Криминал. Происшествия

Происшествия

Наркотыкі
Узбуджана крымінальная справа супраць жыхара райцэнтра. Мужчына ў доме сваёй знаёмай, якая пражывае ў Светласельскім,  вырабіў з мэтай збыту каля трох кілаграмаў наркатычных сродкаў. Па заключэнні экспертаў, гэтыя наркатычныя сродкі з’яўляюцца марфінам. Мужчына арыштаваны і заключаны пад варту.
Пільнасць
Адзін з пільных жыхароў райцэнтра патэлефанаваў у міліцыю, калі ўбачыў маладога чалавека з веласіпедам. Дакладней кажучы, падазроным здаўся не хлопец, а багажнік веласіпеда, на якім былі прымацаваны некалькі сумак і  электрарухавік. Затрыманы  прызнаўся міліцыянерам, што ўсе рэчы крадзеныя.
Калі па месцы жыхарства маладога чалавека (ён родам  з Шуміліна, навучэнец аднаго з віцебскіх ліцэяў) зрабілі вобыск, знайшлі і яшчэ шмат рэчаў, аб прапажы якіх заяўлялі ў міліцыю жыхары раёна. Як высветлілася, злачынца, якому ўсяго 18 гадоў, меў пры сабе карту раёна, па якой і выбіраў найбольш глухія вёскі, куды ехаў на веласіпедзе. Пабываў у Данілаве, Слабодцы, Мазеках, Сянькове і іншых вёсках раёна. Краў усё, што траплялася пад руку: посуд, веласіпеды, электрарухавікі, сталярныя інструменты, пасцельную бялізну…  На яго рахунку каля дзясятка крадзяжоў.
Дача
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася жыхарка вёскі Ляжні, яна  паведаміла, што абрабавалі яе дачны дом у гэтай жа вёсцы. Рабаўнікі разбілі аконнае шкло, праніклі ў пакой, адкуль вынеслі чатырохканфорную газавую пліту “Гефест” і пяць алюмініевых казаноў.  Агульны ўрон, нанесены гаспадыні, складае 800 тысяч рублёў.
Па гарачых слядах супрацоўнікі РАУС знайшлі злачынцаў, імі аказаліся  двое мясцовых мужчын, якія працуюць жывёлаводамі ў ААТ “Ляжні”. Супраць іх узбуджана крымінальная справа.
Алюміній
Абрабавалі дом пенсіянера з вёскі Дубрава. Акрамя прадуктаў харчавання, злодзей паквапіўся на алюмініевыя рэчы – міскі, каструлі і бачкі. Урон, нанесены пацярпеламу, складае каля пяцісот тысяч рублёў. Устаноўлена, што абрабаваў пацярпелага яго зямляк, які нідзе не працуе.
*   *   *
У РАУС звярнулася жыхарка г. Наваполацка, якая мае дачу ў в. Долгія. Напярэдадні прыезду гаспадыні ў доме пабывалі злодзеі. Аб гэтым сведчыла разбітае аконнае шкло.
З пакоя прапаў алюмініевы посуд. Рабаўнік знойдзены, ім аказаўся жыхар в. Навікі.  Украдзенае канфіскавана. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Пажары
Сёлета ў раёне адбылося 36 пажараў. Агульны ўрон складае амаль сто мільёнаў рублёў. Адзін чалавек на пажары загінуў, чатыры атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці.
104 вадзіцелі без правоў
Аддзяленнем ДАІ РАУС  за студзень-лістапад бягучага года выяўлена 3341 парушэнне Правілаў дарожнага руху, 1724 парушэнні хуткаснага рэжыму. Без святловяртальных элементаў затрыманы 253 пешаходы, без правоў – 104 вадзіцелі.  29 службовых асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за выпуск на лінію тэхнічна няспраўных транспартных сродкаў.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №96 ад 13.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *