Ветераны Великой Отечественной

Людзі і лёсы

Пайшоў на фронт у 18 гадоў
У Лявонція Яфімавіча Гарбакова з вёскі Сінякова, што на Каўлякоўшчыне, багата ўспамінаў. Кажа, што не дарэмна пражыў свае дзевяноста гадоў (сёлета святкуе юбілей): у час Вялікай Айчыннай вайны абараняў Радзіму, у мірны час працаваў у калгасе, разам з жонкай выхавалі траіх дзяцей.
Ветэран мае ордэн Айчыннай вайны, шматлікія медалі, якімі вельмі ганарыцца. Лявонцій Яфімавіч служыў у войсках 1-га Беларускага фронту.  “Помню многае з таго страшнага ліхалецця, – кажа ветэран. – Трапіў я на фронт у 18 гадоў. У чэрвені 1944 года, нас, вясковых юнакоў, сабралі ў Бешанковічах, потым павезлі ў Лепель. Я трапіў у 329-ы стралковы полк, быў стралком. Маёй баявой зброяй быў станкавы кулямёт “максім”, які важыў больш за семдзесят кілаграмаў”.
Кулямётчыкі павінны былі знішчаць фашыстаў  на баявых пазіцыях. “Колькі іх было знішчана – дакладна не магу сказаць, – працягвае ветэран. – Многа. Запомніліся жорсткія баі ля літоўскага горада Шаўляй. Вельмі многа там палягло баявых таварышаў”. Падчас аднаго з баёў паранілі і Лявонція Яфімавіча. “Урачы потым гаварылі, што я нарадзіўся ў кашулі: пашанцавала, што рана была скразной, інакш бы мог і не выжыць, – кажа ветэран. – Я доўга лячыўся ў шпіталі ў Ніжнім Тагіле, бо былі закрануты жыццёва важныя органы. З-за гэтага доўгі час не працавала рука. Тут жа, у шпіталі, і сустрэў Перамогу. Быў звольнены з арміі ў запас толькі 13 чэрвеня 1945 года”.
Лявонцію Яфімавічу далі другую групу. У дваццаць гадоў. “З-за гэтага адчуваў сябе вельмі няёмка, мне было нават сорамна, – прызнаецца Л. Я. Гарбакоў. – Пачаў упрошваць урачоў, якія былі ў камісіі, зняць мне гэту групу. Спачатку яны адмовілі мне, але мая настойлівасць перамагла”.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны Лявонцій Яфімавіч вярнуўся ў роднае Сінякова. Уладкаваўся працаваць у калгас “Рассвет”, адсюль і пайшоў на заслужаны адпачынак.
“Пашанцавала, што застаўся жывы”
Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Пусташы Івану Сямёнавічу Абраменку 28 красавіка споўнілася 90 гадоў. Павіншаваць ветэрана з гэтай шаноўнай датай прыехалі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава, старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч, артысты аўтаклуба раённага Цэнтра культуры.
Іван Сямёнавіч добра памятае вайну.  У 1944 годзе пусташанскія хлопцы атрымалі павесткі. Моладзь з усяго Клётчанскага сельсавета сабралася ў вёсцы Ушалы. “Потым нас расфарміравалі каго куды, – згадвае ветэран. – Я трапіў у 154-ы стралковы палк  51-ай гвардзейскай стралковай дывізіі  1-га Беларускага фронту. Наша дывізія ўдзельнічала ў шматлікіх баях. Ваявалі на тэрыторыі Літвы, вызвалялі горад Шаўляй”.
Перамогу Іван Сямёнавіч сустрэў у Берліне. У складзе  150-ай стралковай дывізіі ўдзельнічаў у штурме Рэйхстага.
“Ужо потым, пасля баёў, майго ранення ў руку і працяглага лячэння ў шпіталі я многа разважаў над гэтай вайной, – кажа ветэран. – І прыйшоў да высновы, што няма такой улады і такога багацця, на якія б можна было прамяняць чалавечыя жыцці. Мне вельмі пашанцавала, што застаўся жывы на гэтай вайне. Вельмі многа маіх знаёмых не вярнулася з поля бою”.
За баявыя заслугі і мужнасць, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, І. С. Абраменка ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і двума ордэнамі Айчыннай вайны. Мае Іван Сямёнавіч і шмат медалёў.
Пасля вайны ветэран вярнуўся ў родныя Пусташы. Спачатку працаваў у калгасе, а потым рабочым у ДРБУ-52, філіял якога быў у Обалі.  З жонкай Сафіяй Андрэеўнай Іван Сямёнавіч пражыў разам 64 гады.  Выхавалі чацвёра дзяцей, маюць столькі ж унукаў. Уся вялікая сям’я, суседзі і знаёмыя віншавалі ветэрана з юбілеем і з надыходзячым Днём Перамогі.
Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *