2 апреля в центральной библиотеке г.п. Шумилино прошла встреча, посвящённая Дню единения народов Беларуси и России

Актуалии Общество

“Сіла – у адзінстве”
2 красавіка ў розных гарадах і мястэчках Беларусі і Расіі адзначалася свята яднання двух народаў. З гэтай нагоды тэматычную сустрэчу “Сіла – у адзінстве” ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі наладзілі работнікі ўстаноў культуры раёна, куды запрасілі жыхароў райцэнтра, прадстаўнікоў прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь.
“Дзень яднання народаў сваёй сутнасцю абапіраецца на памяць і вопыт пакаленняў беларусаў і расіян, – гаварыла ў сваім выступленні загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Людміла Мікалаеўна Грыгор’ева. – У той жа час ён сімвалізуе надзею, што нашы народы ніколі не парвуць свае братэрскія сувязі. Гэта і прыклад аднаўлення гістарычнай справядлівасці, калі кіраўнікі дзвюх дзяржаў падпісалі ў 1996 годзе важны дакумент аб утварэнні Садружнасці Беларусі і Расіі.”
Сапраўды, у беларусаў і расіян шмат агульнага: агульныя карані, можна сказаць, адзін лёс і адны выпрабаванні. Беларуска-расійскае братэрства прайшло выпрабаванне часам, выпрабаванне вайной, народы неаднойчы даказвалі сваё імкненне і жаданне быць разам.
Цесныя ў нас і гандлёвыя, і культурныя сувязі.
Беларусь стала родным домам для тысяч расіян, як, дарэчы, і для беларусаў Расія, якія там без аніякіх перашкод жывуць, працуюць і вучацца, ствараюць сем’і, нараджаюць дзяцей.
“У нас адна гісторыя, агульныя трагедыі, у нас агульныя перамогі. А разам мы – больш моцныя, – падсумавала сваё выступленне Л. М. Грыгор’ева.
Выказала жаданне падзяліцца сваімі думкамі і  ўспамінамі ветэран педагагічнай працы Л. Ф. Мурашка, выступіла з віншавальнымі і вітальнымі словамі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая.
Выстава мастацкай літаратуры і перыёдыкі, мультымедыйнае суправаджэнне змястоўнага выступлення Л. М. Грыгор’евай, выступленні гасцей, канцэрт артыстаў мастацкай самадзейнасці не пакінулі раўнадушнымі ўсіх, хто сабраўся ў гэты дзень у чытальнай зале бібліятэкі.
Дарэчы, закончылася сустрэча выкананнем песні, своеасаблівага гімна дзвюх дзяржаў “Дзве сястры – Беларусь і Расія”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №27 ад 08.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *