Тепло пришло. Время подумать про дрова

Актуалии Экономика

Запас бяды не чыніць
Здавалася б, ацяпляльны сезон  практычна закончыўся (не помню, каб у канцы сакавіка стаяла такая цяплынь), можна і  ўздыхнуць з палёгкай – і спажыўцу, і забеспячэнцу.
Спажыўцу  – магчыма, а вось што датычыцца арганізацыі, якая завозіць людзям дровы, брыкет – наўрад.
Стаім на дворыку райпаліўзбыту з дырэктарам арганізацыі У. М. Кійко.
– Ну што, перазімавалі? – завязваю гаворку.
– А якая гэта была зіма?!. Вось стаю і думаю, што рабіць з торфабрыкетам? Яго засталося на складзе 180 тон. А гэта нашы грошы. Цёплая была зіма, і дроў людзі, напэўна, сэканомілі нямала.
– Значыць, у 2014 годзе будуць менш выпісваць…
– Сумняваюся. Сапраўдны гаспадар мае запасы на два-тры гады…
Зараз кубічны метр дроў у райпаліўзбыце каштуе 58800 рублёў (з лістапада 2013 г. яны тысяч на 11 з “куба” падаражэлі), тая норма, што адпускаецца на адно домаўладанне, “пацягне” тысяч на 300. А яшчэ – распілоўванне, пагрузка, дастаўка. Усяго прычэп дроў, папілаваных на цуркі, у межах Шуміліна будзе каштаваць 700-750 тысяч. Гэта па фіксаваных цэнах. Скажам прама, нядорага. Праўда, калі заказаць дровы, напрыклад, з вёскі Духравічы, што на Каўлякоўшчыне (а было ж, жанчына заказала, бо без гаспадара, а дзеці, відаць, далі грошы, каб выпісвала па любой цане), то яны абыдуцца ў добрую капейку. Тым не менш такіх прыкладаў мала. У асноўным чалавек лічыць грошы, эканоміць.
Раз зайшла гаворка пра эканомію, ведаю гаспадароў ладнага жылога дома, дзе да самых траскучых маразоў, да студзеня, палілі ў печы ці грубцы, эканомячы газ.
– І такія гаспадары, у каго праведзены газ і ў хаце застаецца печка, маюць права на дровы па фіксаваных цэнах, – тлумачыць У. М. Кійко. – Гэта зроблена для таго, каб эканомна ставіліся да спажывання прыроднага газу, які паступае з Расіі. Вядома, нагодай для пастаноўкі на ўлік можа быць тэхпашпарт дома, дзе будзе ўказана, што паралельна з газавым у гаспадара есць і пячное ацяпленне.
Сёння праблема – з якасцю дроў. На пляцоўцы райпаліўзбыту ляжыць недзе 30 кубічных метраў хваёвых дроў. Не бяруць людзі, чакаюць, калі паступяць дровы лісцевых парод. Былі і прэтэнзіі, аднойчы дырэктару давялося выязджаць да мужчыны, які, дарэчы, паспеў свае дровы і пакалоць. А раздражняльнікам для яго сталі   суседавы  дровы (яму прывёз нехта машыну чыста бярозавых), маўляў, ашукалі…
Не, проста суседу прывезлі дровы па іншых каналах і не за такую плату, як таму, хто скардзіўся. Дровы, якія ляжалі на пляцоўцы  (а гаворка з У. М. Кійко адбылася 27 сакавіка), без “прымешкаў” дроў лісцевых ніхто не бярэ. Раней за дзень вывозілі і па сем прычэпаў, зараз добра калі тры, і то ўгаворваюць людзей…
– Таму і звяртаюся ў аб’яднанне “Віцебсклес”, каб прывезлі, – гаворыць У. М. Кійко. – Хаця дровы больш дарагія, чым з лясгасу, але што зробіш…Маіх людзей трэба неяк загрузіць работай. І так у лютым давялося два ці тры разы адпачываць, тады была наогул пустая пляцоўка…
Што райпаліўзбыт па-ранейшаму карыстаецца попытам у спажыўцоў, гавораць і лічбы: за мінулы год палівам забяспечылі 1396 домаўладанняў раёна – на 80 больш, чым у 2012 годзе. Рэальна, па сілах  “выцягнуць”, як сказаў У. М. Кійко, і паўтары тысячы спажыўцоў. Былі б толькі рытмічныя пастаўкі дроў і торфабрыкету. А вось брыкету спажылі летась на 30 тон менш, чым год назад.  Ахвотна гэтае паліва бяруць у аграгарадках, у вёсках, наогул няма заказаў на кавалкавы торф з Обалі.
На сённяшні дзень чарга на дровы такая, што іх могуць прывезці праз паўтара-два месяцы.  На брыкет чаргі няма. Невядома, ці застануцца ранейшымі цэны на гэтае паліва, і гэтую акалічнасць сапраўдны гаспадар павінен улічваць, не зацягваць яго нарыхтоўку на самы апошні час, калі стукнуць  халады ды падскочаць цэны.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №26 ад 04.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *