В Шумилино приём граждан провёл депутат Палаты представителей В. В. Шитько

Актуалии Общество

Як “перасяліць” кантэйнеры і “нагрэць” ваду
У чацвер, 24 красавіка, “прамую лінію” і прыём грамадзян у нашым раёне правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. У. Шыцько.
За дапамогай у вырашэнні жыццёвых праблем да яго звярнуліся двое шумілінцаў. Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў такі факт станоўча, бо сведчыць гэта, як правіла, пра тое, што ўсе пытанні своечасова вырашаюцца мясцовымі ўладамі.
Палічыла неабходным прыйсці на сустрэчу з дэпутатам сямейная пара з  дома №27 па вуліцы Піянерскай. Людзі прасілі перанесці кантэйнеры для смецця далей ад іх дома.
Па словах пенсіянераў, месца, дзе стаяць сёння кантэйнеры,  не дазваляе камунальнікам вывозіць смецце, не псуючы газон. Да таго ж,  спецыяльная машына ці трактар праходзяць ушчыльную да падмурка, што таксама дрэнна: ён ужо даў трэшчыну.
Трэба сказаць, што гэта справа цягнецца яшчэ з 2010 года, і на руках у людзей ужо ёсць адпаведнае прадпісанне санітарнай службы аб тым, што кантэйнеры ўстаноўлены з парушэннем нормаў. У той жа час сёння цяжка знайсці месца, куды можна было б перанесці гэтыя скрыні для смецця. Пра што казалі і  галоўны санітарны ўрач раёна С. А. Конышаў, і галоўны архітэктар З. А. Мясаедава. Сышліся на тым, што будзе створана спецыяльная камісія, якая ў самы бліжэйшы час пабывае на месцы, і пытанне ўсё ж будзе вырашана так, каб максімальна ўлічыць інтарэсы ўсіх.
Па тэлефоне да дэпутата звярнулася жыхарка так званага раёна МСО з просьбай перагледзець тарыфы па аплаце электраэнергіі для людзей, якія вымушаны карыстацца воданагравальнікамі з-за адсутнасці ў іхніх дамах гарачага водазабеспячэння. У адзін са сваіх мінулых візітаў Уладзімір Уладзіміравіч прымаў такую просьбу. Ён расказаў, што звяртаўся ў Міністэрства энергетыкі, дзе яму адказалі, што ніякіх змен не будзе. І наогул з 1 студзеня 2015 года насельніцтва будзе аплачваць 100%  расходаў за электраэнергію. Дэпутат даў жанчыне канкрэтныя парады як чалавек, які таксама заклапочаны тым, каб карыстацца гарачай вадой, але пры гэтым эканоміць.
Таксама Уладзімір Уладзіміравіч даў зразумець, што памятае пра наша жаданне хутчэй адрамантаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс і шукае магчымыя варыянты, каб дапамагчы ў гэтым.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *