раёне 911,6 мільёна рублёў. Вядома, не ўсё робяць грошы, многае залежыць ад сумленнасці чалавека, яго прыстойнага стаўлення да парадку на зямлі. У гэтым плане дапамаглі адзін рэспубліканскі і чатыры раённыя суботнікі. Але не толькі яны. Увайшло ў добрую звычку даглядаць помнікі загінуўшым у гады апошняй вайны. Не высыхае, вобразна кажучы, крыніца творчасці: набывае свой непаўторны вобраз цэнтральны парк у Шуміліне, па-ранейшаму з густам дагледжана тэрыторыя СШ № 1, Обальскай СШ, раённай бібліятэкі, аздараўленчага лагера “Дружба” ў Амбросавічах, многае робіцца ў гэтым плане аддзеламі адукацыі, культуры.
Нямала зроблена па азначанай тэматыцы ў сельскай гаспадарцы. Праводзіцца рэканструкцыя меліярацыйных сістэм, ачышчана ад заглейвання 35,8 км асушальнай сеткі, ідзе абкошванне гадамі занядбаных палёў і прыфермскіх участкаў і прыцягненне іх у актыўны севазварот.
Але не менш трэба зрабіць. Мала яшчэ сядзіб узорнага парадку, не ўсюды з душой падыходзяць да падбору кветак і дэкаратыўных кустоў, неахвотна робяць годнымі зоны адпачынку на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.
Шмат пытанняў па раздзельнаму збору камунальных адыходаў. Тэма настолькі важная і своечасовая, што яе проста немагчыма пераацаніць. УП ЖКГ, і не толькі гэтаму прадпрыемству трэба набыць дадаткова кантэйнераў, прывучыць чалавека раздзяляць бытавое смецце. І галоўнае — давесці ўвесь тэхналагічны працэс да лагічнага канца. Маецца на ўвазе, сартыроўку і прасаванне адыходаў і адпраўку іх на рэалізацыю. Тут не столькі эканамічны, колькі экалагічны бок праблемы. Зноў жа трэба вучыць еўрапейскаму мысленню нашага чалавека.
З мэтай выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 70 “Аб мерах па ўпарадкаванню ўліку і скарачэнню колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці” з часу выхаду закона знесена ў раёне 668 старых і пустуючых дамоў, аднак работа гэта не заўсёды заканчваецца рэкультывацыяй зямельных участкаў.
Больш падрабязна спыніўся на раздзельным зборы смецця і зносу пустуючых дамоў намеснік старшыні райвыканкама В. А. Мядзвецкі. Пакуль што  толкам абсталявана адна пляцоўка па раздзельнаму збору смецця. Такія пляцоўкі павінны быць пры ўсіх шматпавярховых дамах.
На думку дэпутата В. Р. Бурэня, галоўнага санітарнага ўрача раёна, патрэбны кантэйнеры са зручным вечкам, каб яно зачынялася і не разносілася смецце па наваколлі. Да дэпутата Я. У. Філіпава, галоўнага ляснічага Шумілінскага лясгасу, які выступіў у спрэчках, былі прапановы: зрабіць так, каб можна было набыць дабротнае дрэўца ў гадавальніку, а не хадзіць за ім у лес, прыйшоў час лясгасу  паказаць свае лепшыя аб’екты падчас семінараў, нарад і іншых мерапрыемстваў. Удалымі былі выступленні старшыні Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахавай, галоўнага ветурача раёна І. У. Галузы, галоўнага інжынера ПМС М. Я. Пацэвіча. Праўда, прагучала да іх нямала прапаноў і пажаданняў: на Дабейшчыне трэба актывізаваць работу па навядзенню парадку на падворках, больш прынцыповую, калі хочаце, жорсткую пазіцыю трэба займаць на ветэрынарным “фронце”, улічваць інтарэсы сельгасвытворцаў, дамагацца выключнай якасці нашым меліяратарам.
Пад заслону сесіі слова ўзяў старшыня райвыканкама В. А. Падляшчук. Вальдэмар Антонавіч выказаў шэраг слушных заўваг і падказак пры вырашэнні задач, акрэсленых на сесіі раённага Савета дэпутатаў.
Напрыканцы форуму адбылося публічнае абмеркаванне праекта  забудовы Шуміліна на паўднёвым захадзе на бліжэйшую перспектыву (у раёне павароту на Лескавічы). Больш падрабязна мяркуем азнаёміць чытача з праектам і макетам  мікрараёна ў бліжэйшых нумарах раённай газеты.
Мікалай МАРОЗ.

Опубликовано в №75 от 28.09.2010.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *