Новые подробности про убийство в Добее

Происшествия

“Спіртное робіць з чалавека звера”
У дзень 8 сакавіка раён абляцела зусім несвяточная навіна: на малочнатаварнай ферме ААТ “Прыазёрны мір” адбылося забойства.
Зараз забойца знаходзіцца ў следчым ізалятары, узбуджана крымінальная справа. Злодзею пагражае пазбаўленне волі ад 8 да 25 гадоў або пажыццёвае заключэнне, або смяротная кара. Ідзе расследванне прычыны забойства. Але як увогуле такое магло здарыцца?
Справа ў тым, што ў жаночы дзень загадчыца фермы вырашыла адзначыць свята. Прынесла бутэльку, пачаставала спіртным і жывёлаводаў. Сама пайшла дадому, ну, а мужчынам налітага здалося мала. Пабеглі за дабаўкай. Калі абодва былі добра-такі п’яныя, узнікла бойка. Раней судзімы жывёлавод (ён прыехаў на Шуміліншчыну з Віцебскага раёна) кінуўся на напарніка з нажом. У агрэсіўным стане нанёс пацярпеламу 17 нажавых раненняў, затым абклаў труп саломай і падпаліў.
Жорсткасць, агрэсія, непрадказальныя ўчынкі. Вядома, для нармальнага чалавека гэта нехарактэрна. Але ж раней судзімы мужчына не стаў такім за гадзіну ці дзень. Як высветлілася ён і раней быў садыстам: здзекваўся з жывёлы, нават мог жывое кацяня ўкінуць у топку печкі, мог сабаку адрэзаць галаву. Як расказалі сведкі, такім агрэсіўным мужчына быў толькі ў нецвярозым стане. Думаецца, пра гэта ведала і загадчыца фермы. Дык навошта тады частавала спіртным?
Дарэчы, забойца, як раней судзімы за цяжкае злачынства, стаяў на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. І міліцыянеры даволі часта цікавіліся характарыстыкай на гэтага чалавека. Але кіраўніцтва гаспадаркі кожны раз характарызавала мужчыну як чалавека працавітага. Ніхто ні разу не паведаміў у РАУС пра ягоную агрэсію і садызм.
Прычына большасці сварак, боек і забойстваў у раёне – злоўжыванне спіртным. Вядома, нам далёка да традыцый Усходу, калі госця частуюць кубкам  вады ці гарбаты. Але ж і ў гарэлцы павінна быць мера. І хочацца звярнуцца да ўсіх жыхароў нашага раёна: будзьце ўважлівымі да сваіх калег, знаёмых, суседзяў. Калі нехта з іх у п’яным стане мае садысцкія схільнасці або становіцца агрэсіўным, тэлефануйце пра гэта ў РАУС. Не бойцеся паведаміць нам пра таго чалавека, якога спіртное ператварае ў звера.  Мы будзем прымаць прафілактычныя меры. І, магчыма, ваш званок уратуе чыёсьці жыццё.
В. МЯДЗВЕЦКІ,начальнік РАУС.
Надрукавана ў №25 ад 01.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *