В Шумилинском районе набирают темпы весенние полевые работы

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

РАЁН ЖЫВЕ ВЕСНАВЫМІ КЛОПАТАМІ
Сельскагаспадарчы Шумілінскі раён жыве сёння веснавымі клопатамі: арганізацыяй работ на палетках, навядзеннем парадку на зямлі, падрыхтоўкай да летне-пашавага ўтрымання жывёлы. Аб гэтым найперш і ішла размова на рабочай нарадзе ў райвыканкаме, якую правёў учора старшыня райвыканкама У. П. Куранны.
Падкормка азімых культур, вываз арганікі, закупка элітных гатункаў яравых зерневых, завяршэнне рамонту пасяўной тэхнікі, забеспячэнне механізатараў спецадзеннем і гарачым харчаваннем і шэраг іншых пытанняў былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў нарады.
Але канчатковай мэтай і сельскагаспадарчай, і прамысловай, і любой іншай вытворчасці з’яўляецца вытворчасць працы, выкананне прагнозных паказчыкаў. Гэта задача нумар адзін, падкрэсліў кіраўнік раёна. А актывізаваць работу пасля “зімовай спячкі”, на яго думку, дапамогуць штотыднёвыя наведванні кіраўніцтвам раёна прадпрыемстваў і арганізацый раёна, правядзенне там семінараў і аглядаў.
Начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікі раённых службаў выступілі са справаздачамі за мінулы тыдзень, расказалі пра надзённыя задачы.
Аліна ПЯТРОВА.
ТЭХНІКА НА СТАРЦЕ
На мінулым тыдні ў КУСГП “Сіроцінскі” адбылася раённая нарада па падрыхтоўцы тэхнікі да сяўбы. На нараду былі запрошаны кіраўнікі і галоўныя інжынеры сельгаспрадпрыемстваў.
Намеснік начальніка райсельгасхарчу В. В. Багатка, які праводзіў нараду, расказаў, што ў гаспадарках раёна ўсяго 259 трактароў.  Гэтага дастаткова, каб своечасова і без збояў правесці пасяўную. Праўда, на мінулым тыдні былі даведзены да ладу толькі 210 трактароў (81% да патрэбнага). А да пасяўной засталося зусім нямнога часу, таму ўсе намаганні сельгаспрадпрыемстваў  накіраваны на тое, каб поўнасцю адрамантаваць трактары і пасяўныя агрэгаты. Васіль Васільевіч больш падрабязна расказаў пра тыя памылкі і недахопы, якія былі заўважаны падчас апошняй праверкі ў многіх майстэрнях сельгасарганізацый.
Месцам для правядзення нарады быў выбраны менавіта КУСГП “Сіроцінскі”, бо тут адна з лепшых лінейка гатоўнасці тэхнікі,  адзначыў Васіль Васільевіч. Сапраўды, трактары, пасяўныя агрэгаты і культыватары, адрамантаваныя і змазаныя, стаялі на мехдвары акурат у радок. Дырэктар гаспадаркі М. У. Прыгодзіч падзяліўся вопытам работы, расказаў пра планы на пасяўную. Разам з тым адзначыў, што гаспадарцы, як паветра, трэба хаця б яшчэ адзін пасяўны агрэгат. “А ўвогуле нашы механізатары рвуцца ў бой, –  запэўніў Мікалай Уладзіміравіч. – Ужо зараз гатовы выехаць на палеткі. На адну змену нам хопіць сваіх механізатараў, ну, а калі спатрэбіцца другая, прыйдуць на дапамогу нашы шэфы з іншых прадпрыемстваў і арганізацый”.
На нарадзе выступіў старшыня прафсаюза работнікаў АПК В. В. Юхнавец. Васіль Васільевіч звярнуў асаблівую ўвагу на тое, каб механізатарам было выдадзена спецадзенне, каб своечасова падвозіліся на палеткі абеды і былі распрацаваны ўмовы спаборніцтваў падчас сяўбы. Пра неабходнасць маральнага і матэрыяльнага стымулявання механізатараў, афармлення стэндаў, на якіх будуць адлюстроўваюцца штодзённыя здабыткі сейбітаў,  расказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. У. Хамаганава.
ЧЫМ КОРМЯЦЬ ПАШЫ?
На палетках раёна працуюць раскідвальнікі мінеральных угнаенняў:  калійныя тукі ўносяцца на пашы і пад яравую сяўбу. Калійных ўгнаенняў завезена 2394 тоны ў дзеючым рэчыве (68% да патрэбнага), а ў бліжэйшы час павінны паступіць з Салігорска недастаючыя тоны.
Горш справы з азотнымі і фосфарнымі ўгнаеннямі. Як патлумачылі спецыялісты райсельгахарчу, з гэтага года не выдзяляюцца бюджэтныя сродкі на закупку. Грошы на іх пакупку бяруць толькі з надбавак, заплачаных дзяржавай за здадзенае малако. “Напрыклад, у сакавіку з надбавак было выдзелена на мінеральныя ўгнаенні  – 1,2 мільярда рублёў”, – кажа начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Н. Э. Мончык.  Але ж гэта мізар.
“Усяго завезена азотных угнаенняў у дзеючым рэчыве 277 тон (8% да патрэбнага), фосфарных –  194 тоны (12% да патрэбнага), – кажа галоўны спецыяліст райсельгасхарчу А. У. Казлова. – Зараз на базе знаходзіцца 153 тоны азотных, 82 тоны фосфарных і 1446 тон калійных ўгнаенняў. Заключаем новыя дагаворы на паступленне тукаў. Напрыклад, у бліжэйшы час з ААТ “Гроднаазот” да нас прывязуць 130 тон азотных ўгнаенняў”.
Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *