В Шумилино прошла отчётно-выборная конференция районной организации БРСМ

Актуалии Молодёжь

Падвялі вынікі, абралі кіраўніцтва
11 красавіка найбольш актыўная частка шумілінскай моладзі сабралася на 41-ю справаздачна-выбарную канферэнцыю раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, каб падвесці вынікі работы арганізацыі за апошнія тры гады, вызначыцца з перспектывамі работы на будучыню. У канферэнцыі прынялі ўдзел 100 дэлегатаў з усіх пярвічных арганізацый.
Пачаўся форум з маладзёжнага шэсця. Моладзь пад дзяржаўнымі сцягамі, сцягамі Віцебскай вобласці, Шумілінскага раёна, БРСМ прайшлася ад РЦК па цэнтральных вуліцах райцэнтра да брацкіх могілак, дзе адбыўся мітынг. Ваенны камісар раёна падпалкоўнік А. Г. Чарняўскі адзначыў, што наша моладзь свята захоўвае памяць пра тых, хто загінуў дзеля нашай свабоды. Пра камсамольскае мінулае расказаў сябра “Беларускага саюза афіцэраў” палкоўнік Г. К. Шынкевіч. Са  словамі ад моладзі выступіла вучаніца СШ №2 Вікторыя Бяляева.
Пасля мітынгу моладзь накіравалася ў РЦК для правядзення канферэнцыі, у рабоце якой акрамя дэлегатаў бралі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук, намеснік началь-ніка аддзела В. Г. Навіцкая, старшыня кантрольнай камісіі абласнога камітэта БРСМ І. І. Фадзеева, намеснікі кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна па ідэалагічнай рабоце, актывісты грамадскіх аб’яднанняў.
Са справаздачным дакладам пра дзейнасць раённай арганізацыі ГА БРСМ за 2011-2014 гады выступіў першы сакратар Аляксандр Хмарын. Ён адзначыў, што сёння ў раённай арганізацыі 1021 чалавек, якія аб’яднаны ў 53 пярвічных арганізацыях. Гэта 29% ад агульнай колькасці моладзі ў раёне.
Асноўнымі накірункамі работы маладзёжнага саюза з’яўляюцца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, прапаганда здаровага ладу жыцця, удзел у грамадска-палітычным жыцці раёна, вобласці, краіны, арганізацыя другаснай занятасці, прафілактыка негатыўных з’яў у маладзёжным асяродку.
Сярод найбольш яркіх мерапрыемстваў, што праводзіць БРСМ, – акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!”, “Ветэран жыве побач”, “Цуды на Ражаство”, гульня “Зарніца”, спартыўны фэст “Гульні сапраўдных мужчын”, раённы турысцкі злёт, работа валанцёрскіх атрадаў і маладзёжнага атрада аховы правапарадку, арганізацыя экскурсій.
Аляксандр Хмарын адзначыў, што багата поспехаў у моладзі Шуміліншчыны і на абласным узроўні. Так, напрыклад, каманда нашага раёна стала пераможцай у абласной “Зарніцы”,  маладая сям’я Раманятавых заняла другое месца на абласным этапе конкурсу “Уладар сяла”.
Пра работу сваіх пярвічных арганізацый  расказалі актывісты БРСМ з СШ №1, Цэнтральнай раённай бальніцы, КУСГП “Сіроцінскі”. Найбольш трапным атрымалася выступленне ў Марыны Раманятавай з “Сіроцінскага”. Яна засяродзіла ўвагу на тым, што моладзь не хоча заставацца на вёсцы. А такія мерапрыемствы як “Уладар сяла” ўздымаюць прэстыж сельскага жыцця.
А. Ф. Мацвяйчук  падкрэсліў надзвычайную ролю моладзі у сучасным жыцці. Сёння ад моладзі чакаюць новых крэатыўных ідэй, адзначыў Алег Фёдаравіч, а заўтра ўжо сама моладзь будзе вызначаць будучае сваёй краіны.
Насычаным атрымалася выступленне старшыні раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікавай. Кацярына Фамінічна выказалася і пра сувязь пакаленняў, і пра тое, што ганарыцца сённяшняй моладдзю за яе стаўленне да гісторыі, да ветэранаў.
Прадстаўніца абласнога камітэта БРСМ І. І. Фадзеева параіла раённай арганізацыі больш ўвагі ўдзяляць прапагандзе сямейных каштоўнасцей і здаровага ладу жыцця, другаснай занятасці, маладзёжным будаўнічым атрадам.  Таксама Ірына Іванаўна засяродзіла ўвагу на лідарскіх якасцях актывістаў. “Любая арганізацыя моцная, калі ёсць моцныя лідары”, – падкрэсліла яна.
За актыўную пазіцыю ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, удзел у праектах і праграмах БРСМ І. І. Фадзеева ўручыла грамату абкама БРСМ В. Г. Навіцкай.
Дэлегаты канферэнцыі прызналі работу раённай арганізацыі за справаздачны перыяд здавальняючай, абралі новы склад раённага камітэта ГА БРСМ і раённай кантрольнай камісіі, дэлегатаў на абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю ГА БРСМ, прынялі зварот да моладзі раёна.
На першым пленуме раённы камітэт абраў першым сакратаром Юлію Яфрэмаву. На час, пакуль яна знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцём, абавязкі першага сакратара будзе выконваць Аляксандр Хмарын.
Алесь САКАЛОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *