Криминал. Происшествия

Происшествия

Спроба крадзяжу
Раённая газета пісала пра крадзеж на комплексным прыёмным пункце ў Добрыне, адкуль укралі трыкатажныя вырабы і бялізну. Як высветлілася, на рахунку злодзеяў (яны абодва мясцовыя) ёсць яшчэ і спроба крадзяжу.  Будучы ў стане алкагольнага ап’янення,  яны выставілі шкло з акна мясцовага магазіна. Але рашоткі на вокнах аказаліся надзейнымі. Тады мужчыны вырвалі дзвярны прабой і  спрабавалі пра-нікнуць у магазін. Але іх спужаў аўтамабіль, які праязджаў побач. За спробу крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Грошы
З раённага цэнтра дзяцей і моладзі паведамілі ў РАУС, што ў прыбіральшчыцы ўстановы прапалі грошы. Як высветлілася, іх прыбраў да рук непаўналетні. Ён адчыніў шафу, дзе стаяла сумка з кашальком, і пераклаў грошы ў сваю кішэню. Узбуджана крымінальная справа.
Абавязаная
Абавязаную асобу, ураджэнку Узбекістана, уладкавалі працаваць на адно з прадпрыемстваў раёна. Але жанчына дапусціла больш за дзесяць прагулаў на працягу трох месяцаў. Недаплаты на ўтрыманне непаўналетніх сына і дачкі склалі больш за тры мільёны рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
На месцы злачынства
Непрацуючы жыхар Светласельскага спрабаваў украсці чужы веласіпед. І яму гэта б удалося, каб не пільнасць дваіх сыноў пацярпелай. Хлопцы ўбачылі, што на матчыным веласіпедзе паехаў чужы чалавек, дагналі яго і паведамілі пра здарэнне ў міліцыю. Узбуджана крымінальная справа.
Пажар у Масцішчы
У вёску Масцішча Обальскага сельсавета прыехалі адпачыць на выхадныя чацвёра студэнтаў, бацькам аднаго з якіх належаў дачны дом. Маладыя людзі запалілі печку і пайшлі на вуліцу смажыць шашлыкі. Вядома, на трэшчыны печкі, якая не палілася ўсю зіму, ніхто не звярнуў увагі.
Калі з хаты і паддашку пайшоў дым, маладыя людзі спужаліся і патэлефанавалі ў РАНС. Якраз непадалёку пажарныя тушылі траву, так што праз некалькі хвілін былі ўжо ў Масцішчы. Агонь утаймавалі. Пашкоджаны толькі ўнутраная аддзелка, сцены і мэбля.
Прафілактыка
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі правялі комплекс прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў. На машыны ДАІ былі ўстаноўлены прыборы відэафіксацыі, з дапамогай якіх за дзесяць дзён прафілактычнага мерапрыемства было выяўлена больш за паўсотню парушэнняў хуткасных рэжымаў. Прычым, пераважная большасць з іх – на аўтадарозе Віцебск-Полацк.
Па матэрыялах РАУС і РАНС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №29 ад 15.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *