Рейд по неблагополучным семьям — а комиссию ждали в четверг

Закон Общество

А камісію чакалі ў чацвер
Рэйды па сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, ладзяцца рэгулярна. У такіх сем’ях нават чакаюць прыходу ўчастковага ці спецыялістаў аддзела адукацыі. Праўда, толькі ў прывычны дзень – па чацвяргах.
– А мы рыхтаваліся ўчора да прыходу камісіі, хату прыбіралі… таксама ўчора, – шчыра прызналася шматдзетная маці.
Падчас апошняга рэйду, у якім удзельнічалі ўчастковы інспектар РАУС Юрый Сільвестраў, юрысконсультам УП ЖКГ Вячаслаў Емяльянаў і інспектар дзяржпажнагляду Аляксей Лявонаў,  мы наведалі каля двух дзесяткаў сем’яў у Шуміліне.
Трэба адзначыць, што бацькі непаўналетніх дзяцей у гэты дзень усе былі цвярозыя. Тым не менш, хапала іншых праблем. У некаторых мала дроў на зіму, у іншых мала прадуктаў.
Заходзім у адзін з прыватных дамоў. У прыхожай і на кухні цёмна, толькі ад полымя печкі можна нешта ўбачыць. Электрычныя правады нізка над галавой, таго і глядзі – зачэпішся. У інспектара дзяржпажнагляду да гаспадароў шэраг прэтэнзій, ён піша прадпісанне. Падобных парушэнняў па тэхніцы бяспекі эксплуатацыі электраправодкі, па “жучках” у электралічыльніках, па няспраўных печках, было нямала.
А вось за сям’ю, якая пражывае ў “Старым горадзе”, парадаваліся: маладая маці дзіця даглядае. Камісія выказала думку, што ў далейшым жанчыну можна будзе зняць з кантролю. Аднак пакуль у хаце другая бяда –  дзядуля-алкаголік. Падчас нашага прыезду ён знаходзіўся за п’янку ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС. Дамашнія баяцца, што дзядуля ў п’яным ўгары можа спаліць хату. Сям’і парэкамендавалі ўстанавіць пажарны апавяшчальнік, прычым, вывесці святлогукавое ўстройства на вуліцу – каб трывожны сігнал быў бачны суседзям і прахожым.
А вось у наступнай сям’і разам з апавяшчальнікам не перашкодзіў бы і вогнетушыцель – неадрамантаваная печка загружана рыззём, вельмі блізка над топкай сушыцца бялізна. У хаце двое малых дзяцей, яны яшчэ не разумеюць, якой рызыцы падвяргаюць іх бацькі.
Здзівіла сям’я, што пражывае ў наступным прыватным доме. Усе дарослыя (дзядуля, ягоны сын з сужыцелькай) – раней судзімыя. Калі нецвярозыя, у хаце пачынаюцца разборкі. Напрыклад, пад час апошняй сваркі на галаве ў дзядулі разбілі керамічную кружку. Нярэдка сваркі здараюцца на вачах у непаўналетняй дачкі, таму ўчастковы інспектар дзеля прафілактыкі наведвае гэту сям’ю ледзь не кожны тыдзень.
У некаторых сем’ях пратэрмінаваная квартплата, за што кватэраздымшчыкаў збіраюцца выклікаць у суд. Іншыя не плацяць за вываз смецця, за ваду (не знаходзяць тысячу-дзве за месяц). Такіх  юрысконсульт камунгасу таксама ўзяў на кантроль.
У трох наведаных дамах дзяцей  не засталі – іх бацькі адправілі да бабуляў. Дзе-нідзе камісію сустракалі з насцярогай і нават агрэсіўнасцю. Але крыўдаваць трэба на сябе за ўласную безадказнасць, жаданне выпіць без меры, цягу да лёгкага жыцця.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №91 ад 23.11.2010 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *