Жизнь без алкоголя — главное иметь желание

Общество

“Галоўнае – жаданне змяніць сваё жыццё”
На тэрыторыі Мікалаеўскага сельсавета на ўліку стаяць 5 сем’яў (у іх выхоўваюцца 10 дзяцей) , якія прызнаны як сацыяльна небяспечныя. “Бяда ў асноўным адна – злоўжыванне спіртным, – кажа старшыня Мікалаеўскага сельвыканкама У. А. Сядлоўскі. –  На жаль, на шлях выпраўлення становяцца адзінкі…”.
Але ёсць і людзі, якія могуць для выпівох служыць прыкладам. Сярод такіх – Алена з Мікалаева. “Што было – тое было, гэтага ж са сваёй біяграфіі не выкінеш, – кажа жанчына. – Галоўнае – спыніцца”.
А ў жыцці было ўсяго..  Не выхадзіла на работу з-за  запояў. Не хацела ні працаваць, ні дзяцей даглядаць.  Бегла хутчэй у магазін за чарговай бутэлькай. Сям’ю, дзе выхоўваецца трое дзяцей, прызналі ў сацыяльна небяспечным стане.
“Я з жудасцю ўспамінаю гэты этап свайго жыцця, – кажа Алена. – Задаволена, што знайшла сілы, што хапіла смеласці закадзіравацца. Зараз зусім іншае жыццё.  Я вельмі ўдзячна  свайму працоўнаму калектыву  за падтрымку. У маёй сітуацыі вельмі важна было разуменне людзей, і яны пайшлі мне насустрач”.
Амаль два гады Алена жыве без спіртнога. Сям’ю знялі з уліку.   “Жыву добра і спакойна, – усміхаецца субяседніца. – Галоўнае, што мае дзеці са мной”.
Шматдзетнай сям’і  КУСГП “Ульскі” выдзеліў  дом сядзібнага тыпу. Цяпер галоўны клопат – навядзенне парадку ў хаце і на падворку. Паспелі пафарбаваць падлогу і столь, паклеіць шпалеры. Сыны з бацькам робяць ля дома гульнявую пляцоўку. На ўласным мотаблоку ўзорваюць агарод. “Гэта мне раней нічога не трэба было, –  прызнаецца жанчына. – А зараз і фарбы накупляла, і насення гародніны, і кветак. Хачу, каб ля дома было акуратна і прыгожа”. А яшчэ ў жанчыны ёсць  дадатковы заробак: збірае і прадае ягады. Зразумела, чарніц ці малін назбіраеш толькі летам, а вось ў журавіны хадзіла нядаўна – у красавіку.
У Мікалаеўскім садку задаволены работай Алены . Яна ў адказе за парадак на тэрыторыі, робіць клумбы, саджае кветкі. “Наша Алена – майстар на ўсе рукі, – кажа загадчыца сада Л. А. Ніканава. – Яна спрытная, энергічная,  настойлівая. Калі паставіць перад сабой мэту –  абавязкова дабіваецца яе”.
Пытаемся ў Алены, што яна параіць тым маці, якія злоўжываюць спіртным. “Калі вам дарагія дзеці, выйсце адно – закадзіравацца, –  кажа жанчына. – Толькі пры гэтым трэба самой мець вялікае жаданне змяніць жыццё. І тады ўсё абавязкова атрымаецца”.
Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *