По итогам подворного обхода прошёл объезд в Добейском сельсовете

Актуалии Президент Сельское хозяйство

У цэнтры ўвагі – Дабейскі савет
У мінулую пятніцу па выніках падворнага абходу прайшоў аб’езд у Дабейскім сельсавеце. У ходзе аб’езду наведалі сацыяльныя і вытворчыя аб’екты ў Дабеі і ААТ “Прыазёрны мір”.
Пачаўся аб’езд з вёскі Дабея –  з магазіна, пад які ААТ “Прыазёрны мір” пераабсталёўвае закінуты жылы дом. Як расказаў дырэктар ААТ “Прыазёрны мір” А. М. Пытко, праз магазін будзе рэалізоўвацца прадукцыя прадпрыемства, перапрацоўчых арганізацый, іншыя прадукты, акрамя алкаголю. Нацэнкі на прадукты будуць ніжэй, чым у іншых гандляроў, таму будзе карысць і вяскоўцам, і прадпрыемству. Дарэчы, магазін складзе канкурэнцыю існуючым гандлёвым кропкам райспажыўтаварыства і мясцовага прадпрымальніка.
У Дабеі была звернута ўвага на работу з насельніцтвам па навядзенні парадку ля сваіх падворкаў. Чаму ля адных падворкаў парадак, чысціня, пафарбаваная агароджа, а другія пальцам аб палец не ўдараць, каб паправіць пахілены плот ці замяніць яго. “Можа, хопіць угаворваць і выдаваць бясконцыя прадпісанні? Можа, трэба ўжо і ўладу прымяніць?” – запытаў старшыня райвыканкама.
Далей група накіравалася да вытворчых аб’ектаў ААТ “Прыазёрны мір”: на фермы Дабея-1 і Дабея-2, Непароты, мехдвор у Войлавічах.
Малочнатаварны комплекс, пабудаваны ў 70-я гады мінулага стагоддзя, быў калісьці адным з буйнейшых у раёне. Але час браў сваё, зараз стан комплексу не самы лепшы. А. М. Пытко расказаў, што прадпрыемства вядзе рэканструкцыю ўласнымі сіламі, з падтрымкай раённых арганізацый: ад фермы ўбіраюць гной, наводзяць парадак на прылеглай тэрыторыі. Пачалі рамонт першага вытворчага памяшкання былога комплексу. Пасля рамонту тут плануюць размясціць маладняк гусей для гадоўлі. Наогул, малады кіраўнік прадпрыемства лічыць, што гэтая новая для нас галіна жывёлагадоўлі дазволіць гаспадарцы выйсці на прыбытковую работу. Пад гусяферму на 2 тысячы птушак вядзецца пераабсталяванне яшчэ аднаго памяшкання – на ферме Непароты.
“У Аляксея Мікалаевіча ёсць вопыт работы на птушкафабрыцы, ён узяўся за гэтую справу, як добра вядомую. Трэба – разводзьце  авечак, свіней, курэй – галоўнае, каб яны прыносілі даход”, — падкрэсліў У. П. Куранны.
У Дабеі паказалі і яшчэ адно вынаходніцтва – у кароўніку  ўласнымі сіламі зрабілі светлавыя вокны ў бетонным даху, замянілі “лямпачкі Ільіча” на светадыёдныя свяцільнікі. Гэта ў некалькі разоў зменшыла спажыванне электраэнергіі на ферме. Работы яшчэ шмат: аварыйныя памяшканні трэба зносіць, у іншых праводзіць рэканструкцыю, трэба агароджваць тэрыторыю, наводзіць парадак на прыфермскіх землях, але галоўнае, што работа пачалася, яна вядзецца, і ў кіраўніцтва гаспадаркі ёсць бачанне таго, што жадаюць атрымаць у выніку.
У Войлавічах удзельнікі аб’езду наведалі мехдвор гаспадаркі (адзін з трох). На мехдвары парадак, тэрыторыя абнесена агароджай з сеткі-рабіцы. Запланавана падсыпка шчэбенем, каб тэхніка і механізатары ў дождж не мясілі гразь, а маглі працаваць у спрыяльных умовах.
Па тых пытаннях, што ўзняты насельніцтвам у ходзе падворнага абходу, прызначаны адказныя асобы і ўстаноўлены тэрміны выканання. Пытанні знаходзяцца на кантролі ў райвыканкаме.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №31 ад 22.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *