О работе районной организации ОО «БелТИЗ» рассказывает её руководитель Г. Ф. Маркова

Актуалии Общество

Гэтыя людзі мужныя, яны ўмеюць перамагаць
Наш раён хутка адзначыць юбілейную дату – 10-годдзе з дня стварэння раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. Дарэчы, у лістападзе 2014  цалкам БелТІЗ адзначыць больш унушальны юбілей – 90 гадоў з часу заснавання.
З нагоды юбілейных і знамянальных падзей наша гутарка са старшынёй раённай арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку Галінай Фёдараўнай Маркавай.
– Галіна Фёдараўна, спынімся для пачатку на гісторыі заснавання  таварыства.
– У лістападзе 1924 года ў Мінску прайшоў арганізацыйны сход таварыства інвалідаў па зроку. Быў прыняты Статут. Зараз у ГА “БелТІЗ” уваходзіць 6 абласных арганізацый, якія аб’дноўваюць 142 пярвічныя арганізацыі і звыш 19 тысяч інвалідаў па зроку. Мы працуем, усяк стараемся быць карыснымі грамадству і дзяржаве, ствараем працоўныя месцы для інвалідаў. Прамысловасць аб’яднання спецыялізуецца на выпуску электратэхнічнай прадукцыі, фільтра-элементаў для аўтатранспартнай прамысловасці, вырабаў дрэваапрацоўкі і ўяўляе сабой  шырокую наменклатуру спажывецкіх тавараў. БелТІЗ з’яўляецца ўласнікам 14 унітарных прадпрыемстваў, на якіх працуе звыш 7 тысяч чалавек, у тым ліку 3,2 тысячы – інваліды па зроку. У нашай сістэме таксама 14 бібліятэк, спартыўныя залы, базы адпачынку, ПУП “Цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі”, санаторый “Пад’ельнікі”, інш.
– Адным словам, таварыства – сур’ёзная і аўтарытэтная арганізацыя. Галіна Фёдараўна, нашаму чытачу цікава было б ведаць, чым займаецца арганізацыя ў раёне, якія мерапрыемствы праводзіць.
– У раёне пражываюць 52 інваліды па зроку. Мы робім усё, каб якасць  жыцця інвалідаў паляпшалася. А для гэтага з дапамогай Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, абласных структур, ды і самі ладзім святы, урачыстасці. Напрыклад, па душы прыйшоўся нам канцэрт, прысвечаны Дню маці. Канцэрт паказалі выхаванцы Шумілінскай гімназіі. Прымаем удзел ва ўрачыстасцях з нагоды Дня пажылых людзей, праводзім месячнік “Чалавек з белым кіем” (дарэчы, выпусцілі да гэтага і буклет). Хочацца, каб грамадскасць пра нас не забывала, каб удзялялі ўвагу рэабілітацыі. Добрае і шчырае слова хачу сказаць тут работнікам ТЦСАН: дырэктару В. Р. Штуро, спецыялістам дзённага прабывання  інвалідаў Л. Р. Графскай, В. І. Шумілавай, загадчыцы аддзялення В. М. Пацэвіч. Усе яны ветлівыя, спагадлівыя і чулыя людзі. І не толькі яны – многія ў цэнтры.
Не забываем мы на дні юбіляраў, на мерапрыемствы, прысвечаныя сустрэчы Новага года, Дню жанчын.  Напрыклад, удзельнічалі ў конкурсе-візітцы з элементамі народных святаў і абрадаў “Каштоўныя драбніцы з роднай скарбніцы”, бралі ўдзел у мітынгу з нагоды перазахавання ў в. Дабея астанкаў салдат, якія загінулі ў гады вайны, супрацоўнічаем з раённай бібліятэкай, прыходзім на літаратурныя сустрэчы. Выязджаем і на абласныя мерапрыемствы. Трэба сказаць, нашы  справаздачы аб праведзенай рабоце часта змяшчае раённая газета “Герой працы”.
Дапамагае нам і гуманітарная дапамога.  Мы атрымалі 5 пар абутку вы-творчасці “Марка”, аказваецца адрасная дапамога, дапамагаюць і чулыя, спагадлівыя людзі. Падтрымлівае царква. Нашы людзі мужныя,  яны ўмеюць перамагаць бяду.
Запрашаем усіх  23 красавіка ў раённы цэнтр культуры на ўрачыстасці, прысвечаныя юбілею нашай арганізацыі. Пачатак мера-прыемства ў 11 гадзін. А ў заключэнні хачу павіншаваць членаў таварыства са святам, пажадаць усім здароўя, цярпення, моцнага духу і міру.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №30 ад 18.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *