Криминал. Происшествия

Происшествия

Золата
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася жыхарка в. Навікі, якая расказала, што ў яе дом праніклі невядомыя злодзеі і ўкралі залатыя ўпрыгожанні і грошы (4,5 тысячы долараў ЗША і 2 мільёны беларускіх рублёў).  Агульны ўрон, нанесены гаспадыні, ацэнены ў 50 мільёнаў рублёў. Злачынцы вышукваюцца.
Снарад
Жыхарка в. Надзежына на беразе Заходняй Дзвіны знайшла снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны і… прынесла яго ў свой дом.  Дзякуй Богу, усё абышлося: група размініравання з Віцебска снарад абясшкодзіла. Аднак супрацоўнікі РАУС нагадваюць жыхарам раёна: небяспечныя знаходкі, падобныя на міны ці снарады, нельга скранаць з месца, бо яны ў любы момант могуць узарвацца.
Грошы
Калі жыхарка Шуміліна знаходзілася ў гасцях у сваёй знаёмай, заўважыла, што з яе сумачкі ўкралі 800 тысяч рублёў. Як высветлілася, грошы ў сваю кішэню паклала жыхарка Светласельскага. Жанчына затрымана, супраць яе ўзбуджана крымінальная справа.
Прагульшчыца
Жыхарка Язвіна была раней судзімая за нявыплату сродкаў на ўтрыманне непаўналетняга сына, якога выхоўвае дзяржава. Жанчыну ўладкавалі на работу на адно з сельгаспрадпрыемстваў. Але ж яна не вельмі хацела працаваць, дапусціла 20 беспрычынных прагулаў на працягу трох месяцаў. Доўг перад дзяржавай склаў 1,4 мільёна рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Дача
У Обалі абрабавалі дачу жыхара Наваполацка. Злодзеі выставілі аконныя рамы і вынеслі з чужога дома газавы балон з рэдуктарам і асабістыя рэчы гаспадара.  Агульны ўрон ацэнены на 645 тысяч рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Не размінуліся
Індывідуальны прадпрымальнік з Віцебска на асабістым аўто “Форд-Фокус” на перакрыжаванні вуліц Юбілейная-Сіпко наехаў на аўтамабіль “Рэно” , якім кіраваў таксама жыхар Віцебска. Аўтамабілі пашкоджаны. На віноўніка аварыі скла-дзены адміністрацыйны пратакол, які адпраўлены для далейшага разгляду па месцы жыхарства.
Хуткасць
Жыхар Масквы, які ехаў на аўтамабілі “Пежо” па вуліцы Юбілейнай у Шуміліне, перавысіў устаноўленую хуткасць руху на 22 кіламетры ў гадзіну. Прычым, такое перавышэнне было ўжо ў другі раз на працягу года. Расіянін пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на паўгода.
Нецвярозы
Супрацоўнікі ДАІ спынілі на аўтадарозе Віцебск-Полацк вялікагрузны аўтамабіль “Івека”. Кіроўца, які працуе ў адной з расійскіх фірм, ехаў у Полацк. Стан алкагольнага ап’янення мужчыны можна было вызначыць нават без алкатэстара. Вадзіцелю пагражае штраф да 15 мільёнаў рублёў і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №31 ад 22.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *